Вінцук Вячорка: чакаем ад беларускага КДБ адкрыцця звестак пра іншых ахвяраў сталінізму

Пасля перадачы Польшчы дакументу аб польскіх вязнях часоў Другой сусветнай вайны грамадскасць чакае адкрыцця архіваў беларускага КДБ са звесткамі пра іншых ахвяраў сталінізму, забітых у Беларусі. Так вядомы беларускі палітык, грамадскі дзяяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка пракаментаваў карэспандэнту НЧ інфармацыю з польскай крыніцы wiadomosci.onet.pl пра тое, што КДБ Беларусі перадаў спецслужбам Польшчы дакумент аб польскіх вязнях часоў Другой сусветнай вайны.



Мемарыяльны крыж у Курапатах польскім грамадзянам — ахвярам сталінізму.


Згодна з польскім медыя, 6 лістапада прэсавы сакратар Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ) палкоўнік Мацей Карчыньскі паведаміў, што падчас сустрэчы каардынатара польскіх спецслужбаў, міністра Марэка Бярнацкага і кіраўніка АУБ Дарыюша Лучака з прадстаўнікамі беларускага КДБ спадару Лучаку быў перададзены спіс месцаў, куды накіроўваліся польскія зняволеныя, затрыманыя савецкім бокам на пачатку Другой сусветнай вайны. Прычым гэты спіс, што можа дапамагчы ў пошуку так званага Беларускага катынскага спісу (БКС), быў перададзены беларускім бокам ў якасці акту добрай волі.
 

Мацей Карчыньскі патлумачыў, што гаворка ідзе пра копію дакладу беларускага кіраўніцтва на імя наркама ўнутраных спраў СССР Лаўрэнція Берыі з назвай пяці месцаў, куды маглі б быць адпраўленыя палякі, узятыя ў палон савецкімі войскамі на пачатку Другой сусветнай вайны. Лагеры ў Арэхаве (цяпер — вёска ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці), Радашковічах (цяпер — гарпасёлак ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці), Стоўбцах (цяпер — у Мінскай вобласці), Цімкавічах (цяпер — вёска ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці) і Жыткавічах (цяпер — горад у Гомельскай вобласці) маглі змясціць да 10 тысяч чалавек.
 

У дакладзе гаворыцца аб падрыхтоўцы гэтых месцаў, названыя імёны людзей, якія  павінны былі адказваць за гэтую справу. Паведамляецца таксама, што пазней палонных планавалася адправіць у Казельскі лагер.

Дакумент будзе передадзены ў Інстытут нацыянальнай памяці, які зоймецца яго вывучэннем. Копія дакладу можа дапамагчы ў пошуку пакуль не знойдзенага БКС, які гісторыкі лічаць адной з найвялікшых таямніц катынскага расстрэлу 1940 года. Гэты спіс тычыцца 3.870 польскіх грамадзянаў з амаль 22 тысяч ўсіх ахвяраў Катыні. Пасля нападу СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года польскія грамадзяне з БКС былі арыштаваныя НКВД ва ўсходніх ваяводствах, а затым забітыя па загадзе Сталіна — хутчэй за ўсё, у турме НКВД у Мінску. Меркаваным месцам пахавання палякаў з'яўляецца ўрочышча Курапаты пад Мінскам, дзе закопвалі ахвяраў НКВД у 1937–1941 гады.
 

Колькасць забітых (3.870) у БКС звязаная з запіскай 1959 года ад старшыні КДБ СССР Аляксандра Шалепіна на імя сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова. У гэтай запісцы Шалепін паведамляе, што ў БССР і УССР было забіта 7.305 польскіх грамадзянаў. Прычым ва Украінскім катынскім спісе знаходзіцца 3.435 імёнаў, а астатнія 3.870 чалавек – гэта адсутныя імёны ахвяраў з Беларускага катынскага спісу.
 

На думку грамадскага дзеяча і мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, перадача польскаму боку вышэйназванай копіі дакладу на імя кіраўніка НКВД СССР сведчыць, што беларускі бок, верагодней за ўсё, мае шэраг дакументаў, якія тычацца не толькі лёсаў польскіх грамадзянаў, але і ахвяраў НКВД з беларускіх грамадзянаў. Размова пра спісы расстраляных і месцы іх апошняга спачыну ў Мінску, у тым ліку ў Курапатах, Лошыцы і Парку чалюскінцаў.
 

Вячорка назваў “вельмі перабольшанай” радасць польскай прэсы і заявы ў ёй пра беспрэцэдэнтны крок супрацы з Беларуссю, бо калі беларускі бок меў копію дакладу Лаўрэнцію Берыі, дык даўно мог перадаць яго Польшчы. “А тое, што гэты дакумент перададзены менавіта зараз, калі Аляксандр Лукашэнка мае палітычныя і эканамічныя праблемы, сведчыць, у вялікай ступені, пра кан’юнктурнае выкарыстанне дакладу на імя кіраўніка савецкага НКВД. А  тое, што дакдад перададзены адзін без раскрыцця далейшага лёсу полькіх вязняў, сведчыць: іншыя дакументы такога кшталту прыхаваныя для вырашэння іншых знешнепалітычных праблемаў. А добрая воля на то і добрая, што зыходзіць ад шчырага жадання па-чалавечы дапамагчы іншым”, — падкрэсліў спадар Вячорка.

На ягоную думку, галоўным доказам наяўнасці добрай волі ў цяперашняй улады было б раскрыццё праўды пра Курапаты і іншыя месцы масавай згубы ахвяраў сталінізму ў Беларусі. “Тады мы і палякі дакладна даведаемся, дзе ў Мінску ляжаць нашыя забітыя продкі”, — сказаў Вінцук Вячорка.  

Каментаваць