Кароль на экране

Калі памірае чалавек, ягоныя фатаграфіі становяцца раптам цяжкімі, а выявы на экране лёгкімі і фантомнымі. Чалавек сыходзіць у царства ценяў, і гэты няўлоўны надлом навісае над кадрам.



У фільме «1990 гады. Палітычныя рэформы ў Беларусі», ідэю і сцэнар якога прыдумаў Аляксей Кароль — няма сыходу. Аляксей Кароль, у карціне аўтар і вядоўца, як заўжды — жывы, дакладны, пераканаўчы. Ён ахайна вылучае самае важнае, знітоўвае падзеі, нагадвае.

Ён тут.

Беларускі гісторык і грамадзянін — ён не проста летапісец, але і адказны ўдзельнік гісторыі. Я памятаю, як падчас выбараў 2001 года, калі працавалі над тэкстамі ў штабе Домаша, прапановы Аляксея Сцяпанавіча заўсёды былі трапнымі і вельмі змястоўнымі. І памятаю ўсмешку мудрага чалавека, які ведае, якія жарты любіць гісторыя.

Палітык у часы, калі сама палітыка скавалася лёдам, ён засяродзіўся на справах выдавецкіх. Аляксей Кароль аб’яднаў самых розных людзей, ён шукаў у чалавеку лепшае, выслухоўваў кожнага, ненавязліва і далікатна падтрымліваў. Ён клапаціўся, каб напоўніцу раскрыўся творчы патэнцыял чалавека — і радаваўся поспехам.

Сумленны і інтэлігентны чалавек — ён не проста выдатны рэдактар і выбітны арганізатар, але і асветнік. Ён адукоўваў чытачоў газеты, але і нас — супрацоўнікаў — проста сваімі паводзінамі, сваёй мудрасцю і разуменнем.

У апошняе карціне Аляксея Сцяпанавіча 90-я гады выглядаюць сном, забытай і няздзейсненай марай пад знакам Пагоні. Як падкрэслівае аўтар, Беларусь здабыла незалежнасць, але яшчэ не здабыла дэмакратыі.

Аляксей Кароль здзяйсняў гэтую мару пра свабоду. Штодзённай руплівай працай, клопатам пра агульную справу, павагай да чалавека. Менавіта таму ён нікуды не сышоў. Ён тут, у нашых сэрцах. Царства ценяў надламілася.

Каментаваць