Канфлікт светапоглядаў

Канфлікт Партыі КХП–БНФ з гісторыкам Ігарам Кузняцовым знайшоў абсурдны працяг.



Ігар Кузняцоў


7 лістапада Ігар Кузняцоў прыехаў у Курапаты і ўбачыў сябраў КХП–БНФ Валера Буйвала і Алеся Чахольскага, калі тыя выносілі парэшткі фундамента ад памятнага знаку польскім афіцэрам.


 «Мы нічога не ламалі. Калі мы з Алесем Чахольскім сюды прыйшлі, тут ужо было смецце. Мы яго сабралі ў мяхі і частку адцягнулі на сметнік», — патлумачыў для Радыё «Свабода» Валер Буйвал.


Ігар Кузняцоў выклікаў міліцыю.


«Яны ўстанавілі новы крыж менавіта на месцы скрадзенага мемарыяльнага знаку афіцэрам польскага войску. Пабачылі нас, схапілі польскі сцяжок з суседняй магілы ды прыладзілі да гэтага крыжа. Я не ведаю, што мне яшчэ каментаваць у гэтай сітуацыі. Не я ж адзін там быў, быў гісторык Раманоўскі са мной, журналісты, — распавядае пра сутычку Кузняцоў. — Валер Буйвал у каментарах мяне называе падпалкоўнікам. З майго боку больш не будзе ацэнак персаналій. Яны кажуць, што прыбіраліся ў Курапатах, але ў міліцэйскім пратаколе зафіксавана, што частка фундамента ляжыць на полі побач з мемарыялам, арматура — у суседнім пахаванні. Напярэдадні я казаў, што ніхто нікому не можа забараніць наведваць пахаванні. І вось такія паводзіны з боку КХП–БНФ».


Сведка інцыдэнту ў Курапатах гісторык Уладзімір Раманоўскі пацвярджае словы Кузняцова: «Я падкрэслю, гэты канфлікт не паміж гісторыкам і КХП–БНФ. Рашэнне ўстанавіць памятны знак было прынятае камітэтам памяці ахвяраў камунізму. Трэба адыйсці ад персаналій. Праблема не ў асобах, а ў ацэнках падыходу да пытання. Гэта канфлікт светапоглядаў. А Кузняцоў стаў быццам громаадводам, ён купіў гэта памятны знак за свае грошы, а я асабіста рабіў падмурак для знака. Таму я б назваў спробу скіраваць віну на Кузняцова як абразу ўсяго камітэта. Ведаеце, калі прадстаўнікоў «Мемарыяла» абзываюць ледзьве не маскальскімі стаўленікамі, то што можна казаць... Яшчэ раз падкрэслю — гэта канфлікт светапоглядаў».


 

Каментаваць