Канвеер смерці

Абаронцаў жывёл падзякавалі за «актыўную грамадзянскую пазіцыю». І прапанавалі правесці сумесныя рэйды «па тлумачальнай працы сярод насельніцтва» пра неабходнасць стэрылізацыі хатніх гадаванцаў. Такі адказ атрымала аб’яднанне «Эгіда» на свой зварот у Мінгарвыканкам з просьбай дапамагчы ў адкрыцці прытулку для бяздомных жывёл.



Абаронцаў жывёл падзякавалі за «актыўную грамадзянскую пазіцыю». І прапанавалі правесці сумесныя рэйды «па тлумачальнай працы сярод насельніцтва» пра неабходнасць стэрылізацыі хатніх гадаванцаў. Такі адказ атрымала аб’яднанне «Эгіда» на свой зварот у Мінгарвыканкам з просьбай дапамагчы ў адкрыцці прытулку для бяздомных жывёл.

Кіраўнік «Эгіды» Наталля Бялянава накіравала ў мінулым месяцы ліст асабіста старшыні гарвыканкама Мікалаю Ладуцьку. А атрымала на яго адказ ад выканаўцы абавязкаў гендырэктара «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Віктара Дзюбанава. Ён прапанаваў таксама паўдзельнічаць у праверках па выкананні правіл утрымання і выгулу хатніх жывёл і выяўленні незарэгістраваных. А напрыканцы выказаў спадзяванне, што такое супрацоўніцтва «дасць станоўчы вынік у галіне абыходжання з жывёламі ў г. Мінску».

«Ніводнага пытання да грамадзяніна Дзюбавана ў нас не было, — адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Эгіда» Наталля Бялянава. — І падобна на тое, што ён не зусім разумее, з якой нагоды нам піша».

«Эгіда» і раней звярталася і да кіраўнікоў Мінгарвыканкама, і да прэзідэнта. Праблему «адфутбольваюць» іншым ведамствам, і дагэтуль яна не зрушылася з мёртвай кропкі. «Для адкрыцця прытулку не патрэбна вялікіх фінансавых укладанняў, — падкрэсліла Наталля Бялянава. — «Эгіда» і валанцёры гатовы па-ранейшаму даглядаць жывёл, забяспечваць харчаваннем, лячэннем і шукаць ім гаспадароў. Ад гарадскіх уладаў мы просім пасадзейнічаць толькі ў адным — выдзеліць будынак. Гэта быў бы першы афіцыйны прытулак для бяздомных жывёл».

Для ўтрымання жывёл зоаабаронцы арэндуюць дамы, у тым ліку за горадам. Штодзённыя паездкі валанцёраў цягнуць за сабой затраты часу і выдаткі на дарогу. Яшчэ год таму аб’яднанне «Эгіда» прасіла пад уладкаванне прытулку адзін з пустуючых дамоў у Мінску. І звярнулася да яго ўладальніка — «Мінсккаапдругрэсурсы», але адказу так і не атрымала. Затое, не клапоцячыся пра дазволы, будынак аблюбавалі бамжы.

У «Эгідзе» таксама лічаць, што ў Мінску магчыма адкрыць і яшчэ адзін прытулак. Яго можна ўтрымліваць за кошт тых сродкаў, якія людзі адлічаюць за валоданне сабакамі. І на гэтыя сродкі ў Мінску пачалі будаваць гасцініцу для жывёл, у якіх ёсць гаспадары. «Безумоўна, гасцініца для хатніх жывёл — гэта добрая справа. Але яе павінна пабудаваць дзяржава. Гэта ж стане камерцыйным праектам, бо за часовае ўтрыманне жывёл гараджане будуць плаціць. А за нашы грошы, якія гадамі складаліся ад збору за валоданне сабакамі, мы хочам, каб пабудавалі прытулак, а не камерцыйнае прадпрыемства для дзяржаўнага аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка», — заявіла Наталля Бялянава. Яна паведаміла, што за прапанову зрабіць замест гасцініцы прытулак ужо распачаўся збор подпісаў.

Раней валанцёры дапамагалі даглядаць і за адлоўленымі жывёламі ў дзяржаўным прадпрыемстве «Фаўна горада». За свае грошы яны лячылі жывёл у ветэрынараў, рабілі прышчэпкі, стэрылізавалі, шукалі ім гаспадароў. Але з прыходам новага дырэктара, Аляксандра Тамашэўскага, валанцёраў адхілілі ад гэтага занятку. Яны распавялі, што зараз «Фаўна», якая часта ў СМІ выдаецца за «прытулак», ператварылася ў канвеер смерці. Жывёлам не аказваецца элементарная медыцынская дапамога, не кажучы пра прышчэпкі ці пазбаўленне ад глістоў і паразітаў. Уся праца ветэрынараў зводзіцца выключна да ўсыплення жывёл. Іх уладкаванне, па меркаванні валанцёраў, не ставіцца за мэту. Дарэчы, гасцініца для хатніх жывёл будзе ўзводзіцца насупраць «Фаўны горада».

Толькі за апошнія паўтары гады валанцёры (іх зараз 80) і «Эгіда» выкупілі ў «Фаўны горада» больш 500 сабак. Гэта дадзеныя на пачатак лета. А ўсяго за гэты перыяд у іх атрымалі прытулак 1218 жывёл, і для 841 з іх знайшлі гаспадароў. «Усе жывёлы, якія выкупляюцца з «Фаўны горада», хворыя. Спачатку іх трэба вылечыць, некаторыя паміраюць, нічога зрабіць немагчыма. Пасля мы іх прышчэпліваем. І толькі потым стэрылізуем. На «Фаўне» забаранілі лячыць і прышчэпліваць. Адлоўленыя здаровыя жывёлы там падхопліваюць вірус, захворваюць, і іх усыпляюць па «інфекцыйнаму захворванню». Выжыць там немагчыма, калі не пагалоўна прышчэпліваць і лячыць захварэлых. Маецца ліцэнзія і на аказанне ветэрынарных паслуг. Але асноўная «паслуга» — гэта ўсыпленне», — кажа Наталля Бялянава.

Улады Масквы забаранілі адлоў сабак і катоў з мэтай іх знішчэння. Уведзены меры па масавай стэрылізацыі жывёл. Падобныя захады зроблены і ў іншых гарадах Расіі. «Гуманныя адносіны да жывёл з боку чыноўнікаў і дзяржавы толькі ўздымуць іх рэпутацыю ў вачах свайго народа і іншых краін. Але пакуль у нас забойства адлоўленых жывёл застаецца адзіным рашэннем праблемы», — адзначыла кіраўнік «Эгіды».
------------------------------------------------------------------------------------

Бялянава Наталля. Старшыня праўлення ГА «Эгіда», былы намеснік дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Фаўна горада». Замужам, мае сына. Выхаванцы: ірландскі сетэр, дварнягі Ёлка і Мус, каты Марго, Саманта, Марчэла, Мішэль.

 

Каментаваць