Кіраўніцтва «Вігеўрабуду»: будаўніцтва не закранае ахоўнай зоны Курапатаў

Будаўніцтва не закранае ахоўнай зоны Курапатаў. Пра гэта ў пісьмовым адказе на адкрыты ліст грамадскасці да забудоўцаў тэрыторыі каля Курапатаў заявіў генеральны дырэктар ТДА “Вігеўрабуд” С.С.Поляк.



Нагадаем, што 30 красавіка пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом беларускай грамадскасці да СТАА “БелРэстІнвест” і ТДА “Вігеўрабуд”.

Як вядома, у апошнія гады гэтыя інвестары здзейснілі незаконнае будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў — “БелРэстІнвест” узвёў рэстаранна-забаўляльны комплекс з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” з заходняга боку народнага мемарыяла, а “Вігеўрабуд” — ачышчальныя збудаванні з вадаёмам для працягу катэджнага пасёлку “Сонечны” з паўночнага боку ўрочышча.

У акрытым лісце, між іншым, зазначалася, што да бізнэсоўцаў звяртаюцца “неабыякавыя грамадзяне, каго хвалюе лёс Курапатаў — месца згубы тысячаў бязвінных ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў. Пабудаваўшы на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” і ачышчальныя збудаванні з вадаёмам, Вы не толькі парушылі заканадаўства, але і кінулі своеасаблівы цынічны выклік духоўным традыцыям нацыі з яе паважлівым стаўленнем да памяці продкаў. Аднак дзяржава, на вялікі жаль, адмовілася выконваць свой прамы абавязак і бараніць ад беззаконня Курапаты — гэты велічны помнік трагедыі беларускага народа”.

Таму мы звяртаемся да Вашага сумлення, якое не павінна дапусціць здзеку з нацыянальнай святыні беларусаў, і просім Вас па добрай волі вынесці па-за межы ахоўнай зоны Курапатаў незаконна ўзведзеныя аб’екты, а таксама адмовіцца ад планаў па далейшай забудове недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны гэтай унікальнай нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння”, — падкрэслівалася ў звароце.

Яго падпісанты адзначылі, што ў адваротным выпадку прадпрымальнікам альбо іхнім нашчадкам давядзецца адказваць перад беларусамі за незаконныя дзеянні і здзек з Курапатаў.

У сваім адказе спадар Поляк, між іншым, зазначыў: “разумеючы і падзяляючы” меркаванне падпісантаў адкрытага лісту пра “вялікую маральную значнасць” Курапатаў для беларусаў, “таварыства адважваецца запэўніць Вас у тым, што ўсе ўчыняемыя ім, як забудоўшчыкам пасёлка “Сонечны”, дзеянні па арганізацыі будаўнічага працэсу маюць характар той ступені адказнасці і абачлівасці”, якая патрабуецца ад “Вігеўрабуду” ў сітуацыі, якая склалася.

“Будаўніцтва пасёлку ажыццяўляецца пры наяўнасці ўсіх дазваляльных і ўзгадняльных дакументаў пры адсутнасці якіх-небудзь злоўжыванняў з боку забудоўцы і выканаўцаў працаў у адносінах да тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў”, — падкрэсліваецца ў лісце.

Ягоны аўтар заявіў, што “Вігеўрабуд” і надалей гарантуе сваё далікатнае і паважлівае стаўленне да памяці нашых продкаў і традыцый беларускай нацыі”.

Высокія словы. Толькі не вельмі яны адпавядаюць рэчаіснасці. Узгадваю паводзіны прадстаўніка кіраўніцтва “Вігеўрабуду” падчас пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова­-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, што адбылося 27 лістапада 2013 года ў Мінску. Паводзіны гэтага бізнэсоўца выглядалі проста дзіўна, бо ён у жорсткім катэгарычным тоне патрабаваў ад сябраў рады перадаць “Вігеўрабуду” частку тэрыторыі ахоўнай зоны на поўнач ад Курапатаў пад жылую забудову, добра ўсведамляючы, што такія патрабаванні супярэчаць закону. І, калі ў сваім маналогу прадпрымальнік узвысіў голас, спасылаючыся на падтрымку вышэйшага чыноўніцтва краіны, сябры рады панурылі галавы ды моўчкі зносілі такі здзек з закону, сябе і Курапатаў.

А падчас сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці з міністрам культуры Барысам Святловым, што адбылася 12 лістапада мінулага года ў Мінску, начальнік упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі так і не змог даць уцямнага адказу на неаднаразовае пытанне, ці штрафаваліся парушальнікі недатыкальнасці ахоўнай зоны Курапатаў, што незаконна ўзвялі там ачышчальныя збудаванні з вадаёмам.

Так што высокі стыль заявы гендырэктара “Вігеўрабуду” супярэчаць дзеянням таварыства ў ахоўнай зоне Курапатаў і намерам забудаваць яе. На маю думку, паверыць спадару Поляку можна будзе толькі тады, калі “Вігеўрабуд” вынесе з ахоўнай зоны каштоўнасці незаконна пабудаваныя аб’екты.

Каментаваць