Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам

І вось як у кроплі вады ў гісторыі з Крачуном адбіваецца сённяшняя сістэма арганізацыі беларускага грамадства. Крачун заўсёды неабвяргальны: бо ён — кіроўца дзяржаўнай машыны.



Аркадзь Крачун пасля ДТЗ на плошчы Бангалор


Аркадзь Крачун, кіроўца аўтобуса МАЗ-105 (гармоніка) з аўтапарку №6, які здзейсніў 20 ДТЗ ў 2013 г. у Мінску і застаўся непакараным — як быццам з прычыны невінаватасці, ужо зрабіўся героем Інтэрнэту. Каля 170 тысяч праглядаў набраў ролік на youtube.
 
 
Якая эстрадная зорка ці палітычны дзяяч можа пахваліцца гэтакай папулярнасцю? Пісаў пра яго і НЧ, і шматлікія іншыя рэсурсы. Кожная з публікацый пра героя на папулярным сайце tut.by – з самім ролікам і з падрабязным аналізам усіх інцыдэнтаў атрымала да тысячы водгукаў у абмеркаваннях.
 
 
Папраўдзе, “крэсла” пад новай зоркай пад націскам публічнасці захісталася: намеснік дырэктара па бяспецы дарожнага руху аўтобуснага парку №6 Аляксандр Лужынскі напярэдадні паведаміў Радыё Свабода: скандальны кіроўца можа быць звольнены. Не ўсё адназначна з ДТЗ 3 снежня 2013 г., у якім МАЗ пратараніў легкавік BMW – ДАІ вядзецца праверка інцыдэнта.
 
 
Але вось што цікава: у грамадскіх абмеркаваннях абсалютная большасць засяроджваецца на тэхнічных аспектах: мог кіроўца своечасова затармазіць, ці не? Сам Крачун, паблажліва называючы сваіх ахвяр “вадзятламі”, матывуе свае дзеянні клопатам пра пасажыраў. Маўляў, экстрэннае тармажэнне можа выклікаць траўмы людзей у салоне, за што адказнасць будзе несці ён сам. Быццам сутыкненне ў сваю чаргу не можа пацягнуь траўмаванне людзей, а відэарэгістратар не пераканае, у выпадку тармажэння, што кіроўца не вінаваты.
 
 
Але пакінем у баку тэхнічны аспект, ня гледзячы на тое, што ў частцы эпізодаў, калі Крачун нават не пачынаў тармазіць, ён, відавочна, мог пазбегнуць аварыі. Адкінем і этычны момант, захаваўшы на сумленні героя яго нежаданне кіравацца простай логікай большасці кіроўцаў: выкарыстоўваць усе магчымасці пазбегнуць аварыю. Нават калі машына, што з’явілася перад табой у паласе, рухалася па не вельмі карэктнай траекторыі. Бо апрача нахабства існуе маса іншых прычын – крытычная спешка, неўважлівасць ад стомленасці, нарэшце, звычайнае няўмельства.
 
 
Quod licet Jovi, non licet bovi. Што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку. Вы можаце ўявіць на месцы Крачуна кіроўцу недзяржаўнай маршруткі, які б выйшаў сухім з вады пасля 20 інцыдэнтаў? Наўрад ці. Затое амаль кожны прыгадае, як начальства на дзяржпрадпрыемстве абавязвае работніка да пазакантрактнай адпрацоўкі. Ці змушае набыць білет на канцэрт артыстаў “дзяржаўнага пула”. Ці тое, што міліцыянт у канфлікце з прыватным грамадзянінам заўсёды мае рацыю, нават спасылаючыся на відавочна фальшывыя сведчанні сваіх калег. А дзеці з дзяржаўных школ абавязкова прыгадаюць прымусовыя паходы на якія-небудзь Калядныя хакейныя турніры — парадак абавязвае.
 
 
І вось як у кроплі вады ў гісторыі з Крачуном адбіваецца сённяшняя сістэма арганізацыі беларускага грамадства. Крачун заўсёды неабвяргальны: бо ён – кіроўца дзяржаўнай машыны. Гэта ў прыватнай клініцы “Экамедсервіс” лекар-няздара можа быць пакараны, што і адбываецца апошнімі днямі. Ці прыватны гандляр лёгка пацерпіць за недакладнае афармленне ці няякасны тавар. Супраць дзяржаўнай установы абараніць свае правы прыватніку значна цяжэй. Тое, што ў абмеркаванні справы кіроўцы-тэрмінатара менавіта гэты аспект ігнаруецца, зразумела: прыцярпеліся. Але і вусцішна ад гэтай прастаты.
 
 
Калі Крачуна не звольняць, застаецца пажадаць псеўда Робін Гуду, у чарговы раз, дай Бог, без ахвяр, сутыкнуўшыся — спаткаць на дарозе аўто якога-небудзь важнага чыноўніка. І напоўніцу спазнаць усе перавагі “дзяржаўнага статусу”.

Абмеркаванне:

  • Цікаўны
  • 2014-01-11 18:00:16
Вельмі талкова напісана, дзякуй

Каментаваць