Капрамонтныя пакуты Ігара Васільева

Чатыры гады жыхары дома №16 па вуліцы Фабрычнай у Мінску чакалі капітальнага рамонту — першага для дома, збудаванага яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Нарэшце сёлета ў сакавіку рамонт распачалі, аднак далёка не ўсе задаволеныя тым, як ідуць працы.

Верхні зашклёны балкон да рамонту


Мясцовы жыхар Ігар Васільеў звярнуўся ў «Новы Час», каб падзяліцца сваёй бядой і знайсці падтрымку.

 

«Будаўнічая арганізацыя пачала рамонт з таго, што рабочыя разламалі ўсе падвалы — маўляў, там знаходзяцца стаякі водазабеспячэння і каналізацыі, якія трэба замяніць. Падвалаў у пад’ездзе дваццаць, а стаякі месцяцца ўсяго ў чатырох з іх (у маім падвале стаяка няма). Я ім (будаўнікам. — Т.Ш.) кажу — калі вам трэба, падыдзіце да мяне, я вам адчыню падвал. Не пакідаць жа дзверы наўпрост раскрытымі! А вынесці рэчы, якія там захоўваюцца, мне няма куды. Прайшоў дзень, два, тры — нікога няма. А пасля прыйшлі рабочыя і ламамі паразбівалі дзверы і замкі, а ўсё, што было ўнутры — нехта парасцягаў, пакраў...» — распавядае Ігар Васільеў.


Падвал пасля разбурэння.


 

Паводле словаў мужчыны, у падвале на той час захоўваліся старэнькі ровар, невялікі плуг, зараднае прыстасаванне для аўтамабіля, вазок. Ігар Васільеў напісаў заяву ў міліцыю, аднак атрымаў адказ, што ягоныя рэчы каштоўнасцяў не ўяўляюць, а таму заводзіць крымінальную справу не будуць.

 

«Спыталіся, колькі я хачу кампенсацыі. Я кажу — тры мільёны. Яны — ой, гэта шмат, вашы рэчы столькі не каштуюць. Тым больш, ровар стары. Стары-та стары, але дзе ж мне цяпер хоць стары ўзяць? Так гэтую справу і замялі», — абураецца Ігар Васільеў.


Зашклёны балкон да рамонту

 

Цяпер ад мужчыны патрабуюць разбіць шкло на балконе: «Балкон у мяне зашклёны — яшчэ ў 90-я гады за свой кошт усталявалі ў рамах шкло, бо балконныя дзверы моцна прадзьмувала, а батарэя ля балкона амаль не грэе. Цяпер ім гэтае шкло таксама замінае выконваць нейкія працы, але ўжо ламаць баяцца, бо ведаюць, што я ў міліцыю звярнуся. Выслалі прадпісанне — маўляў, не зламаеце самі, пададзім у суд. Пры гэтым мяняць драўляныя рамы, якія за паўстагоддзя струхлелі, ніхто не збіраецца. І батарэю ля балкона гатовыя рамантаваць толькі за мой кошт. Атрымліваецца, я павінен сам усё разбіць, пасля сам усё наноў зашкліць — і гэта яны так правялі капрамонт?»


Балконныя дзверы, якія ЖЭС адмаўляецца мяняць


У Ігара Васільева маюцца і іншыя прэтэнзіі да супрацоўнікаў ЖЭСа. Мужчыну турбуе, што ў кватэры холадна, аднак кіраўнік ЖЭСа адмовіў у рамонце ацяпляльнай сістэмы (толькі за свой кошт) — маўляў, 19 градусаў цяпла мінімальная, аднак дапушчальная тэмпература. І гэта нягледзячы на тое, што ў кватэры пражывае старэнькая бабуля — маці Ігара Васільева, а ў суседзяў з іншых паверхаў — 22 градусы цяпла.

 

«На калідоры старыя скрыні ад лічыльнікаў выламалі, паставілі новыя металічныя. А лічыльнікі засталіся старыя, у новыя скрыні не ўлезлі. Пішуць — маўляў, вы павінны за паўмільёна набыць новы лічыльнік. Дык гэта ж вы самі рабілі, вы ж маглі адразу паглядзець, якія там лічыльнікі, ці падыдуць яны для новых скрыняў. У ваннай прабілі перакрыцці, мянялі стаякі, дзіркі замазалі бетонам. Гідраізаляцыю ніхто не праводзіў, сапсаваныя столі не перафарбоўвалі. З-за будаўнічых прац дзе-нідзе адвалілася кафля, ніхто яе аднаўляць, канешне, не збіраецца. У мяне працякала ванная, папрасіў паправіць — пытаюць, кватэра прыватызаваная? Значыцца, плаціце. Дык я ж вам з года ў год штомесяц плачу немалыя грошы на «капрамонт», на тэхабслугоўванне!» — усклікае Ігар Васільеў.


Столь ваннай пасля рамонту


 

Паводле слоў мужчыны, іншыя жыхары вырашылі не пераймацца сваркамі з ЖЭСам і аплочваюць рамонт самі: «Ім усё да лямпачкі. Яны ціха і спакойна ўсё мяняюць за свой кошт».

 

Камусьці праблемы Ігара Васільева могуць падацца дробнымі — маўляў, чаго перажываць з-за падвала і балкона, аднак такіх сітуацый хапае ў кожным доме, які дажыў да капрамонту. І ніхто з чыноўнікаў дагэтуль ясна не адказаў, чаму яшчэ некалькі гадоў таму падчас капітальнага рамонту жыхарам мянялі рамы, клалі новую кафлю ў калідорах, ставілі драўляныя шклопакеты, а цяпер усё звялося да замены пары-тройкі труб? Адказ відавочны — няма грошай. Але чаму крайнімі выходзяць жыхары, які спраўна шмат гадоў плацілі грошы на рамонт?

 

У Ігара Васільева сваё пытанне, якое ён задаваў некалькі разоў за нашу размову: «Ці адносяцца жыхары дома №16 па вуліцы Фабрычнай да катэгорыі «беларускі народ», пра які клапоціцца наша адміністрацыя?»

 

А як у вас праходзіў капітальны рамонт? Пакідайце свае ўражанні ў каментарах.

Каментаваць