Кэвін Клоўз: “Мы сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі”.

Міжнародны дзень свабоды прэсы 3 мая амерыканская амбасада ў Беларусі адзначыла разам з беларускімі журналістамі незалежных СМІ. Падчас сустрэчы ў Інфармацыйным аддзеле амбасады быў зладжаны тэлемост з вядомым амерыканскім журналістам, былым прэзідэнтам Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа, былым рэдактарам “Вашынгтон Пост Кэвінам Клоўзам.



На здымку: Кэвін Клоўз


 “Гэты дзень, — адзначыў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, — служыць напамінам урадам аб іх абавязку паважаць свабоду слова, гарантаваную 19-м артыкулам Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека. Але, на жаль, падкрэсліў ён, у Беларусі працягвае існаваць глыбокая супярэчнасць паміж гэтай асноўнай свабодай і дзеяннямі ўраду, скіраванымі супраць незалежных СМІ. Ён нагадаў аб мностве фактаў затрыманняў і збіцця журналістаў, канфіскацыі і наўмыснага псавання тэхнікі.
 
Свабодная прэса, на перакананне амерыканскага амбасадара, прадстаўляе платформу для публічнага абмеркавання, забяспечвае бясцэнную магчымасць здзяйсняць кантроль над урадам і ўладамі. “Хвалебныя оды і панегірыкі, — адзначыў ён, — не заменяць праўдзівых рэпартажаў. І таму, калі ласка, звярнуўся ён да журналістаў, “працягвайце рабіць праўдзівыя і жыццёва важныя рэпартажы аб падзеях у Беларусі.
 
Тэма важнасці работы журналістаў была цэнтральнай таксама ў тэлезвароце Кэвіна Клоўза — журналіста, як ён пакрэсліў, у трэцім пакаленні. На яго меркаванне, улады любой краіны не вельмі любяць журналістаў. “Мяне выкідалі з урадавых будынкаў і мэрый у ЗША, — распавёў  ён, — і выганялі з постсавецкіх краін за тое, што я праўдзіва пісаў пра тамтэйшую сітуацыю. У некаторых частках былога СССР мне забаранялі прыязджаць, але я ўсё адно туды трапляў. Урады не хацелі, каб мы пісалі пра тыя рэчы, пра якія мы ведалі.
 
Але калі адбываюцца рэпрэсіі, падкрэсліў спадар Клоўз, гэта закранае ўсіх. “Мы сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі. Калі ў вас рэпрэсуюць журналістаў, то мы разумеем, што гэта датычыць усяго грамадства. Сёння мы салідарныя, мы разам, мы побач".
 
Само геаграфічнае становішча Беларусі, на меркаванне спадара Клоўза, вызначае шлях Беларусі ў будучыню не ў ізаляцыі, а ў інтэграцыі, у адкрытасці, ўцягнутасці ва сусветныя працэсы: «Гэта датычыць і нашага прафесійнага супрацоўніцтва», — падкрэсліў ён.

Адказваючы на пытанне аб мэтазгоднасці санкцый, спадар Клоўз звярнуў увагу на неабходнасць не атаясамліваць уладу з грамадствам. Санкцыі не павінны адбіцца пагаршэннем стану насельніцтва, але санкцыі кропкавыя супраць ураду, кіраўніцтва, якія будуць адчувальнымі для іх, а не для простых людзей, могуць быць эфектыўнымі.

Майкл Скэнлан


 
На пытанне, ці не пагаршае імідж Беларусі ў вачах замежнікаў той факт, што яна пастаянна трапляе ў спіс самых несвабодных краін, спадар Клоўз адказаў адмоўна. Паводле яго слоў, у ЗША ёсць яснае і дакладнае разуменне прыроды, сутнасці рэжыму Лукашэнкі, адпаведна, адносіны да гэтага рэжыму вельмі скептычныя, ён выклікае расчараванне. 
 
Спадар Клоўз закрануў таксама тэму новых выклікаў і новых магчымасцей для сучаснай журналістыкі, абумоўленых наступленнем новай інфармацыйнай эры, новымі тэхналогіямі.
 
“Мы, — канстатаваў ён, — у вытокаў трансфармацыі журналістыкі, і гэта нас яшчэ больш збліжае. Але нязменнымі застаюцца прынцыпы. “Нашая задача, — сфармуляваў Кэвін Клоўз, — надалей прытрымлівацца нашых стандартаў, каб гэта дазволіла нам супрацьстаяць сур’ёзным выклікам. А менавіта — дакладная падача інфармацыі, скептыцызм у яе ацэнцы, праверка праўдзівасці і незалежнасці журналіста».
 
Амбасада ЗША таксама наладзіла тэлемост з Вільняй, з удзелам рэдактара сайту «Хартыя–97» Наталлі Радзінай якраз у дзень яе народзінаў, што супадае з Днём свабоды прэсы. Такое сімвалічнае супадзенне ў яе лёсе — выбітнай журналісткі і змагаркі з дыктатурай. З гэтым двайным святам Наталлю і павіншавалі яе беларускія калегі.
 

Каментаваць