Катаванні ў цэнтры Еўропы

Прызнанне Алеся Міхалевіча мусіла б стаць для беларусаў «бомбай». Але насамрэч гэта пацверджанне таго, пра што здагадваліся, але маўчалі, закранула толькі вузкую частку грамадства.

Прызнанне Алеся Міхалевіча мусіла б стаць для беларусаў «бомбай». Але насамрэч гэта пацверджанне таго, пра што здагадваліся, але маўчалі, закранула толькі вузкую частку грамадства.

Пра ціск следства падчас судовага працэсу гаварылі расіяне Арцём Брэус і Іван Гапонаў, якія абвінавачваюцца па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Іншыя ўдзельнікі судовых працэсаў, што паступова набіраюць абароты, падобных фактаў не ўзгадваюць, як і маўчаць падазраваныя і абвінавачаныя кандыдаты, актывісты апазіцыі, што лавы падсудных яшчэ не дачакаліся. Зрэшты, факты фізічнага і псіхалагічнага ўздзеяння можна знайсці без асаблівых праблем, калі перагледзець гісторыю гучных і шараговых спраў. Напрыклад, Мікалай Аўтуховіч, на якога ледзь не тэрарызм «вешалі», сцвярджаў, што на яго аказваўся псіхалагічны ціск, падобнае гаварылі і сведкі па справе.

Варта сказаць, што ў аддзел дазнання жанчын на працу бяруць неахвотна і рэдка. Не ўмеюць жанчыны «калоць» правільна ды і адпаведнымі фізічнымі здольнасцямі не кожная валодае. Хаця, па словах экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, чарнавую работу выконваюць не следчыя.

Спачатку Міхалевічу ў СІЗА КДБ прапаноўвалі агучыць для беларускага тэлебачання асуджальную заяву на адрас іншых кандыдатаў у прэзідэнты, якія заклікалі людзей выходзіць на плошчу, калі ж ён адмовіўся, прыйшлі «людзі ў чорным».

«Усё пачалося недзе на чацвёрты дзень, калі ў «амерыканцы» з’явіліся людзі ў камуфляжы, якія не маюць ніякага дачынення да супрацоўнікаў следчага ізалятару. Я не ведаю, хто гэтыя людзі. Я пішу пра іх у заяве ў пракуратуру, хачу, каб пракуратура высветліла, хто яны. Таксама я падаю заяву ўпаўнаважанаму па пытаннях катаванняў Арганізацыі аб’яднаных нацый, — расказаў Алесь Міхалевіч пра тонкасці беларускай палітыкі на скандальнай прэс-канферэнцыі 28 лютага. — Пачалося з таго, што нас гэтыя людзі выводзілі на так званыя вобшукі ў вялікую залю, якую там называюць «спартовай залай». Ставілі на расцяжку, падсякалі ногі так, што людзі стаялі амаль на «шпагаце», так мы стаялі голымі пры дастаткова нізкай тэмпературы па сорак хвілін. Да ўсяго ажыццяўляўся псіхалагічны ціск, калі ззаду падыходзілі і білі нагой па падлозе, каб мы не ведалі, ці пачынаюць нас біць, ці што ўвогуле адбываецца. Калі я не зламаўся, мне пачалі літаральна выкручваць рукі: рукі ў кайданках ззаду падымалі як мага больш высока, так што суставы трашчалі. Вельмі, вельмі балюча. І патрабавалі, каб я выконваў усё, што скажуць супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі. Гэта крыху суцішылася, калі я пачаў сустракацца з супрацоўнікамі КДБ без пратаколаў, без адваката, з парушэннем усіх працэсуальных дзеянняў. Але перыядычна такі ціск аказваўся. Следчыя рабілі выгляд, што яны нічога пра гэта не ведаюць. Хаця я пра гэта паведамляў намесніку начальніка СІЗА». «Мяне заводзілі ў памяшканне на іншым паверсе, адкуль не будзе нічога чуваць. Крыкі, удары дубінак — нармальны антураж падчас знаходжання ў следчым ізалятары. Канваіры пастаянна б’юць дубінкамі аб сцены ці шчыты, крычаць. Калі людзі, напрыклад, не могуць хутка хадзіць ці ў іх слабае сэрца, на іх так жа ціснуць», — завяршае апісанне турэмнага антуражу палітык.

19 лютага Алеся Міхалевіча выпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Яму забаранілі расказваць пра ўсё, што там бачыў, у тым ліку і пра людзей у чорных масках. Маўляў, таямніца следства. Да ўсяго Міхалевіч, як ён гаворыць, вымушаны быў падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з КДБ «дзеля захавання незалежнасці, самых высакародных мэтаў». Каб вырвацца з засценкаў «амерыканкі» і расказаць праўду аб «канцлагеры ў цэнтры Мінска». Алесь, па сутнасці, кінуў выклік сістэме.

Мужнаму ўчынку Алеся Міхалевіча некаторыя ўжо паспелі даць метку «не веру». Але якая падаплёка ні была б за гэтым, заява мусіць даць ход расследаванню ўмоў утрымання вязняў, нарэшце павінен быць дадзены ўцямны і зразумелы адказ, чаму 20 снежня некаторыя асобы так паказальна для БТ змянілі свае сведчанні і ідэйныя перакананні.

Патрабаваць ад усіх вязняў праўды і толькі праўды пра абставіны следства было б наіўна, але толькі галоснасць можа быць сродкам абароны. Інакш атрымліваецца, як у часы СССР, рэпрэсіўная сістэма якога засноўвалася на сакрэтных інструкцыях, дакументах. Грамадскасць унутры краіны і за яе межамі старанна ахоўвалася ад падобнай інфармацыі, а сутнасць дзяржаўнай улады ведалі толькі выканаўцы — судовыя практыкі, следчыя, адказныя супрацоўнікі органаў МУС і КДБ.

Жаданне дыстанцыявацца ад падобнай інфармацыі натуральнае — падстаўляцца на роўным месцы, калі ёсць і праца, і кілбаса, быццам не лагічна. Але сутнасць дзейснай сістэмы ў тым, што заўтра на месцы Алеся Міхалевіча можа аказацца любы чалавек, незалежна ад віны, стану здароўя, полу. Ды і аказваецца. Прыкладаў, калі метадамі фізічнага і псіхалагічнага ціску змушаюць невінаватых прызнавацца ў тым ці іншым — аж да забойства — злачынстве, хапае.

Напоўніцу зразумець, як дзяржава нявечыць псіхіку (расповеды тых, хто, не першы год жывучы за мяжой, нервова рэагуе на званкі ў дзверы, не рэдкасць) сваіх грамадзян, што маюць віну думаць па-свойму, магчыма хіба што ў такіх умовах. Аднак зычыць суайчыннікам падобнага досведу, каб маглі ацаніць каштоўнасць інфармацыі аб катаваннях, пакуль выглядае блюзнерствам.
 

Каментаваць