«Кібаргі» — хлопцы з суседняга двара

«Ведаеце, што я зраблю першым чынам, калі дадому зайду? Я нахілюся да жончынага жывата, прыкладуся да яго вуснамі і ціхенька скажу: чуеш, я жывы, я прыехаў…» — хлопца, які прамаўчаў амаль усю дарогу, нібы прарвала...



Гэтым разам мы едзем з валанцёрскай дапамогай у месца баявых дзеянняў — раён Дэбальцава, шчыльна аточаны войскамі праціўніка. Тут перамір’е заўжды было папяровай умоўнасцю. Штодзённыя артабстрэлы і сутычкі, штодзённыя весткі пра параненых і забітых, далёка не ўсе з якіх трапляюць у навіны, замінаваныя палі і пасадкі, дыверсіі і пасткі, гераізм і подласць.

 

Ці баюся я артабстрэлаў? Баюся

Андрэй Мізан і Аляксандр Агаркаў курсіруюць паміж родным Крывым Рогам і перадавой кожны тыдзень. Сабралі патрэбныя рэчы і паехалі, сабралі — паехалі. Ноч пераначуюць у лагеры і дадому, зноў рэчы збіраць. Апроч валанцёрскай дапамогі, возяць пасылкі салдатам ад родных. Назад вязуць тое, што трэба адрамантаваць (прымус, бензапілу і г.д.) ці перадаць дамоў, падвозяць салдат, якія едуць на пабыўку.

Крайні злева — Аляксандр Агаркаў, крайні справа — Андрэй Мізан, унізе ў акулярах — Алег, крыварожскі завадчанін

 

Андрэй — у мінулым начальнік аддзела продажаў украінскага прадстаўніцтва кампаніі D-Link, сусветнага вытворцы сеткавага і тэлекамунікацыйнага абсталявання. Кінуў працу і заняўся дапамогай вайскоўцам пасля таго, як у луганскім аэрапорце загінуў ягоны сябра, колішні аднапалчанін. Ён ляцеў у тым самым сумнавядомым Іл-76. Напярэдадні яны гутарылі, той радаваўся, што нарэшце іх чакае «сур’ёзная справа» пад Луганскам, клікаў Андрэя, колішняга дэсантніка, далучацца да іх. Андрэй кажа, што цалкам мог апынуцца ў тым збітым самалёце, сябра яго ўгаварыў, заставалася толькі дарабіць сякія-такія справы.

Андрэй лічыць, што пажыўным булёнам для вайны служыць абыякавасць многіх з яго суграмадзянаў. І толку не будзе да таго часу, пакуль бяда не закране кожнага асабіста.  

Аляксандр — святар, хаця баксёрскае мінулае наклала на яго глыбокі адбітак, ён і зараз можа не толькі суцешыць словам няшчаснага, але і суцішыць кулаком якога-небудзь нягодніка. Патомны «бандэравец», дзяды ваявалі ў УПА. І сам, кажа, ужо ў 1991 годзе, падчас путчу ў Маскве, сядзеў разам з паплечнікамі з УНА-УНСО ў лесе, рыхтаваўся да партызанскай вайны. Тады ён толькі скончыў школу.

На прыборнай панэлі ў яго два сцяжкі — дзяржаўны і чырвона-чорны, які ён называе «сцягам вайсковага супраціву». Ён жа, па словах Аляксандра, служыць эфектыўным сродкам для таго, каб «адпуджваць нахабных даішнікаў». Сам бачыў — працуе.               

«Ці баюся я артабстрэлаў? Баюся. Аднойчы на ўсіх парах давялося праскочыць участак зялёнкі (дарогі, абапал якой ёсць зялёныя насаджэнні — аўт.), які энергічна абстрэльваўся, дык я потым з гадзіну не мог стырно з рук выпусціць, намёртва ўчапіўся. Калі абстраляюць лагер, дзе мы заначуем, мабыць, я ў майтках выскачу ў поле, буду мітусіцца, на карачках поўзаць і шукаць, у якую б шчыліну забіцца. Гэта нармальна. Ненармальна не дапамагаць хлопцам, якія трымаюць фронт ад распаўзання… Затое мае дзеці цяпер ад гаджэтаў і гульняў адарваліся, ім з бацькам хочацца паразмаўляць, ужо пра нейкія іншыя каштоўнасці разважаюць», — кажа Аляксандр.

Андрэй Мізан у ролі інструктара па стральбе

На вайну хочацца вярнуцца

Аляксандр дадае, што на перадавую, нягледзячы на смяротную рызыку, яго цяпер ужо цягне, хочацца хутчэй туды вярнуцца. І я разумею яго. Так, не сорамна прызнацца, што пад артабстрэлам вельмі страшна. Я бачыў, з якім стоеным болем углядаюцца ў неба салдаты, пачуўшы кананаду «Градаў» удалечыні. Дарэчы, вельмі цяжка зразумець па ўскосных прыкметах, прыляціць яно да цябе ці не прыляціць. Канчаткова ясна будзе толькі ў той момант, калі снарад упадзе дзе-небудзь побач. Вось тады бяжы і хавайся. Калі паспееш.

У дарозе пад абстрэлам мне хацелася зрабіцца маленькім-маленькім і ўціснуцца ў падлогу. Выкід адрэналіну такі, што здаецца, быццам зараз душа з цела сама выскачыць і паляціць са свістам. Ніякае «Супер-8» такіх уражанняў не дасць.

Але вярнуцца сюды хочацца зусім не для таго, каб паказытаць нервы. Вайна — гэта не крута, а балюча, страшна і цяжка. Захапляцца ёй могуць толькі маньякі кшталту Гіркіна. Сярод украінскіх салдатаў, якіх я сустракаў, камусьці лягчэй было, камусьці цяжэй, хтосьці ўсміхаўся, а хтосьці ўжо перастаў, але нават з выгляду сапраўдныя ваўкі вайны не атрымлівалі тут асалоды.  

Чаму ж хочацца вярнуцца? Я сам сабе не магу да канца растлумачыць гэтую магію. Магчыма, таму, што я дасюль не сустракаў калектываў, дзе ставіліся б адзін да аднаго настолькі роўна і паважліва. Нават з «акулярыка», які ў вольны ад баявых заданняў час сядзеў і чытаў, што траплялася пад руку, хоць інструкцыю да мінамёту, хоць жаночы раман, замест таго, каб зрабіць нешта па гаспадарцы, кпілі вельмі бяскрыўдна. Нават на тых, хто не мог прачнуцца ўначы, каб падкінуць дроўцаў у печ, па-сапраўднаму не злаваліся. Хаця тэмпература такая, што вада ранкам у рукамыйніку ператвараецца ў лёд. Калі ўначы не падкінуць дроўцаў, холад у намёце стаіць страшны. Тых, хто вяртаецца з баявога задання (яно можа доўжыцца дзень-два, а можа і месяц), сустракаюць воклічамі «ура!» і кідаюцца іх абдымаць. Я ў намёце разведроты правёў усяго дзве ночы, нічога асаблівага для іх не зрабіў, толькі дапамог прыцягнуць шыфер для альтанкі і падарыў «акулярыку» зборнік апавяданняў. Не богведама што. Развітваліся ж са мной так, быццам мы агонь і ваду разам прайшлі.   

Ад'езд на заданне

 

Вяртанне з баявога задання

Познім вечарам байцы разыходзяцца ў розныя бакі з тэлефонамі, каб паразмаўляць з бацькамі, дзецьмі, жонкамі. Размаўляюць ціха і пяшчотна. Некаторыя адсюль прымудраюцца нават урокі дзецям дапамагаць рабіць. Увогуле, пра дзяцей тут часта гавораць. Значна часцей, чым на рыбалцы ці ў лазні.

«Яны закоўваюць іх у ланцугі і вядуць на міны»

Мы сядзім вечарам у альтанцы пад акампанемент «Градаў» з боку праціўніка. Хлопец па мянушцы «Радыстка Кэт», які ніколі не выпускае з рук якога-небудзь прыбору сувязі — калі не праслухоўвае перамовы сепаратыстаў, дык важдаецца з уласным тэлефонам, уключыў радыё ДНР.

Паміж выпускамі навінаў там грае музыка. Раз-пораз якія-небудзь дзікія песні кшталту «Рускага маршу» Жанны Бічэўскай, але ў асноўным стары рускі рок. Усім вядомыя песні. Хто зброю чысціць, хто з домам размаўляе, хто вячэру даядае, а хто падпявае Нікольскаму: «Мой друг художник и поэт в дождливый вечер на стекле / Мою любовь нарисовал, открыв мне чудо на земле…». Калі б я быў рэжысёрам, наступным кадрам даў бы карцінку з таго боку фронта, дзе хтосьці гэтак жа задуменна падпяваў бы Нікольскаму, пагладжваючы аўтаматам. Хаця, магчыма, там якраз слухаюць украінскае радыё.

Пачынаецца выпуск навінаў, ранейшая галюцынаторная ідылія развейваецца. Нейкая цётка скрыпучым голасам расказвае, што ўкраінскія вайскоўцы спрэс і ўсюды парушаюць перамір’е, а яшчэ кагосьці (я недачуў, мабыць, рускамоўных жыхароў Данбасу) «закоўваюць у ланцугі і гоняць на мінныя палі». У Алега, крыварожскага завадчаніна, які прыехаў разам з намі на перадавую, каб сваімі вачыма ўбачыць, што тут да чаго, і ўпершыню пачуў прапаганду ДНР, лезуць вочы на лоб. Астатнія салдаты або сумна ўсміхаюцца, або ніяк не рэагуюць. Хтосьці жартуе, маўляў, а ты думаў, да нармальных людзей трапіў? Не, браце, тут спрэс адны ваўкалакі. І ты ваўкалакам станеш, пабыўшы з намі.

 

Дайце нам пахаваць нашых братоў!

Хлопцы не настроеныя размаўляць пра вайну, ім хочацца хаця б тут, у лагеры, на які момант забыць пра яе. Адзінае, аб чым просяць мяне расказаць чытачам:

«Скажы, што гэтыя паскуды не аддаюць нам нашых палеглых братоў! Дайце нам іх пахаваць, нелюдзі, чорт вас бяры!»

Па словах хлопцаў з разведроты асобнай 17-ай танкавай брыгады (яе байцы стаяць у тым ліку ў данецкім аэрапорце), спачатку камандзір паслаў іх туды, куды не павінен быў пасылаць, прынамсі яны ў гэтым упэўнены. Панеслі страты, загінуў, апроч іншых, бацька шасцярых дзяцей. Яны патрабавалі ад камандавання дамагчыся, каб целы загінулых вярнулі. Але камандзіры «марозіліся». Хлопцы самі пачалі шукаць магчымасці вярнуць пабрацімаў, пайшлі на перамовы з вядомымі стаханаўскімі казакамі. Выйсці на іх дапамог нейкі святар. У месцы, куды ён адправіў хлопцаў, іх чакала пастка. Да загінулых, целы якіх яны спрабавалі вярнуць, дадаліся іншыя… Салдаты не вытрымалі, штурмавалі са зброяй уласны штаб, патрабавалі замяніць камандзіра. Зрэшты, скончылася ўсё тым, што іхную роту раскідалі па розных баявых пазіцыях, самых небяспечных. Целы ж дасюль застаюцца недзе там, у палях.

У дзень нашага прыезду хлопцы якраз затрымалі разведчыка з таго боку. Ніхто «выпадкова» не прастрэліў яму каленку, не сказаў ніякіх гадасцяў жонцы, якая тэлефанавала яму на мабільны. «Яны звычайна нашым жонкам тэлефануюць і гавораць, каб забіралі труп, бо ўжо смярдзіць так, што няма чым дыхаць», — гаворыць адзін з байцоў. Затрымалі і перадалі праваахоўнікам.

Не, там не ва ўсіх жалезная вытрымка. Адзін усё ж зляцеў са шпулек. Ігар, змрочны мужык сярэдняга ўзросту, шахцёр, з турэмным тэрмінам за плячыма, які апынуўся ў разведроце з не зусім зразумелай прычыны і стараніўся ўсіх, пабіўся з Васілём, такім сабе Партосам, гаваркім і вясёлым жыццялюбам. У дадатак выпадкова падбіўшы вока Дзеду Панасу, ён жа Санта, — найстарэйшаму байцу ў разведроце.

Пачалося ўсё з доўгага маналога Ігара пра загінулых і пастку, ён хваліў сябе, лаяўся на астатніх, кляў усё на свеце, чапляўся да Аляксандра, маўляў, той не быў пад «Градамі», дык хай маўчыць. Урэшце пачаў абвінавачваць без разбору, каго ў чым. А пасля бойкі кінуўся ў намёт, вырваў чаку з гранаты і пагражаў усіх узарваць. Улічваючы, што намёт нашпігаваны боепрыпасамі пад завязку, хлопцы ледзь не ляжаць на процітанкавых мінах замест падушак, скончыцца ўсё магло вельмі сумна.

Хлопцы хадзілі да камандзіра з патрабаваннем забраць таго Ігара да сябе ў намёт, калі ён лічыць мэтазгодным знаходжанне такога чалавека на фронце. Не забраў. Але ранкам самому Ігару ніхто нават не нагадваў пра яго вячэрнія подзвігі.

Справа — той самы Ігар

 

Тут расцяжак няма

Падвезці з перадавой дадому Аляксандр узяў двух хлопцаў-артылерыстаў. Яны доўга маўчалі, занураныя ў свае думкі. Мо праз гадзіну, калі не болей, адзін з іх раптам сказаў: «Неяк усё гэта… дзіка. Едзем, у акно глядзім, музыку слухаем». І зноў надоўга змоўклі.

Спыняемся для таго, каб справіць малую патрэбу і перакурыць, хлопцы з машыны выходзяць і туляцца да яе, не адыходзяць. Андрэй ім гаворыць: «Вы чаго, тут можна ў зялёнку спакойна хадзіць, расцяжак няма, вакол мір, выехалі ўжо з вайны». Калі ж ззаду на дарозе з’яўляюцца машыны, па звычцы дадае: «Увага, рух справа!»

Я і сам ужо паспеў набрацца спецыфічных звычак. Калі Андрэю трэба было схадзіць у аптэку ў Краснаармейску, горадзе пад украінскім кантролем, але, скажам так, не вельмі добранадзейным, ён запытаўся, ці не сходзіць хто-небудзь разам з ім — для падстрахоўкі. «Ты гранату з сабой вазьмі», — кажу яму. Бо так рабілі хлопцы на перадавой, калі хадзілі лячыць зубы ў мястэчка. Проста ў кішэні клалі гранаты, называючы гэта «набраць з сабой груш». Іншай зброі не бралі, каб мясцовых лішні раз не нерваваць.

Аляксандр заўважае, што не варта так жартаваць. СБУ, кажа, не дрэмле. Сепаратыстаў ім адлоўліваць не вельмі хочацца, бо яны, халера, небяспечныя. А вось салдатаў, якія вяртаюцца з Данбасу, пільнуюць, каб зброю дадому не везлі.

«Чуеш, я жывы, я прыехаў!»

Амаль да самага канца дарогі мы не ведалі, па якой уважлівай прычыне нашых спадарожнікаў адпусцілі дадому. Бо яны толькі месяц дома не былі, а некаторыя дому па пяць месяцаў не бачаць. Потым старэйшы з іх, хлопец з вёскі, сказаў паўшэптам, што ў ягонай маці дыягнаставалі рак, кладуць на доўгае лячэнне. Маці не магла выйсці сустрэць яго на дарозе, а жонка з дачкой заўважылі здалёк, пабеглі насустрач, не заўважаючы аўтамабіляў. Жонка кінулася на шыю, дачка — абняла ногі.  

Маладзейшы (хаця таксама з маршчыністым тварам старыка) ехаў да Крывога Рогу. Калі мы ўехалі ў горад, па радыё зайграла нейкая вясёлая песня. Салдат падскочыў і пачаў прытанцоўваць, балазе габарыты машыны дазвалялі. Патанцаваўшы, ён упаў каленамі на падлогу, як робяць футбалісты, забіўшы гол, узняў рукі ўгору і закрычаў: «А-а-а, Крыўбас, я дома, дома!».

«Ведаеце, што я зраблю першым чынам, калі дадому зайду? Я нахілюся да жончынага жывата, прыкладуся да яго вуснамі і ціхенька скажу: чуеш, я жывы, я прыехаў. Чаго вы думаеце мяне адпусцілі, сынок мяне чакае, не сёння-заўтра на свет з’явіцца. Жывы я, прыехаў! Потым вухам да жывата прыкладуся — паслухаю, што ён мне адкажа… Мне сябры тэлефануюць, пытаюцца, ну як яно там, на вайне, многіх паклаў? Я ім заўсёды адказваю — і не пытайцеся, не трэба яно вам, хопіць таго, што я ўсё гэта перажыў. Пра вайну зусім размаўляць не хачу», — хлопца, які прамаўчаў амаль усю дарогу, нібы прарвала.

Працягласць Крывога Рогу складае больш за 100 кіламетраў, развозіць усіх пасажыраў па дамах Аляксандру складана. Мы спыніліся на адной з ускраінаў, каб перасадзіць салдата ў таксі. І засталіся з ім дачакацца машыны — для падстрахоўкі. Патэлефанавалі, кажам, салдацік з вайны вярнуўся, у яго жонка вось-вось народзіць, прыязджайце хутчэй. Дзесяць хвілін няма, дваццаць, паўгадзіны. Няма машыны.  

«Ды што ж такое, мы вас у чорны спіс занясем, вы нейкае сепар-таксі, вамі ніхто карыстацца не будзе!» — гарачыцца Андрэй.

Потым, калі мы салдаціка нарэшце пасадзілі ў таксі, Аляксандр гаворыць, што хлопец, мабыць, яшчэ перажыве шок, сутыкнуўшыся з абыякавасцю. Многія жывуць сваім жыццём, ім да вайны справы няма, яны не разумеюць, які подзвіг ён здзейсніў.  

Справа і злева хлопцы, якія паехалі дадому

 

Хлопцы з суседняга двара

Вось так выглядаюць «Кібаргі» Дзед Панас стаіць другі справа

Калі я быў на перадавой, з дому мне прыходзілі паведамленні, каб я хутчэй адтуль ад'язджаў, бо патрэбны сям'і жывы і здаровы, дома і без таго шмат праблемаў, навошта гэты авантурызм і неапраўданая рызыка. Я падумаў, што сапраўды не маю права знаходзіцца ў месцы, навіны адкуль будуць пастаянна прымушаць сціскацца сэрцы маіх блізкіх. Ну каму якая будзе карысць, калі са мной нешта здарыцца. Мне ж не цяжка — прыхапіў заплечнік, развітаўся з хлопцамі, сеў у машыну і паехаў. Не трэба, каб памірала маці або мелася нарадзіць жонка. Колькі гадзін — і твая сям'я ўздыхае з палёгкай, бо табе ўжо нічога не пагражае.

У мірнай Днепрапятроўскай вобласці мне зрабілася сорамна за сваё «ільготнае» становішча, за лёгкасць, з якой я з'ехаў з перадавой. Па ўсёй Украіне, у тысячах сем'яў, дзе сочаць за навінамі з Данбасу, сціскаюцца сэрцы, рукі цягнуцца да тэлефону і пачынаюць трымцець, калі ніхто не адказвае. А калі адкажа — бессэнсоўна прасіць яго, каб хутчэй вяртаўся дадому, бо ўжо няма сілаў трываць такую душэўную напругу. Толькі душу яму ірваць. Бо ён не можа прыхапіць заплечнік, развітацца з таварышамі, сесці ў машыну і праз колькі гадзін быць дома.

Не таму, што выкаваны са сталі з галавы да пятаў ці мае ад нараджэння дадатковыя «скілы» і «фічы». Не праз падвышаны ўзровень авантурнасці. У яго мірная прафесія, сям’я, непадрыхтаваная да таго, каб у нейкі момант атрымаць пахавальны ліст. Ён не народжаны забіваць ці быць забітым, ён такі самы, як і ты, хлопец з суседняга двара. У «кібарга» ён мусіў ператварыцца, каб вярнуцца дамоў і дома ў яго быў мір. Не кожны змог.

Алег, крыварожскі завадчанін, які прыехаў разам з намі на перадавую, каб сваімі вачыма ўбачыць, што тут да чаго, як зачараваны паўтараў: «Ну ні фіга сабе, слухай, тут звычайныя хлопцы, сядзім, нібыта на загарадным пікніку, а вакол вайна, смерць… Нешта неверагоднае».

«Яны радуюцца, як дзеці, калі да іх прыязджаеш. Нават не падарункам, проста твайму прыезду. Што пра іх не забываюцца», — кажа Аляксандр Агаркаў. І гэта сапраўды так.

Напаўжартам хлопцы клікалі мяне заставацца з імі, разам на баявыя заданні хадзіць. Нічога, маўляў, што непадрыхтаваны, мы ўсе тут такія, навучышся. Улезеш у нашу шкуру, пабачыш і перажывеш тое, што мала хто з журналістаў бачыць і перажывае. Яны не строілі кпіны і не кідалі выклік, які я не мог бы прыняць. Ім было насамрэч прыемна, што іхным жыццём шчыра цікавяцца, хаця б часткова дзеляць з імі цяжар і рызыку, і хацелася адцягнуць момант, калі яны зноў застануцца сам на сам.  

Варта, каб такі момант не цягнуўся доўга. Яны застаюцца тут, на перадавой, бо іншыя застаюцца дома. Тым, хто мае такую перавагу, ганебна выкарыстоўваць яе дзеля таго, каб жыць так, нібыта ніякай вайны няма.

Мой калега, журналіст Андрэй Аляксандраў, звярнуўся ў фэйсбуку да сваіх сяброў з пытаннем, ці сочаць яны па-ранейшаму за падзеямі ва Украіне. Сярод розных адказаў трапляліся і такія: «закалябала гэтая вайна», «асаблівай цікавасці ўжо няма», «сам чорт не разбярэ, што там адбываецца», «паўплываць ніяк не магу, таму не сачу».

Пасля паездкі на перадавую, дзе вайна ўсіх задзяўбла значна больш, чуць гэта асабліва прыкра. Адбываецца тое, што адбывацца не павінна. І нас гэта непасрэдна тычыцца. Нават калі не казаць пра «нашу і вашу свабоду». Тут як не пачнеш з салдатамі размаўляць, абавязкова высветліцца, што ў іх сваякі ў Беларусі, былыя аднапалчане, аднакурснікі, сябры, успаміны аб нашай краіне.

Вайна зусім-зусім блізка. Не адчуваць яе гэтак жа небяспечна, як не адчуваць, што ў цябе загарэлася нага, якая ад галавы хоць і далёка, але не настолькі, каб можна было яе ігнараваць. 

P.S: У Сяргея, хлопца, якога адпусцілі на пабыўку да цяжарнай жонкі, нарадзіўся сын. Мы віншуем шчаслівага бацьку і яго сям'ю і спадзяемся, што Сяргею ніколі не прыйдзецца адпраўляць сына на вайну...

Абмеркаванне:

  • Тарэсса
  • 2014-10-12 02:09:48
Дзякуй, Зміцер, за пранізьлівы тэкст, за тваю сардэчную боль і непрыняцце жахаў вайны. Ня ведаю, як гэта можна абвыякава ставіцца да таго, што зараз перажывае Ўкраіна, нашыя браты. Як нельга не
шкадаваць тых русскіх, якія не знаходзяць у сябе разумення ці мужнасці, каб сказаць разам з тымі адзінкамі-героямі, што гэта робяць:"Прабач, Украіна!" Хоць ты станавіся ў ланцуг ад
Масквы да Кіева і паўтарай: "НЕ - ВАЙНЕ!!!"
  • МАРНИЧ
  • 2014-10-12 03:36:06
Адчуваю, што трэба РАЗАМ шукаць нейкую "болевую точку" у матывацыі сваей пазіцыі аботвума бакамі, але не ведаю, як гэта рабіць, ды з чаго пачынаць. Спабую раз за разам, але тое, што
"само просіцца" мне ў рукі, не ўспрымаецца іншымі, чытачамі ...
  • Антось
  • 2014-10-12 14:04:00
Тэкст пранізлівы, аўтар дае нам магчымасць зразумець, хто нам свой, а хто чужы ў гэтай калатнечы. Заўважце, ніхто не ўзгадвае пра сустрэчу верхаводаў краін СНД, а пра барысаўскі матч дагэтуль -
інфармацыйны шторм. Там хацелася павыхоўваць Парашэнку (ай-яй-яй, пасмеў не прыехаць да нас!), а агрэсару Пуціну ніхто нават пальцам не паківаў. А заўзятары не пабаяліся. Выснова: трэба ўзмацняць
голас народнага пратэсту, бо інакш хлопцам пад Дэбальцавым сядзець у акопах доўга, а потым тая ж навалач і да нас памкнецца.
  • Елена Владимировна
  • 2014-10-12 15:45:30
Мне кажется, Антон, что здесь самое страшное - ненависть, которая охватывает души сотен тысяч людей с обеих сторон. И это губит людские души, что гораздо страшнее, чем загубленные тела... И вот с
этой бедой справиться сто крат сложнее!
  • Кастусь
  • 2014-10-12 15:45:57
Усім хлопцам, табе ўключна, - хутчэй скончыць сваю працу. І -- жыць!
  • М.Т.
  • 2014-10-14 23:19:52
Вельмі шчыра напісана!
  • Yuri
  • 2014-10-16 00:25:27
Жыве Беларусь! Спасибо, братья-славяне!

Каментаваць