Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі

Прэзентацыя кнігі “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі” адбылася вечарам 8 лютага ў кнігарні ЛогвінаЎ. Яе ладзілі ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай падзеям нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года, з матэрыялаў якой уласна і складаўся зборнік.



Пра новую кнігу наведнікам кнігарні распавядалі навуковы рэдактар зборніка, доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук, карэктар зборніка, доктар філасофіі Ірына Дубянецкая, удзельнікі канферэнцыі і аўтары артыкулаў гісторык, археолаг, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, кандыдат гістарычных навук Андрусь Унучак, а таксама дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, прадстаўнік Беларускага калегіума, з дапамогай якога была арганізаваная прэзентацыя, Андрэй Казакевіч.

  

Як патлумачыла Ірына Дубянецкая, міжнародная навуковая канферэнцыя, што прайшла ўвесну 2014 года ў Лондане, атрымалася вельмі змястоўнай і выніковай. Таму было прынятае рашэнне пры падтрымцы згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі выдаць матэрыялы канферэнцыі, якія напісаныя досыць жывой мовай, асобнай кнігай.

Цягам двух гадзін гісторыкі распавядалі цікавыя факты з часоў нацыянальна-вызвольнага паўстання, стаўленне да асобы Кастуся Каліноўскага ў сучасных  Польшчы і Літве, а таксама спрабавалі ў папулярнай форме прааналізаваць ролю асобы Кастуся Каліноўскага ў гісторыі і вобраза героя паўстання ў мастацтве і літаратуры для беларускага нацыятворчага працэсу.

“Менавіта цяпер у Беларусі вельмі інтэнсіўна адбываюцца працэсы фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэтыя працэсы, а таксама асэнсаванне знакавых герояў, падзеяў, іх інтэрпрэтацыя ў гісторыі, літаратуры, масавай свядомасці можа адыгрываць ключавую ролю. Таму цяпер нам вельмі важна разабрацца са сваёй гісторыяй, прыўласніць сваю гісторыю, якая б яна ні была”, — патлумачыла актуальнасць тэмы паўстання 1863 года і яе герояў Ірына Дубянецкая.

Удзельнікі прэзентацыі мелі магчымасць набыць кнігу па спецыяльным кошце 70 тысяч рублёў. Крыху даражэй зборнік можна будзе набыць у кнігарні “ЛогвінаЎ” у іншыя дні.

Каментаваць