Карпарацыя “Дразды”

Падчас сустрэчы з урадавым і банкаўскім чыноўніцтвам А. Лукашэнка ў чарговы раз прапанаваў зрабіць рэвалюцыю выдаткаў. Маўляў, няхай багаты чалавек аплачвае 120–150% ад кошту камунальных паслуг, а бедны, з якога сёння няма чаго ўзяць, — 25–30%.



Адзначым, што прапанова, як і многія, што належаць гэтаму палітыку, радыкальная, але ці не пашырыць яе? Прыкладам, утрыманне вулічных ходнікаў фінансуецца з бюджэту, а не самімі пешаходамі. Непарадак. З беднымі ўсё зразумела, з іх шмат не возьмеш, хаця большасць з іх рассякае родныя прасторы выключна пехатой. Але ж і багацеі рэгулярна вылазяць са сваіх «шасцісотых мерынаў», каб зайсці ў офіс, рэстаран, казіно. Для іх можна завесці дадатковыя платныя камунальныя паслугі, пра аплату якіх можа сведчыць, прыкладам, нейкі вельмі адмысловы флікер на спіне. Каб здалёк было бачна кожнаму міліцыянту.

А чаму ніхто з урадаўцаў не падумаў наконт грамадскіх прыбіральняў, дзе з багатых, як каторага прыпячэ, можна тры скуры драць.

Можна ўзяць на ўзбраенне і знакамітую прыдумку сярэднявечча. Зараз яна ўжываецца выключна па палітычных матывах і дзейнічае абмежаваны тэрмін. Маюцца на ўвазе грашовыя штрафы, якія вымагаюцца ў людзей па пратаколах аб парушэнні статус-кво як актыўнымі, так і пасіўнымі дзеяннямі, як за відавочны, так і за латэнтны супраціў. Заплаціць такі небарака штраф, і цалкам гатовы да чарговай адміністратыўнай экспрапрыяцыі. Зразумела, справа патрэбная, але сумная — усё роўна што пячкуроў лавіць для завадской сталоўкі. Калі ж багатым даваць індульгенцыю кшталту доўгатэрміновай ліцэнзіі на права дыхаць гарадскім паветрам, то шмат якія праблемы можна да лепшых часоў вырашыць. Пакуль сённяшнія жабракі не стануць такімі ж заможнымі.  

Вядома, што сацыялізм быў пабудаваны не толькі ў СССР, але і ў той жа Польшчы. Польская яго разнавіднасць часта дазваляла смяяцца з сябе. Палякі прыдумалі жарт наконт таго, што чым болей жывеш у сацыялістычнай краіне, тым больш ёй вінен: за кватэру не даплачваеш, за грамадскі транспарт — таксама, вучышся бясплатна і лечышся таксама бясплатна. І чым больш вучышся, тым больш даводзіцца лячыцца.

Зразумела, зараз у нас не такі сацыялізм, а крышку абноўлены — падобны да таго, які быў у Венгрыі пры Янашы Кадары. Такая-сякая прыватная ініцыятыва існуе, частка людзей мае магчымасць набыць патрыманы легкавік і трамваем не карыстацца. Але ж калі-нікалі карыстацца ўсё ж даводзіцца. Чаму б для аўтамабілістаў не ўвесці спецыяльны «трамвайны падатак», параўнальны (гэта можна вызначыць статыстычна) з выдаткамі на эксплуатацыю вышэйзгаданых «шасцісотых мерынаў».

Як адзначаў класік, не дазваляй душы ленавацца. Хай яна працуе дзень і ноч. Як, прыкладам, гэта робяць класічныя арганізаваныя злачынныя групоўкі. Іх кіраўніцтва дакладна вызначае, хто якімі багаццямі на падмандатнай тэрыторыі валодае, і адпаведна прызначаецца індывідуальнае справядлівае падаткаабкладанне. А людзей бедных, з якіх няма чаго ўзяць, увогуле не турбуюць. Так дзейнічае вертыкаль эфектыўнага кіравання.

У нас вертыкаль таксама адбудаваная, але дзейнічае не так бездакорна. Вось і зараз галоўны над вертыкаллю паўшчуваў падначаленых, што размовы пра індывідуальны падыход да кампенсацыі камунальных выдаткаў ідуць даўно, а ўрад у той бок нават не варушыцца. І зрабіў выснову, што ўрадаўцы — «не бедныя» і палохаюцца перспектывы плаціць 120%. І тут жа, як паведамляе «Інтэрфакс», паабяцаў даць ім дадатковыя грошы, каб яны маглі заплаціць.

Зразумела, астатнім «багацеям» ніхто дадатковых грошай не дасць. Больш важна, што перад намі класічны прыклад карпаратыўнай этыкі. Маўляў, з Драздоў выдачы няма. Як калісьці з Дона. Калі хтосьці не парушыць субардынацыю. Але і не ў гэтым справа. Для індывідуальнага вырашэння агульных праблем трэба дакладна ведаць персанальны склад аб’ектаў уздзеяння і іх агульную колькасць. Бо можа такое стацца, што багатыя, замест таго, каб пакрыць выдаткі жабракоў, самі запішуцца ў сацыяльна неабароненыя. Прыхаваюць набыткі да лепшых часоў, пакінуць свае хлебныя пасады ды зоймуць чаргу за адраснай дапамогай.

Чаму такая небяспека існуе? Згодна з афіцыйнай статыстыкай, багатымі ў нас дастаткова ўмоўна можна лічыць тыя блізу 5% работнікаў, якія афіцыйна атрымліваюць больш за 500 долараў. Калі з гэтай колькасці выключыць чыноўніцтва, якому выдадуць дадатковыя «кватэрныя», застанецца зусім не шмат. А яшчэ трэба выключыць тых, хто мае дзяцей, бо большасць сем’яў з дзецьмі жыве не лепей за сярэдніх пенсіянераў.

Застанецца багацеяў кату па пяту. І акажацца, што гэта дастаткова нешматлікая супольнасць лакалізавана ў даволі абмежаванай прасторы, пачынаючы з Драздоў ды іншых спецпасяленняў слуг народа, якія маюцца ў кожным раёне.
 

Каментаваць