КДБ падзяліўся з КДК

Камітэт дзяржкантролю, «галоўнае пудзіла» прадпрымальнікаў і бізнэс-структураў, набыў новыя паўнамоцтвы. Зараз ён будзе адказваць за вялікую частку нацыянальнай бяспекі. Адпаведны ўказ №360 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 15 жніўня.



Раней Камітэт дзяржкантролю меў права кантраляваць дзейнасць суб’ектаў гаспадарання на прадмет выканання імі дзеючага заканадаўства, якое забяспечвае абарону правоў спажыўцоў, бяспеку жыцця і здароўя насельніцтва, навакольнага асяроддзя, а таксама абарону эканамічных інтарэсаў дзяржавы. Згодна з унесенымі зменамі, ад гэтага часу КДК будзе кантраляваць і выкананне заканадаўства па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі.

Так, напрыклад, з гэтага часу КДК зможа «прыпыняць цi забараняць вытворчасць (рэалiзацыю) тавараў (выкананне работ, аказанне паслуг) у выпадку выяўлення парушэнняў патрабаванняў заканадаўства па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі». У выпадку, калі будзе выяўлена парушэнне заканадаўства па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі, КДК здолее нават прымаць рашэнне «аб прыпыненні (забароне) дзейнасці суб’екта, цэхаў (вытворчых участкаў), абсталявання, эксплуатацыі транспартных сродкаў».

Пакуль што КДК у нашай краіне меў імідж выключна ўплывовай, але проста «фінансавай паліцыі». Яго галоўным сектарам былі эканамічныя злоўжыванні. І, падаецца, нідзе ў свеце фіскальныя органы не былі надзеленыя паўнамоцтвамі вырашаць праблемы нацыянальнай бяспекі.

Улічваючы тое, што паняцце «нацыянальная бяспека» ў Беларусі занадта размытае, КДК займеў вельмі шырокія паўнамоцтвы. У сучасным эканамічным становішчы любыя эканамічныя пралікі могуць падпадаць і пад азначэнне «пагроза нацыянальнай бяспецы». Але раней гэтымі пагрозамі займаўся КДБ, і толькі. Наколькі гэтыя змены паўплываюць на дзейнасць КДК?

Зразумела, што больш цесна з Камітэтам дзяржкантролю давялося стасавацца прадпрымальнікам. Але для іх гэтая навіна пра пашырэнне паўнамоцтваў КДК сталася ледзьве не шараговай навіной сярод астатніх. Прыкладам, лідар рэспубліканскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка кажа, што яму ад гэтых новаўвядзенняў ні горача і ні холадна. Маўляў, і без КДК любы кантралюючы орган мог накласці на прадпрымальнікаў вялікія штрафы альбо сканфіскаваць тавар, калі размова ідзе аб гандлі. Альбо прыпыніць дзейнасць прадпрыемства, альбо зачыніць яго, калі размова тычыцца вытворчасці. Адзінае, што калі за справу браўся КДК, тады ўжо было вядома: непрыемнасцяў не пазбегнуць. Гэтыя маглі знішчыць любы бізнэс за любую правіннасць.

У КДК і без гэтага было дастаткова рычагоў уздзеяння. Наданне ж новых правоў гэтаму органу Шумчанка тлумачыць толькі адным: сярод сілавых структураў Беларусі пачаўся новы перадзел сфераў уплыву. «Відавочна, што гэта нейкая унутрывідавая прыхаваная барацьба ў саміх сілавых структурах і ведамствах. Я думаю, што там адбываецца пэўны перадзел сфер уплыву паміж той ці іншай арганізацыяй, якія хочуць мець кантроль за той ці іншай сферай народнай гаспадаркі», — адзначыў Шумчанка.

Той жа думкі прытрымліваецца і былы следчы пракуратуры, а зараз кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак. Па ягоных словах, наданне КДК паўнамоцтваў у галіне абароны нацыянальнай бяспекі, якія традыцыйна належалі КДБ, скіраванае не столькі на пашырэнне ролі КДК, колькі на змяншэнне ўплыву структураў КДБ.

Сапраўды, КДБ у грамадстве не выклікае ўжо нейкую жудасць альбо боязь. Хутчэй, рэакцыя на тры раней грозныя літары — кпіны альбо смех. КДБ за апошні час так «аблажаўся» ў шматлікіх справах, што далей, здаецца, няма куды. Праваленая справа аб «плюшавай бамбардзіроўцы» ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2012 года. Суд над «шпіёнам» Гайдуковым ператварыўся ў такі фарс, якога не здолеў прыхаваць нават закрыты судовы працэс. У грамадства дагэтуль застаюцца пытанні па справе тэракта ў мінскім метро ў 2011 годзе: прынамсі, шмат людзей лічаць не даказанай віну Канавалава і Кавалёва, а гэтую справу ад пачатку вёў КДБ. Зараз у КДБ знаходзіцца новы фігурант — ксёндз Уладзіслаў Лазар. Прычым, невядома, калі яго затрымалі, за што, дзе ён сядзіць, што яму інкрымінуецца. У сувязі з гэтым праваабаронцы ўзгадваюць 1937 год, калі быў чалавек, прыехала машына — і няма чалавека, як і не было.

Магчыма, Аляксандру Лукашэнку проста надакучылі скандалы з КДБ. І ён вырашыў такім своеасаблівым чынам пакараць чэкістаў за непрафесіяналізм. Сапраўды, за правалы КДБ павінен быў хтосьці адказаць. Адказала, у выніку, усё ведамства цалкам.

Вельмі цікавы нюанс і ў тым, што КДБ прымусілі падзяліцца найбольш «хлебнымі» паўнамоцтвамі ў сферы дзяржбяспекі, — менавіта «гаспадарчым» сектарам. Калі паглядзець на навіны апошніх месяцаў, звязаныя з КДБ, то пабачым, што Камітэт дзяржбяспекі найбольш паспяхова дзейнічае зараз у антыкарупцыйнай сферы: гэта і справа «Белкаапсаюза», і «будаўнічае хабарніцтва», напрыклад, справа будкампаніі «Антасам», у выніку якой вынята 18 кілаграмаў золата, і справа крадзяжу асфальту для МКАД. Карацей, у прынцыпе, тое, чым павінен займацца менавіта КДК.

Можа, Аляксандр Лукашэнка вырашыў разгрузіць КДБ ад «не ўласцівых яму справаў», каб кантора магла больш эфектыўна расследаваць менавіта тыя справы, для якіх яна і прызначаная? Гэта цалкам магчыма. Тым больш, што, на думку Волчака, некаторыя колы краіны знаходзяцца на мяжы «грандыёзнага шухеру».

«Лукашэнка не раз выказваўся ў тым ключы, што «бедныя беларусы» ездзяць па Мінску на шыкоўных іншамарках ды будуюць прыўкрасныя катэджы пад сталіцай. Па маіх дадзеных, яшчэ ў 2008 годзе КДК негалосна праверыла катэджы пад Мінскам і выявіла каля паўтары тысячы супердарагіх. Магчыма, зараз прыйшоў час камусьці расплачвацца за сытае і бяспечнае жыццё», — мяркуе Волчак.

Каментаваць