Карнавал святла і фарбаў: у Гомелі прайшоў першы фэст святла (+відэа)

У гомельскага фестываля агня GOFF з’явіўся зімовы адпаведнік — у горадзе над Сожам 12-13 лютага прайшоў першы міжнародны фэст светлавых відовішчаў.



Ідэя мерапрыемства была часткова запазычаная з Яраслаўля і Новасібірска, дзе праводзяцца фестывалі “Паўночнае ззянне” і “Лёд і полымя”. Гэты від светлавых відовішчаў з’явіўся не так даўно, але развіваецца імклівымі тэмпамі па ўсім свеце і цяпер прыйшоў і ў Беларусь.
 
 
Па задумцы арганізатараў Gomel Light Fest мае стаць рэгулярным фестывалем для адмыслоўцаў у сферы шоў з выкарыстаннем светлавых элементаў. Каля 20 калектываў і артыстаў з Беларусі, Украіны і Расіі выступілі ў гарадскім цэнтры культуры і спаборнічалі ў адмысловых намінацыях за права звацца лепшымі. 
 
 
Аксана Азарава, культарганізатар ГЦК:
 
— Мы ахапілі абсалютова розныя віды светлавога шоў спалучыўшы ў адно і жангляж, і харэаграфію, і  светладыёды з дымавымі ўстаноўкі. Менавіта таму ў нас атрымалася вельмі яркае шоў. 
 
Gomel Light Fest – зімовы аналаг нашага фестываля агня і будзе мець скарочаную назву GOLF. 
 
Часта ацэньваць артыстаў было складана праз абсалютова розную тэхніку выступа. Свае праграмы паказвалі як прафесійныя калектывы, так і асобныя майстры неонавага шоў.
 
 
Юля Анас, кіраўніца цыркавой студыі “Менестрэлі” (Чарнігаў):
 
— Мы ўпершыню ўдзельнічаем у падобным фестывалі і прывезлі сваю светладыёдную праграму. Наогул з агнём на фаершоў працаваць лягчэй — абмакнуў у керасін, падпаліў і пайшоў, а тут даводзіцца правяраць  розныя батарэйкі, кантакты і дроты. Але ў выніку атрымліваецца значна больш неардынарнае відовішча.
 
Акрамя правядзення спаборніцтваў у межах гала-канцэрта адмыслоўцы правялі шэраг майстар-класаў, на якіх вучылі танюткасцям сваёй прафесіі ўсіх зацікаўленых.
 
 
Кацярына Шанько, артыст (Мінск):
 
— На гомельскім фестывалі я правяла шэраг майстар-класаў і выступіла сольна. Я прафесійна займаюся веерам, у асноўным розныя аўтарскія элементы. Спрабую практыкаваць нестандартны падыход да звычайнага абсталявання ў гэтым накірунку. Калі казаць у цэлым, то у светладыёднага абсталявання ёсць свае асаблівасці ў адрозненне ад агнявога. Тут абсалютова розная тэхніка і падача. Напрыклад у вогненным шоў заўжды ёсць рызыка і небяспека, нейкая аўтэнтыка ва ўзаемадзеянні жывога агня і чалавека. Неонавае шоў у гэтым плане больш сучасны накірунак. Тут можна дадаць дым, можна ўсё абыграць святлом, адным дотыкам змяняць усе колеры і настрой. 
 
 
Адным з новых відаў мастацтва, прэзентаваным гомельцам было маляванне карцін з дапамогай святла. Выкшталцоныя матывы, узоры, краявіды і чароўныя героі паўставалі на адмысловай карціне і знікалі з часам у цемры пераўтвараючыся ў нешта новае.
 
 
Зачараваная публіка мела магчымасць ацаніць выступ з удзелам артыстаў на хадулях, паслухаць гукі кельцкай арфы і паглядзець на адмысловы выступ маскоўскай танцавальнай каманды Neonshow. Апошнія ў імгненне вока сталіся ўлюбёнцамі публікі. Падкрэсліўшы контуры сваіх целаў неонавымі рознакаляровымі ліхтарамі яны стварылі вобраз неардынарных артыстаў, якія паказалі танцавальную праграму ад Элвіса Прэслі да Майкла Джэксана.
 
 
Амаль усе калектывы і артысты атрымалі ўзнагароды ў асобных намінацыях. Своеасаблівага гран-пры ў гэтым годзе не прызначалася, але ў арганізатараў вялікія планы на будучыню.
 
 
— Мы спадзяемся, што наш фэст стане штогадовым і ў наступным годзе да нас прыедзе яшчэ больш цікавых калектываў, — з аптымізмам адзначыла Аксана Азарава.
 

Каментаваць