Кіраўнікі Руху «За Свабоду» правялі акцыю салідарнасці з кнігарняй «ЛогвінаЎ»

Старшыня  арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч і ягоныя намеснікі Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец наведалі кнігарню «ЛогвінаЎ» і набылі там беларускія дзіцячыя кнігі.



На набыццё кніг, аўдыёзапісаў казак і відэафільмаў было выдаткавана чатыры мільёны дзвесце тысяч рублёў. Кнігі і дыскі былі перададзеныя ў беларускамоўныя групы двух дзіцячых садкоў Цэнтральнага раёна Мінска.

“Самая галоўная зброя супраць пераследу незалежнага грамадства — гэта салідарнасць. Чым больш будзе салідарнасці, тым менш будзе рэпрэсій. І думаю, што ўлада вельмі баіцца свабоднага слова, свабоднага мыслення і ўвогуле незалежных ініцыятываў. Таму зараз вялікія праблемы ў прыватнага бізнесу. Улада хоча ўсё кантраляваць. Але як раз вольнае слова кантраляваць немагчыма. Беларусы мусяць падтрымліваць адзін аднаго. Калі будзе узаемная падтрымка, аўтарытарны рэжым не здолее падпарадкаваць вольныя  грамадскія ініцыятывы”, — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

“Салідарнасць — адзінае, што мы можам супрацьпаставіць рэпрэсіўным дзеянням Лукашэнкі. Дапамагаючы выжыць кнігарні, праз набыццё і распаўсюд беларускай літаратуры мы інвестуем ва ўласную будучыню”, — дадаў Юрась Губарэвіч.

Нагадаем, грамадства актыўна падключылася да збору сродкаў для выплаты велізарнага штрафу, які прысудзілі выдавецтву “ЛогвінаЎ”. Ужо сабрана болей за 10 тысяч даляраў.

Калегія па эканамічных справах Вярхоўнага суда разгледзела сёння скаргу выдаўца Ігара Логвінава і пакінула ў сіле рашэнне пра спагнанне з экс-уладальніка кнігарні “Логвінаў” штрафу ў памеры 5,4 млн. рублёў, а таксама канфіскацыі даходаў яго прадпрыемства за 2014 год у памеры 961 млн. рублёў.

Каментаваць