Кансалідацыя дзеля захавання статусу Курапатаў і яго ахоўных зон

Неабходна кансалідацыя грамадства дзеля захавання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты” і яе ахоўных зон. Да такой высновы прыйшлі удзельнікі нарады экспертаў, што адбылася 27 снежня ў Мінску.



На нарадзе адзначалася, што пасля ўсебаковага, у тым ліку і юрыдычнага аналізу  дакументацыі па сітуацыі вакол мемарыялу “Курапаты”, эксперты прапануюць свае высновы ўсім грамадскім структурам, што займаюцца праблемамі ўрочышча. Гаворка ідзе пра грамадскае аб’яднанне “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”, актывістаў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ і грамадскую ініцыятыву “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”. Акрамя таго, мяркуецца далучыць да экспертнай працы спецыялістаў, у тым ліку навуковага кіраўніка Курапатаў, архітэктара Маю Кляшторную і старшыню Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча.

Дарэчы, удзельнікі нарады падтрымалі зварот спадара Антона ў Генеральную пракуратуру, што тычыцца неадпаведнасці рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, якая 29 лістапада ўзгадняла праект зон аховы помніка гісторыі і археалогіі, зместу пратаколу пасяджэння рады за подпісам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко.               

За ягоным жа подпісам інжынер-будаўнік Таццяна Колышава атрымала чарговы адказ на сваё ліставанне з дзяржаўнымі органамі наконт незаконнасці пабудовы рэстаранна-забаўляльнага комплексу з заходняга боку Курапатаў. Яна падкрэсліла, што адказ спадара Яцко ад 16 снежня яшчэ раз пацвердзіў парушэнне заканадаўства з боку чыноўніцтва, якое спачатку павінна было зацвердзіць праект зон аховы мемарыялу, а толькі потым — праект дэталёвага планавання тэрыторыі вакол урочышча.  

Старшыня “Хрысціянскай злучнасці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч пазнаёміў з гісторыяй дзейнасці грамадскага аб’яднання па захаванню народнага мемарыялу і ўшанавання памяці бязвінных ахвяраў сталінізму, забітых ва ўрочышчы, а сябра рады “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Алесь Макаў — з комплексам нарматыўна-прававой дакументацыі па сітуацыі вакол нацыянальнага некропалю.

Рэдактар электроннага архіву “Вытокі” Вацлаў Арэшка адзначыў, што 18 студзеня спаўняецца 25 год з дня прыняцця пастановы Савета міністраў БССР “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у лясным масіве Курапаты”, ні адзін з пяці пунктаў якой так і не выкананы да гэтай пары. На ягонае меркаванне, у сувязі з юбілеем пастановы неабходна звярнуцца ва ўрад з прапановаю пра арганізацыю адпаведнай дзяржаўнай структуры па вывучэнню прычынаў і наступстваў палітычных рэпрэсій ў Беларусі, а таксама па ўстанаўленню імёнаў ахвяраў і катаў гэтай нацыянальнай трагедыі.

Каментаваць