Казёл у сірыйскім гародзе

Ігар Эйдман: Пуціну ў Нью-Ёрку скажуць “дзякуй” і “давай да пабачэння”




З усіх пуцінскіх ноў-хаў лезуць старыя абадраныя вушы Гітлера і Мусаліні. І вось новая пуцінская "прыдумка", на гэты раз у галіне знешняй палітыкі. Пуцін хоча разыграць антыісламісцкую карту, як Гітлер разыгрываў антыкамуністычную, каб атрымаць карт-бланш на далейшую агрэсію.

Інфармаваны Андрэй Калеснікаў піша ў "Камерсанце", што новая галоўная ідэя пуцінскай знешняй палітыкі  стварэнне сусветнай антытэрарыстычнай кааліцыі супраць ІГІЛ з вядучым удзелам Расіі. "І хутчэй за ўсё, менавіта яна стане сэнсам прамовы Уладзіміра Пуціна на Генеральнай асамблеі ААН у канцы верасня". Паралельна з розных крыніц паступае інфармацыя, што расійскія спецпадраздзяленні ўжо ваююць супраць ІГІЛ ў Сірыі.

Пуцін спрабуе навязаць сябе свету ў якасці галоўнага змагара з ісламісцкай пагрозай. Мабыць ён спадзяецца такім чынам атрымаць ад Захаду адпушчэнне старых грахоў (перш за ўсё ва Украіне) і карт-бланш на працяг экспансіі, уключаючы рэзкае пашырэнне расійскай ваеннай прысутнасці на Блізкім Усходзе. Уся гэтая камбінацыя  трывіяльны падман, пастка-дзвюххадоўка. Зразумела, што стабільнасць у гэтым рэгіёне Пуціну не патрэбна. Яна працуе на зніжэнне коштаў на нафту і таму Расіі вельмі невыгодная. А вось абвастрэнне канфлікту вядзе да рэалізацыі галоўнай мары расійскага кіраўніцтва, да павышэння нафтавых коштаў. Наўрад ці Пуцін будзе ваяваць супраць сваіх інтарэсаў. Таму любое ваеннае ўмяшанне Расіі, пад якім бы яно соусам не падавалася, у канчатковым выніку будзе працаваць на далейшую дэстабілізацыю, на тое, каб хаос, які пануе ў Сірыі, перакінуўся на Саудаўскую Аравію   галоўнага гульца на сусветным нафтавым рынку.

Уся гэтая новая пуцінская авантура  калька са знешняй палітыкі Гітлера. Толькі ў якасці галоўнай агульнаеўрапейскай пагрозы замест ІГІЛ тады быў СССР, а замест ісламістаў  камуністы. Гітлер таксама прадаваў сябе заходнім элітам як абаронца Еўропы ад бальшавісцкага (у пуцінскім варыянце ісламісцкага) варварства, прычым небеспаспяхова. Дзякуючы гэтаму дэмакратычныя краіны зачынілі вочы на ​​пераўзбраенне Германіі (а некаторыя нават дапамаглі ў гэтым), на першыя агрэсіўныя акцыі нацыстаў, спадзяючыся выкарыстаць германскую ваенную моц супраць СССР. Якое ж было іх расчараванне, калі падпісаўшы пакт са Сталіным і захапіўшы потым паў-Еўропы, Гітлер кінуў сваіх буржуазных сімпатызантаў.

Пуцін, па-вучнёўскі паўтараючы паспяховыя хады свайго папярэдніка, забывае аб тым, што свет моцна паразумнеў з часоў Другой сусветнай вайны. Уся яго "мудрагелістая стратэгія" лёгка пралічваецца. Ніхто не збіраецца "пускаць казла ў гарод". Балгарыя ўжо закрыла сваю паветраную прастору для пралёта расійскіх самалётаў у Сірыю. ЗША далі зразумець, што катэгарычна супраць расійскага ваенага ўмяшальніцтва ў сірыйскі канфлікт. Ніякай новай кааліцыі супраць ІГІЛ з вядучым удзелам Расіі не будзе. Пуціну ў Нью-Ёрку скажуць "дзякуй" і "давай да пабачэння"  у дапамогу ад сабак ваўкоў не клічам.

Пераклад НЧ

Каментаваць