Клізматэрапія

Куды б гэтымі днямі ні ступіла нага шараговага беларуса, паўсюль ён чуе бясконцыя размовы пра інфляцыю, дэфляцыю ды іншыя звычайна не цікавыя рэчы. У грамадскім транспарце, ва ўстановах і на прадпрыемствах, у аграгарадках і сталіцы. Чорт ведае, што такое!

Куды б гэтымі днямі ні ступіла нага шараговага беларуса, паўсюль ён чуе бясконцыя размовы пра інфляцыю, дэфляцыю ды іншыя звычайна не цікавыя рэчы. У грамадскім транспарце, ва ўстановах і на прадпрыемствах, у аграгарадках і сталіцы. Чорт ведае, што такое!

Чорт не чорт, але эканамісты, мусіць, ведаюць. Яшчэ ўчора тыя з іх, хто атрымліваў заробкі з бюджэту, паблажліва распавядалі, чаму такога не можа быць. А сёння складна тлумачаць, чаму гэта здарылася. Іх апаненты таксама не чакалі, што інфляцыя накінецца на беларускі рубель з імпэтам старой дзеўкі-пакаёўкі, якая спакусіла гаспадарскага сына-студэнта. Трывала, трывала — і на табе...

А адзін мусіць ці не самы выбітны сучасны эканаміст тлумачыў, што пад пагрозай знаходзіцца не беларуская, а амерыканская грашовая адзінка. І вось на табе, вёска, трактар, распішыся за паравоз! У прыватным сектары пачаліся затрымкі з выплатай заробкаў, асобныя камерсанты нават спрабуюць спагнаць з персаналу грошы, якія выплацілі напярэдадні выбараў. Калі іх моцна падціснулі адміністратары-ідэолагі, патрабуючы заплаціць кожнаму не менш за 500 долараў.

Што ж робіцца на адзінай у гэтым шалёным свеце выспе стабільнасці, памяркоўнасці і талерантнасці! Пакаціліся калёсы з гары, конік не трывае, лейцы рве з рук небаракі-фурмана. На якога ўсе разлічвалі, бо лічылі першым пасля Пана Бога на зямлі конюхам.

Сацыёлагі даводзяць: згодна з апытаннямі, беларусы пачалі замяняць у сваім рацыёне звыклыя прадукты больш таннымі аналагамі. Так робіць абсалютная бальшыня. Па дадзеных ААТ «Люстэрка-Інфо», якое ачольваецца спадаром Міхейчыкавым, так робяць 76% беларусаў.

Але ж справа ў тым, што на рынку хутчэй за ўсё даражэюць тавары, попыт на якія падвышаецца. Тая ж бульба, якая ніколі не была далікатэсам, па дадзеных Белстата, за чатыры месяцы падаражэла на 35%, гародніна — на 32%, садавіна — на 29%, крупы — на 27%, цукар — на 20%, гарбата — на 18%. Тавары мяса-малочнай групы, калі верыць афіцыйным дадзеным, як мінімум, не адстаюць ад агульнага тэмпу росту. Але тут такая акалічнасць — так званыя далікатэсныя прадукты (вяндліна, выразка, сыравяленыя кілбасы ды іншы шляхецкі асартымент) ужо дасягнулі нейкага ўзроўню раўнавагі, і таму здольныя задавальняць збольшага эстэтычны попыт спажыўцоў. Купляць іх не купляюць. А тое, без чаго абысціся нельга (супавыя наборы, розная драбяза, як раней казалі, кілбасныя абрэзкі) па сваіх коштах набліжаюцца да больш якасных, а тыя цягнуцца да ўчорашняй цаны далікатэсаў.

Калі прывесці гэты расклад цалкам, то добра бачна, што інфляцыя грызе перш-наперш абавязковы набор са спажывецкага кошыка. Так званыя тавары першай неабходнасці, або сацыяльна важкія, пра якія быццам бы павінен клапаціцца ўрад. Нават калі ён адпускае кошты на іх, то бяднейшых трэба забяспечваць грашовымі або натуральнымі льготамі. Як гэта адбывалася напачатку 1990-х, калі пра беларускі эканамічны цуд толькі марылі, а ў стабільны рост, мусіць, верыў толькі адзін усім вядомы палітык ды эканаміст.

Але ж здарылася. І зараз трэба пачынаць усё з пачатку. Гэта значыць, выключыць станок, на якім друкуюць беларускія грошы, ды зацягнуць папругі ў беднякоў так, каб жывот прыліп да хрыбетніка.

Пасля гэтага, калі эканоміка не здохне (нават калі здохне), настане час прымацца за лекаванне. Памятаеце, як нашы рагаталі ды казалі, што шокавай тэрапіі, як у Польшчы, у Беларусі не будзе. Гэта чыстая праўда, тэрапіі не было, а шоку хапала. Часцяком так давалі па вушах, што звон стаяў.

То шапікі з вуліцы папрымаюць, то забароняць прадпрымальнікам наймаць працоўную сілу, то яшчэ што, то чорта лысага, то ўвядуць у абменніках рэжым паўабмену. Гэта калі валюту купляюць, а беларускіх рублёў не даюць. А самі стаяць за вуглом, каб злавіць на «незаконнай валютнай аперацыі» ды абабраць як ліпку. Усё ім аддай — долары, марачкі, грыўні, рублі, рухомае ды нерухомае.

А як жа — забеспячэнні стабільнасці фінансавага абарачэння ёсць пытаннем нацыянальнай бяспекі.

Каб вам, смешныя і шчырыя вы людзі, Бог столькі здароўя даў, колькі ў нас тых долараў у кішэні. І суду б не патрэбна было.

Пішуць і кажуць, што Беларусь пад іх кіраваннем сталася самай арыгінальнай у свеце дзяржавай. Але гэта не так. Яны ж толькі пішуць, а не чытаюць. Дарэмна. Бо менавіта такое ноў-хаў даўно апісаў Яраслаў Гашак. Памятаеце, як Швейка з іншымі ваякамі ў турэмным лазарэце наведалі дамы з дабрачыннымі прысмакамі. «Салдацікі» ўсё хуценька з’елі. Нават косткі абсмакталі так, што яны сталі падобнымі на косткі, што некалькі гадоў праляжалі ў гняздзе арла пад спякотным сонцам. Але жанчыны сышлі, а начальства засталося. І загадала кожнаму байцу ўставіць клізму ў... А пасля загарнуць кожнага ў мокрую прасціну. Каб служба мёдам не здавалася.

Як вось у нас зараз з намі. Наеліся ад пуза, а пераварыць не паспелі. А трэба паспяваць.
 

Каментаваць