КДБ папярэдзіў журналістаў

 У КДБ журналіста Генадзя Барбарыча прымусілі сцерці дыктафонны запіс. Ён браў інтэрв’ю 24 студзеня ў родных палітвязняў, якія прынеслі перадачы ў СІЗА КДБ.

 



 У КДБ журналіста Генадзя Барбарыча прымусілі сцерці дыктафонны запіс. Ён браў інтэрв’ю 24 студзеня ў родных палітвязняў, якія прынеслі перадачы ў СІЗА КДБ.

 Жонка Зміцера Бандарэнкі, Вольга, распавядала пра іх сустрэчу з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Томасам Меліа. Размова адбывалася ў клубе імя Дзяржынскага, які знаходзіцца ў комплексе памяшканняў будынка КДБ. У гэты час супрацоўнік КДБ спыніў размову. Назваць сваё прозвішча ён адмовіўся, забраў у журналіста Радыё “Рацыя пашпарт і павёў на “гутарку.

З Генадзем Барбарычам размаўляў камітэтчык Аляксандр. Ён назваўся, але сказаў, што не хоча, каб яго прозвішча фігуравала ў СМІ. Маўляў, ён мае такое права на падставе закона як супрацоўнік спецслужбы.

“Ён пачаў казаць, што тут рэжымны аб’ект, — распавёў журналіст. — Прывёў у параўнанне ЦРУ. Што калі нехта з апаратурай прыйдзе ў ЦРУ, то ў яго таксама будуць праблемы. Я звярнуў увагу: дзіўна, што клуб Дзяржынскага з’яўляецца рэжымным аб’ектам. Тут праходзяць розныя канцэрты, тэатральныя пастаноўкі. І які ж гэта рэжымны аб’ект? Калі я сам там не раз бываў і бачыў, што людзі і на дыктафоны пішуць, і на тэлевізійныя камеры здымаюць. І на некалькі гадзінаў у дзень клуб ператвараецца з рэжымнага аб’екта ў забаўляльны цэнтр. А тут раптам зноўку — з раніцы рэжымны аб’ект. То бок краіна цудаў.

 У размове было ўзгадана пра затрыманне журналіста Радыё “Рацыя Барыса Гарэцкага. Роўна тыдзень таму, 17 студзеня, ён таксама браў інтэрв’ю ў родных палітвязняў ля будынка КДБ. Яго затрымалі і перадалі ў міліцыю, а наступным днём суд вынес пастанову аб арышце на 14 сутак. Карэспандэнта абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 19 снежня. Нагадаў супрацоўнік КДБ і пра журналіста Радыё “Свабода Алега Груздзіловіча, якога ўжо два разы ў КДБ прымушалі сціраць запісы.

“І прасіў мяне папярэдзіць калег, што не трэба хадзіць у КДБ і рабіць там запісы і здымкі. Таму што ўсё будзе сцірацца і забірацца, — паведаміў Генадзь Барбарыч.
 

Каментаваць