Каскад судоў

1 сакавіка ўжо назвалі судным днём. У Мінску адбудзецца адразу пяць працэсаў па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках.


У судзе Маскоўскага раёна пройдзе другое пасяджэнне па ўдзеле ў акцыі 19 снежня расійскіх грамадзян Івана Гапонава і Арцёма Брэуса. І пачнецца разгляд аналагічнай справы Дзмітрыя Мядзведзя.



1 сакавіка ўжо назвалі судным днём. У Мінску адбудзецца адразу пяць працэсаў па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках.


У судзе Маскоўскага раёна пройдзе другое пасяджэнне па ўдзеле ў акцыі 19 снежня расійскіх грамадзян Івана Гапонава і Арцёма Брэуса. І пачнецца разгляд аналагічнай справы Дзмітрыя Мядзведзя.


У судзе Фрунзенскага раёна распачнуцца адразу тры працэсы — над Аляксандрам Атрошчанкавым, Зміцерам Новікам і Аляксандрам Малчанавым. Усе шасцёра абвінавачваюцца ва ўдзеле ў “масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.


Прызначэнне на адзін дзень некалькіх працэсаў лічаць не выпадковым. І спланаваным з мэтай “расцягаць па судах праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў дыпламатычных місій і грамадскасці. Такое меркаванне выказаў юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла.


А па-другое, на яго думку, улады хочуць “арганізаваць судзілішча і стварыць ілюзію, што абставіны справы ў судах пацвярджаюцца. Суды выносяць прысуды, віна людзей устаноўлена. І з дапамогай судоў пацвердзіць прапагандысцкія закіды, што гучалі ў публічных выступах прадстаўнікоў уладаў і на тэлебачанні. “І для гэтага аглушыць такім магутным выкідам судовых справаў і судовых прысудаў, — зазначыў праваабаронца.


А беспарадкі?


Гары Паганяйла звярнуў увагу на тую акалічнасць, што суды не спрабуюць даказаць саму падзею злачынства. А менавіта факт масавых беспарадкаў. “Суды паглыбляюцца ў даследаванне толькі доказаў дачынення да гэтых падзеяў канкрэтных людзей. І іх непасрэднага ўдзелу ў тых ці іншых дзеяннях, якія спалучаны з так званымі масавымі беспарадкамі, — падкрэсліў праваабаронца.


Першы прысуд, нагадаў ён, 17 лютага вынесены Васілю Парфянкову. За ўдзел у беспарадках яго пазбавілі волі на 4 гады ў калоніі строгага рэжыму. Згодна з абвінавачаннем, Парфянкоў біў шкло і аказваў узброенае супраціўленне прадстаўнікам улады. Але суд указаў, што ён "толькі" прымаў удзел у знішчэнні маёмасці з іншымі асобамі па папярэдняй змове. І зняў абвінавачанне па ўзброеным супраціўленні і падпалах.


“Але пры гэтым суд абсалютна праігнараваў, што перш чым сказаць пра ўдзельніка масавых беспарадкаў, трэба прывесці канкрэтныя доказы таго, што сам факт масавых беспарадкаў — як злачынная падзея — быў. А па справе якраз злачынная падзея і не даказана, — кажа Гары Паганяйла.


Падчас суда адвакат Ігар Папкоўскі давёў, што ў дзеяннях яго падабароннага, як і іншых удзельнікаў акцыі, адсутнічае склад злачынства, прадугледжанага арт.293 КК (масавыя беспарадкі). Дзеянні Парфянкова ніякім чынам не мелі характар масавых беспарадкаў: не суправаджаліся падпаламі, гвалтам над асобамі, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады.


Адвакат, як адзначыла Радыё “Свабода, згадваў, што падчас шматтысячнага шэсця па праспекце Незалежнасці не была пашкоджана ніводная вітрына, не пацярпелі рэкламы і будынкі. Ён падкрэсліў, што абвінавачанне гэтак і не даказала, што ў людзей былі нейкая зброя ці рэчы, якімі яны збіраліся ўзломваць дзверы дзяржаўных устаноў. І няма ніводнага доказу, што Парфянкоў нешта зламаў з таго спісу пашкоджанай маёмасці, які склала следства. А гэта шкло некалькіх дзвярэй Дома ўраду, вадазборная труба і зялёныя насаджэнні (пяць кустоў ядлоўцу).


Абвінавачанне будавалася на відэа, дзе Парфянкоў зрабіў некалькі ўдараў па драўляных прыстасаваннях, што перагароджвалі ўваход у Дом урада. Але ў руках у яго нічога не было. А драўляныя прыстасаванні былі за ўжо разбітымі шыбамі.


Прысуд Васілю Парфянкову вынесла суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Вольга Комар, дзяржаўным абвінаваўцам выступаў пракурор Антон Загароўскі. Беларускі Хельсінкскі камітэт лічыць судовае рашэнне неправасудным. “Прысуд вынесены ў адсутнасці ўсякіх доказаў віны, — сказаў Гары Паганяйла.


Абвінавачанне: перазагрузка


“Другая справа — па расіянах — спатыкнулася аб тыя ж самыя граблі, — зазначыў праваабаронца. Абвінавачанне, паводле яго словаў, спрабуе прадставіць суду доказы ўдзелу канкрэтных асобаў у масавых беспарадках, і размова абсалютна не ідзе пра наяўнасць гэтых беспарадкаў. Пра доказы, якімі падмацоўваецца факт гэтай “злачыннай падзеі на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года.


“А калі размова пайшла пра канкрэтныя дзеянні, то затрашчала і непасрэдна сама доказная база, — паведаміў Гары Паганяйла. Два спецназаўцы, Аляксандр Якаўлеў і Алег Дударчык, якія непасрэдна займаліся разгонам акцыі, нічога не маглі сказаць суду наконт злачынных паводзінаў абвінавачаных. Іх паказанні былі супярэчлівымі і блытанымі.


Пры праглядзе відэа тэлевізар быў павернуты толькі да ўдзельнікаў працэсу, а гук адключаны. Аднак па пытаннях суддзі і пракурора, якія яны задавалі абвінавачаным, назіральнікі зрабілі выснову, што на відэа зафіксавана толькі прысутнасць абвінавачаных сярод дэманстрантаў. А ніяк не ўдзел у тым, што ім інкрымінуюць (пагромы, падпалы, узброены супраціў супрацоўнікам міліцыі).


“І суд апынуўся ў такім становішчы, пры якім вынесці прысуд немагчыма, — лічыць Гары Паганяйла. — Пракурор папрасіў перапынак для таго, каб перапрад’явіць абвінавачанне. І вось мне вельмі цікава будзе, якое ж ён знойдзе абвінавачанне зараз для дваіх расіян.


Магчыма, мяркуе праваабаронца, размова пойдзе пра групавыя дзеянні, якія прывялі да парушэння грамадскага парадку. Напрыклад, да спынення транспарту, дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый, а мажліва паставяць у віну спробу захапіць памяшканне. Але фактычна абвінавачанне адмовілася ад таго, каб даказваць віну расіян у масавых беспарадках. “Вось як трэба разумець тую пазіцыю, каторую абвясціў на судзе прадстаўнік пракуратуры, — лічыць Гары Паганяйла. Пасля перакваліфікацыі справы, як мяркуюць і іншыя назіральнікі, расіянам ужо не будуць ставіць у віну удзел у беспарадках. А змякчацца ў новым абвінавачанні да парушэння грамадскага парадку ці хуліганства.


Арцём Брэус заявіў у судзе пра ціск, які быў падчас следства. У прыватнасці, ад яго патрабавалі, каб ён прызнаўся ў змове з беларускай апазіцыяй і атрыманні ад яе грошай. “На мае адмовы пагражалі сілавымі метадамі ўздзеяння, як у ходзе следства, так і ў месцах пазбаўлення волі, — паведаміў ён.


Суд над Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэусам, які пачаўся 22 лютага, быў перапынены на тыдзень. 1 сакавіка суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Любоў Сямахіна працягне разгляд справы. Яна ўнесена ў "чорны спіс" асобаў, неўязных у Еўрасаюз. Дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Сяргей Кунас.


Тупік


Гары Паганяйла выказаў свой погляд на працяг судовай эпапеі:


“Мы бачым заказны характар гэтых справаў, што суды не абцяжарваюць сябе як раз менавіта працай па даследаванні доказаў. Па усебаковым, поўным і аб’ектыўным прадстаўленні ўсіх матэрыялаў. Усяго таго, што можа паслужыць насамрэч абсалютна дакладнай меркай у тым, што адбылося, і каму і колькі належыць выдаць на-гара. Вось гэтага не адбываецца. Ёсць шаблон, ёсць пэўная зададзенасць. І я баюся, што мы будзем якраз сведкамі заказных судзілішчаў, а не працэсаў —  судовых, рэальных.


Хаця можа наступіць нейкая карэляцыя ў сувязі з тым, што і адзін прысуд асуджаецца грамадскасцю. І па другой справе тупіковая пазіцыя. І магчыма штосьці будзе адбывацца ў далейшым. Тым больш што многа яшчэ людзей знаходзіцца пад следствам. І працягнуты тэрміны расследавання справаў і адпаведна ўтрымання пад вартай да 5 месяцаў.


Па дадзеных праваабарончага цэнтра “Вясна, па крымінальнай справе “масавыя беспарадкі (артыкул 293 КК) абвінавачанымі з’яўляюцца 42 чалавекі, падазраванымі — 12.
 

Каментаваць