Карупцыя як чыннік ядзернай бяспекі

Расійскія і беларускія эксперты, у тым ліку эколагі і фізікі-ядзершчыкі, крытычна ставяцца да магчымасці будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Пра гэта яны заявілі 14 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да запланаванага на 15 сакавіка магчымага падпісання міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй аб будаўніцтве беларускай АЭС.

Расійскія і беларускія эксперты, у тым ліку эколагі і фізікі-ядзершчыкі, крытычна ставяцца да магчымасці будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Пра гэта яны заявілі 14 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да запланаванага на 15 сакавіка магчымага падпісання міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй аб будаўніцтве беларускай АЭС.

Мяркуецца, што, калі будзе падпісана такое пагадненне, то беларускую АЭС прафінансуе расійская дзяржава і фактычна цягам шасці гадоў пабудуе расійская дзяржаўная карпарацыя «Росатам». Пры гэтым этап праектавання і вынаходніцтваў будзе скарочаны да паўгода.

Па словах сустаршыні міжнароднай групы «Экаабарона» (Расія) Уладзіміра Слівяка, любыя ядзерныя пытанні зараз разглядаюцца ў кантэксце таго, што цяпер адбываецца ў Японіі. «Мы зараз бачым, наколькі небяспечная атамная энергетыка, мы бачым, што ніхто не застрахаваны ад чалавечых памылак, а ў атамнай прамысловасці гэта можа прыводзіць да вельмі цяжкіх наступстваў. На прыкладзе Японіі мы ўбачылі, што чалавек не можа кіраваць прыроднай стыхіяй, і ў такіх умовах развіваць атамную энергетыку — надзвычай небяспечная рэч».

Расійскі эксперт звярнуў увагу на чыннік карупцыі ў расійскай атамнай энергетыцы.

«Мы правялі шэраг даследаванняў, якія дазволілі высветліць, наколькі вялікі ўзровень карупцыі ў расійскай карпарацыі «Росатам», якая плануе будаваць беларускую АЭС. Насамрэч, пытанне карупцыі важнае не толькі ў эканамічным аспекце, яно вельмі важнае з пункту гледжання ядзернай бяспекі, — падкрэсліў Уладзімір Слівяк. — Мы ўзялі для аналізу такую сферу, як закупкі. Для праекта беларускай АЭС, калі ён усё ж будзе ажыццяўляцца, «Росатам» таксама будзе праводзіць шматлікія закупкі. Увогуле, трэба разумець, што тыя крэдытныя сродкі, якія плануе выдаткаваць Расія пад праект беларускай атамнай станцыі, не будуць пераведзеныя Мінску, яны будуць патрачаныя ўнутры Расіі на закупкі паслуг, абсталявання карпарацыяй «Росатам», якая потым даставіць усё гэта ў Беларусь. Мы прааналізавалі аналагічныя закупкі, выбралі для аналізу трыста закупак, адабралі з іх дзвесце найбольш складаных. З гэтых двухсот закупак, якія мы прааналізавалі, высветлілася, што прыкладна 41 працэнт замоваў праведзеныя з парушэннямі заканадаўства і нават унутраных нарматываў «Росатама».

«З нашага пункту гледжання, такі ўзровень у 41 працэнт парушэнняў падчас закупак сведчыць пра тое, што рызыка карупцыі пры размяшчэнні замоваў на паслугі і тавары «Росатамам» вельмі высокая, і гэта пераклікаецца з неафіцыйнымі заявамі саміх экспертаў — былых атамшчыкаў, што ўзровень «адкатаў» у расійскай атамнай прамысловасці складае 40 працэнтаў. Такі высокі ўзровень карупцыі будзе адбівацца на ўзроўні ядзернай бяспекі новых аб’ектаў у бок яе паніжэння», — падкрэслівае эксперт.

Як адзначыў кіраўнік энергетычнага аддзелу «Грынпіс» Расіі Уладзімір Чупроў, заявы пра эканамічную выгаду ад будоўлі АЭС у Беларусі не адпавядаюць рэчаіснасці. «Сабекошт будаўніцтва ў атамнай энергетыцы сёння расце значна хутчэй — прыкладна ў два разы — за сабекошт будаўніцтва ў іншых сектарах. Сцвярджэнні аб выгодах атамнай энергетыкі абвяргаюцца вынікамі мінулагодняга тэндэра ў Турцыі, дзе для аналагічнай атамнай станцыі «Росатам» заявіў сабекошт энергіі ў 21 цэнт за кілаватгадзіну. Гэта больш, чым дасць газавы сцэнарый для Беларусі нават пры росце кошту прыроднага газу пры пераходзе на камерцыйныя разлікі пры пакупцы прыроднага газу ў Расіі, — звяртае ўвагу эксперт. — Тэндэр быў перагледжаны, кошт быў зніжаны да 15 цэнтаў, але гэта яшчэ адзін доказ таго, што ніякай эканамічнай палёгкі для электраэнергетыкі Беларусі не будзе. Нас часта пыталіся: а што ўзамен? Мы ацанілі кошт энергіі і электрычнай энергіі для сцэнарыя, калі Беларусь развівае сваю ветравую і біяэнергетыку, бо сёння гэта дзве буйныя крыніцы, што могуць замясціць аналагічны аб’ём энергіі, які мяркуецца вырабляць атамнай генерацыяй. Кошт яе будзе прыкладна на 20% меншым. Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, — праграмы аднаўляемых крыніц энергіі, — гэта дакладна дэманструюць».

Па словах расійскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, дагэтуль невядомы дакладны кошт праекта будаўніцтва ў Беларусі АЭС. «Атрыманыя вынікі праведзеных даследаванняў сведчаць, што сёння ядзерная энергетыка эканамічна нежыццяздольная і не здольная развівацца на камерцыйнай аснове нават з дзяржаўнымі гарантыямі, якія здымаюць частку рыначных рызыкаў», — лічыць Ажароўскі.

Адказны сакратар Камісіі грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС Таццяна Новікава падкрэсліла, што праект будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі з’яўляецца непразрыстым.

«Тыя парушэнні, якія сёння зафіксаваныя камісіяй грамадскай экалагічнай экспертызы, тая непразрыстасць праекта, якая ёсць на сённяшні дзень, тыя парушэнні, якія назіраюць грамадскія арганізацыі ў дзейнасці кампаніі «Росатам», дазваляюць нам сказаць наступнае: мы маем намер прымаць удзел у расследаванні карупцыйнага складніка, бо наяўнасць непразрыстасці стварае ўмовы для карупцыі, — пераканана Таццяна Новікава. — Умовы праекта пастаянна мяняюцца, інфармацыя не прадстаўляецца, сёння праект ажыццяўляецца з парушэннем устойлівых норм тэхнічнай практыкі. Тэрміны на праектаванне скарочаны да паўгода, хаця звычайна праектныя работы вядуцца два гады. Гэта выклікае ў нас вельмі сур’ёзную заклапочанасць, і мы ўжо звярнуліся да прэзідэнта Мядзведзева з просьбай не фінансаваць гэты праект і расследаваць яго».

Варта нагадаць, што астравецкая пляцоўка, дзе ўлады плануюць пабудаваць АЭС, знаходзіцца амаль на мяжы разлому зямной паверхні, які атрымаўся ў выніку землятрусу магнітудай 7 балаў на пачатку ХХ стагоддзя. Па словах экспертаў, ніякага дасканалага даследавання гэтай тэрыторыі профільнымі спецыялістамі не праводзілася.
 

Каментаваць