КДБ супраць слесара

Нешта няладнае творыцца ў аплоце стабільнасці. Не паспее Беларусь ачомацца ад адной рэзананснай справы з выбухамі, тэрарызмам ды іншымі іншароднымі элементамі, як з’яўляюцца новыя нагоды засумнявацца ў крыштальнасці і мірнасці беларускага цуда.



Гэтым разам КДБ выкрыў слесара-шпіёна, калі той закладаў «сакрэт» для замежнай разведкі. Пра характарыстыкі схованкі нічога не паведамляецца. «Камітэтам дзяржаўнай бяспекі спынена супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Андрэя Гайдукова, які займаўся паводле задання замежнай разведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару», — паведамілі БелаПАН у Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ. «Згаданы грамадзянін затрыманы супрацоўнікамі КДБ у момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы», — сказаў Аляксандр Антановіч.


У дачыненні да Гайдукова распачата справа на падставе ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці, пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі згодна з часткай 1), «праводзіцца комплекс аператыўна-вышуковых і следчых мерапрыемстваў, скіраваных на выяўленне іншых эпізодаў яго супрацьпраўнай дзейнасці». Затрыманы змешчаны ў СІЗА КДБ. 22-гадовы Андрэй Гайдукоў працуе аператарам на наваполацкім «Нафтане». Багатая на дыверсантаў розных колераў Віцебская вобласць, што і казаць... Разам з Гайдуковым у той жа дзень затрымалі ў Полацку актывіста БХД Іллю Багданава. Аднак Багданаў хутка быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, з яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні таямніцы следства.


Слесар Гайдукоў удзельнічае ў дасюль малавядомым Саюзе маладых інтэлектуалаў і з’яўляецца першым намеснікам старшыні. Падчас перадвыбарчай кампаніі Андрэй Гайдукоў і Ілля Багданаў былі даверанымі асобамі былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксея Філімонава. «Гэта поўная бязглуздзіца, якія дзяржтаямніцы можа ведаць або даведацца звычайны працоўны чалавек?! — пракаментаваў затрыманне Гайдукова для сайта «Хімік» экс-кандыдат. — Ён мог сустракацца з замежнымі грамадзянамі па пытаннях стварэння моладзевай арганізацыі, але гэта патрабаванні нашага заканадаўства, што павінны быць замежныя заснавальнікі». Між іншым, знаёмыя Гайдукова сцвярджаюць, што англійскай мовы ён не ведаў.


Факт выкрытай шпіёнскай дзейнасці простага слесара выклікае мноства пытанняў і кпінаў. Асабліва цікава гэта глядзіцца на фоне апошніх падзей, звязаных са структурамі спецслужбаў. 11 лістапада каля будынка ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці здарыўся выбух самаробнай прылады, распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).


Выбух у Віцебску адбыўся праз два дні пасля адстаўкі старшыні КДБ Вадзіма Зайцава (ён адхілены ад пасады 9 лістапада рашэннем кіраўніка дзяржавы), а таксама напярэдадні ўступлення ў сілу змяненняў і дапаўненняў у законы аб барацьбе з тэрарызмам, аб супрацьдзеянні экстрэмізму і ў некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса (яны ўступілі ў сілу 12 лістапада). Аб рашэнні Лукашэнкі пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы расказаў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў. Ён адзначыў, што ў сваіх выступах генеральны пракурор і старшыня Следчага камітэта паставілі шэраг пытанняў. У прыватнасці, яны тычыліся апошніх падзей, звязаных з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. «Усім вядома пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Ёсць і шэраг іншых пытанняў, якія патрабуюць уважлівага расследавання», — заявіў высокапастаўлены чыноўнік.


Шпіёна Гадукова затрымалі 8 лістапада. Выглядае на тое, што ў Беларусі завяліся чарговыя ворагі з касты «электрыкаў-слесараў», якія спяць і бачаць, як бы дэстабілізаваць абстаноўку (знаёмая фармулёўка з гучнай справы расстраляных за арганізацыю выбухаў у сталіцы на Дзень незалежнасці і ў мінскім метро Канавалава і Кавалёва). Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Алег Гайдукевіч, былы начальнік упраўлення ўнутраных спраў Фрунзенскага раёна Мінска, паспеў зрабіць заяву для прэсы акурат з аналагічнымі словамі. «Гэта спроба дэстабілізаваць абстаноўку ў Рэспубліцы Беларусь, ніякіх жартаў і дробязяў мы тут не бачым», — падкрэсліў ён.


Пра супрацьстаянне, саперніцтва сілавых структур Беларусі вядома даўно. Як вынікае са слоў Мальцава, у гэтай сітуацыі лік на карысць Следчага камітэта — кіраўнік КДБ развітаўся са сваёй пасадаю. Верагодна, аперацыя суперзахопу шпіёна планавалася, каб паказаць, каму трэба, дзеяздольнасць КДБ, але было позна. Відавочна, своечасова прагучалі і выбухі каля будынка ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці, а перад гэтым з’явілася інфармацыя пра выбухі каля дзяржаўнай мяжы і на тэрыторыі літоўскага пасольства. Не краіна, а логава змовы і тэрарыстаў. Сумна, што крайнімі ў высокіх разборках становяцца грамадзяне, палітычныя апаненты (у выпадках надзвычайных сітуацый на допыты традыцыйна цягаюць прадстаўнікоў апазіцыі), а для некага гэта ўвогуле заканчваецца трагічным фіналам. Між іншым, хутка Новы год, то на тле апошніх падзей можна чакаць узмацнення ўвагі міліцыі, а таксама і ўзроўню трывогі жыхароў краіны. Навіны пра выбухі і бітвы за ўраджай зусім з аднаго шэрагу, і першыя ніяк не граюць на пазітыўны імідж уладаў.

Каментаваць