Карпенка: Выпускныя іспыты ў беларускіх школах будуць мяняцца

Чыноўнік лічыць, што трэба стварыць новы фармат, які збалансуе патрэбы школы, навучэнца і бацькоў, паведамляе «Еўрарадыё»

Выпускныя іспыты ў беларускіх школах будуць мяняцца. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка ў інтэрв'ю тэлеканалу СТВ, якое выйшла ў эфір увечары 3 чэрвеня.

Чыноўнік звярнуў увагу на тое, што форма школьных выпускных іспытаў не адпавядае форме ўступных іспытаў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. На думку Карпенкі, трэба стварыць новы фармат, які збалансуе патрэбы школы, навучэнца і бацькоў.

Міністр паабяцаў, што новы фармат іспытаў не будзе нечаканым, а з'явіцца на працягу аднаго-двух гадоў.

Акрамя таго, Карпенка паведаміў, што ў наступным годзе плануюцца пэўныя змены пры паступленні ў ВНУ. Напрыклад, па некаторых спецыяльнасцях могуць з'явіцца ўнутраныя ўступныя іспыты. "За цэнтралізаваным тэставаннем нельга страціць асобу абітурыента", — патлумачыў чыноўнік.

Акрамя таго, разглядаецца магчымасць памяняць метадалогію падліку балаў на цэнтралізаваным тэставанні. Новая сістэма павінна стаць больш зразумелай для абітурыентаў і бацькоў. Апрабаваць яе плануецца ўжо на гэтай уступнай кампаніі, але знаёмыя з ёй пакуль будуць толькі спецыялісты.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць