КХЛ забараніла мінскаму «Дынама» размаўляць па-беларуску

Кантынентальная хакейная ліга ўвяла забарону на выкарыстанне беларускай мовы падчас прэс-канферэнцый. Пра гэта распавёў беларускі журналіст Вячаслаў Федарэнкаў.



«Яшчэ адна КХЛаўская навіна апошняга тыдня са знакам «мінус» — фактычна забарона Масквы на выкарыстанне беларусамі беларускай мовы. Спакваля гэта здарылася яшчэ некалькі гадоў таму, калі ліга пераходзіла на лацінку пры напісанні прозвішчаў на джэрсі гульцоў і засекла ініцыятыву Мінска выкарыстоўваць беларускую транскрыпцыю. І вось — новае: на трэці год пачуўшы, што ўступы на трэнерскіх брыфінгах гучаць на мове Купалы, ліга нечага псіханула, вынесла «зубрам» «строгае з папярэджаннем», паабяцаўшы далей караць расійскім рублём» — напісаў ён.

Гэта абурыла Федарэнкава. Ён адзначае, што «наўрад ці аналагічную прынцыповасць Масква рызыкне праявіць у дачыненні, скажам, да Хельсінкі або Заграба».

«Калі перашкаджаюць нейкія пункты рэгламенту (зноў жа дзіўна, што пра іх КХЛ узгадала на трэці год), трэба дамагацца яго змянення або агаворак для нерасійскіх клубаў, якія спакойна існуюць у частцы легіянерскага ліміту. Балазе ёсць з кім у гэтай частцы сабраць кааліцыю, ды і самі па сабе мы ў міжнароднай лізе — не свінячы хвосцік. А то так і будзем займацца чыста пісаннем. Хай і на гербавай паперы, але на чужой, на што яе ўладальнік будзе паказваць пры любым зручным выпадку. А яно нам трэба?», — лічыць журналіст.

У прэс-службе мінскага «Дынама» паведамілі, што інспектар гульні супраць «Сібіры» знайшоў адпаведны пункт у Спартыўным рэгламенце. «Сапраўды, такі пункт існуе. Але раней мы яго ігнаравалі, у прыватнасці з той прычыны, што ў Рэгламенце па маркетынгу і камунікацыям падобнае патрабаванне адсутнічае. Паспрабавалі высветліць, ці абавязковае выкананне патрабавання Спартыўнага рэгламенту на прэс-канферэнцыях. Нам адказалі, што абавязковае. І ў выпадку невыканання клуб будзе аштрафаваны. На гэты конт прышла афіцыйная папера з КХЛ», — адзначылі ў мінскім «Дынама».

Аднак, проста так прыняць гэты рэгламент у Дынама не збіраюцца. «У будучым, на наступны ўжо сезон магчыма ставіць пытанне пра змены ў рэгламенце. Пабачым, ці пачуюць нашую пазіцыю», — паведаміла прэс-служба на форуме мінскага «Дынама».

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-11-27 22:49:36
Ужо, здаецца, дамовіліся наконт таго, што будзе на прэс-канферэнцыях беларуская мова.

Каментаваць