КХП-БНФ працягвае добраўпарадкаванне Курапатаў

КХП-БНФ працягвае добраўпарадкаванне ляснога масіву Курапаты — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў. Пра гэта сведчаць захады, здзейсненыя сябрамі партыі ва ўрочышчы апошнім часам.



Сябры КХП-БНФ адрэстаўравалі шмат старых драўляных крыжоў, якія пасля намочвання спецыяльнымі сродкамі супраць гніення сталі больш трывалымі да ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Разам з тым, у лясным масіве ўзведзена шмат новых драўляных і металічных крыжоў розных хрысціянскіх канфесій, абкошана тэрыторыя гэтай гістарычна-культурнай каштоўнасці, якая прылягае да Мінскай кальцавой аўтадарогі, а таксама частка Курапатаў уздоўж цэнтральнай алеі, што вядзе ад Крыжа пакутаў да вышэйшай кропкі ўрочышча, дзе знаходзіцца памятны камень “Ахвярам сталінізму”. Для ўскладання кветак і знічак каля групы драўляных і металічных крыжоў, што месцяцца на гэтай курапацкай Галгофе, нядаўна пакладзена вялікая пліта з чорнага паліраванага граніту. Апроч таго, актывісты партыі сістэматычна даглядаюць кветкі, высаджаныя ў розных кутках народнага мемарыялу крыжоў у Курапатах.     

Захаваннем гэтага ўнікальнага помніку гісторыі і археалогіі апякуецца шэраг грамадзянскіх ініцыятываў. Апроч актывістаў КХП-БНФ справай аховы нацыянальнага некропалю беларусаў займаюцца сябры аргкамітэту па стварэнні Руху салідарнасці “Разам”, а таксама грамадзянскіх ініцыятываў “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” і “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Так, рух “Разам” апякуецца ўзвядзеннем новых і рэстаўрацыяй старых крыжоў, арганізацыяй традыцыйных ушанаванняў памяці бязвінна забітых ахвяраў ва ўрочышчы (штомесяц 29 чысла), сябры ГІ “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” канцэнтруюць сваю ўвагу на санітарнай ачыстцы курапацкага лесу, а эксперты ў абарону Курапатаў — на падрыхтоўцы дакументальна-мастацкай выставы “Курапаты” і нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі месца масавых забойстваў, а таксама на вядзенні судовых справаў супраць чыноўніцтва, якое падтрымлівае прадпрымальнікаў у іх спробах забудаваць прылеглую да Курапатаў тэрыторыю і, такім чынам, скараціць ахоўную зону гэтай матэрыяльнай нерухомай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.       

Каментаваць