Клайпеда. Вяртанне ў родны горад

Прызнаюся шчыра — цяжка было вяртацца ў горад, з якога я з'ехала 20 гадоў таму. Дарэчы, агулам пасля атрымання незалежнасці з Літвы з’ехала амаль 50 тысяч чалавек. У 1990-х гадах з’язджалі рускамоўныя.



Пасля ўваходжання ў ЕС за лепшай доляй у Заходнюю Еўропу паехалі і літоўцы. Нацыянальны склад насельніцтва памяняўся. Калі за савецкім часам этнічных літоўцаў было тут каля 63 працэнтаў, то цяпер амаль на 10 працэнтаў болей. Але Клайпеда разам з Вільняй ды Вісагінасам па-ранейшаму — сярод лідараў па колькасці рускамоўных. Уласна рускіх тут амаль 20 працэнтаў.

Аднакласнікі

Значная частка маіх аднакласнікаў з’ехала. Па жыцці ўсе ўладкаваныя няблага: хто працуе ў Чэхіі, хто ў Амерыцы, хто на Кіпры. Эла — адна з нямногіх, хто вярнуўся ў Клайпеду пасля працы за мяжой:

— Ты пытаеш, як жывуць тут рускія? А хто як. У каго муж зарабляе ў афшоры (нафтавыя платформы — Г.М.), тыя жывуць добра, астатнія — выжываюць.

Эла з тых шчаслівых жанчын, у каго муж працуе за мяжой. Месяц — дома, месяц — на працы. Грошы перасталі быць праблемаю для сям’і. За савецкім часам клайпедскае грамадства гэтаксама ж падзялялася на маракоў ды іх сем’і і, адпаведна, тых, хто працаваў на сушы. Апошнія нярэдка зайздросцілі тым, хто меў магчымасць бываць за мяжою ды набываць тавары за валюту. Бо толькі маракі мелі магчымасць купляць тавары ды прадукты ў валютных крамах.

Эла мае харэаграфічную ды турыстычную адукацыю, апроч літоўскай, добра ведае англійскую ды турэцкую мовы, аднак працаўладкоўвацца не спяшаецца. «Я выдаткую на паліва ды ежу тыя ж самыя трыста еўра, якія зараблю на любой мясцовай працы. Таму муж сказаў: навошта нервы псаваць? Займайся домам ды сынам, — распавядае Эла. — Ведаеш, а прыходзь сёння на адкрыццё крамы маёй сяброўкі, паглядзіш, як жывуць іншыя рускія».

На вечарыне ў гонар адкрыцця моднай крамы

Як высветлілася, краму па продажу ды пракату адзення адчынілі дзве сяброўкі — Марына і Вольга. Прыгожыя дагледжаныя жанчыны «за трыццаць», абедзве развяліся з мужамі, і цяпер заняліся бізнесам. Уся рэклама іх новай крамы і прамоцыя тавару ды паслугаў ідзе толькі па-літоўску. Каментары рускамоўных кліентаў на фэйсбук-старонцы крамы — таксама.

— Ці лёгка было вам адаптавацца да жыцця тут пасля 1991 года? — пытаю я Марыну

— Раней было лёгка, зараз — цяжка.

— Чаму?

— Апошнім часам нацыяналізм з’явіўся зноўку, і, канешне ж, гэта моцна звязана з Украінай. Нам кажуць: рускія з’язджайце да сябе ў Расію.

— Вы ж без акцэнту размаўляеце па-літоўску. Адкуль праблемы?

— Нават, паводле статыстыкі, мы ведаем літоўскую граматыку лепей за саміх літоўцаў, бо нас муштруюць у школах. Але я — руская, і ў мяне рускае прозвішча. Ведаеце, у мяне бацька, браты, усе сваякі па бацькоўскай лініі жывуць у Маскве. Я прыязджаю, а яны мне кажуць: ты — не руская! У выніку я і там — чужая, і тут — не свая. Мы — незразумела хто. У тым жа Вільнюсе прасцей — гэта еўрапейскі горад, а тут — правінцыя. Але ў любым выпадку, я хацела б і далей жыць у Літве, хаця маю магчымасць з’ехаць у тую ж Маскву. Мы — мясцовыя рускія — ужо іншыя, не такія, як яны. Мяне не разумеюць у Расіі.

Пенсіянер

Са спадаром Анатолем я пазнаёмілася выпадкова — падышла спытаць нешта пра правілы паркоўкі ў горадзе. Яму хутка споўніцца 80. За савецкім часам ён быў кіроўцам. У тыя часы літоўскую мову на побытавым узроўні ведаў. Але зараз забыўся, няма практыкі. А вось жонка працавала ў лабараторыі рыбпарта, а там увесь калектыў быў літоўскі, таму мову ведае лепей.

Дачка спадара Анатоля даўно жыве ў Канадзе, дасылае бацькам грошы штомесяц ды кліча да сябе жыць. Але старыя ніяк не прымуць рашэнне. Бо пражылі ў Клайпедзе амаль усё жыццё. Толькі цяпер, па словах пенсіянера, рускім у Літве стала горш: «Прэзідэнт вядзе такую палітыку, што Літва мусіць быць літоўскай, размаўляць трэба толькі па-літоўску. Вось у крамах — усе людзі такога ўзросту, як вы, ужо не будуць з вамі гаварыць па-руску. Так што жыць я вам тут не раю».

Спадар Анатоль чуў, што ў Беларусі людзі жывуць як за савецкім часам, Лукашэнку ён лічыць добрым і шчырым палітыкам. Пуціна таксама ўхваляе, але кажа, што «для расіянаў патрэбны яшчэ стражэйшы кіраўнік».

— Ці хочаце вы вяртання Савецкага Саюзу?

— Ну, вось мне 79 гадоў, ну, прыйдзе сюды Савецкі Саюз... і што? Тут у нас усе кажуць, што хутка вайна будзе з Расіяй, і я веру, што такое можа быць. Незадаволеных тут шмат, адзін другому плюне, вось і вайна! Я не хачу такога, я тую вайну яшчэ заспеў, бачыў шмат. Мы з маці прайшлі пешшу ад Адэсы да Нікалаева...

Усё, што засталося ад валютнай крамы "Альбатрос"

Настаўніца

Калі я пабачыла будынак, у якім навучалася амаль 10 гадоў, у душы анічога нават не варухнулася. Магчыма, таму, што цяпер гэта не рускамоўная школа нумар №20, а нямецкая гімназія. І ўсе мае планы знайсці кагосьці з былых настаўнікаў — кату пад хвост.

Былая рускамоўная школа — цяпер нямецкая гімназія

Таму, калі я раптам убачыла, як адна з былых настаўніц выходзіць са сталоўкі з назвай «Усё па-літоўску», куды мы выпадкова зайшлі падсілкавацца, я ляцела за ёй на скрут галавы. Па дарозе я ўсвядоміла, што не магу ўзгадаць, як яе завуць. Але, падобна, што і настаўніца памятала мяне хіба толькі ў твар.

Высветлілася, што мая былая настаўніца па біялогіі працуе ў іншай рускамоўнай школе. Але з большага размова не атрымалася. А вось яе сяброўка аказалася значна больш гаваркая. Яна распавяла мне, што палова настаўнікаў цяпер без працы, а пенсія малая — усяго 188 еўра. Больш за ўсё настаўніцы абураныя закрыццём расійскіх тэлеканалаў. А яшчэ кажуць, што цяпер на 9 траўня георгіеўскую стужку немагчыма надзець.

— А ў нас у Беларусі таксама гэтую стужку ўлады не надта ўхваляюць, цяпер на Дзень Перамогі чапляюць чырвона-зялёныя стужкі з кветкай яблыні, — кажу, — бо георгіеўская асацыюецца з сепаратыстамі паўднёвага ўсходу...

— Ды якія ж яны сепаратысты? Гэта ж Кіеў да іх прыйшоў, — мая настаўніца перастае ўсміхацца ды пераводзіць размову на іншую тэму, а потым хутка развітваецца. Выглядае яна расчараванай і збянтэжанай.

Я таксама задумваюся. І раптам чую, як літоўскамоўная афіцыянтка на імя Лідзія пачынае размаўляць з кліентамі па-руску.

— Чаму? — пытаю я.

— А чаму не, калі яны размаўляюць са мною па-руску? — усміхаецца Лідзія.

— А мне казалі, што ў вас тут усё толькі па-літоўску...

— Не слухайце вы нікога! — умешваецца ў размову адзін з кліентаў. — Калі і кажа хто на рускіх кепска, дык у сям’і не без вырадка!

Там, дзе радзіма

Напачатку года сярод рускіх Літвы, дый не толькі, даволі папулярным зрабіўся відэазварот  літоўца на імя Мадэстас. Клайпедскія знаёмыя параілі яго паглядзець, каб нешта зразумець. На відэа Мадэстас Лукаўскас выбачаецца перад «рускімі братамі» за сучасную антырасійскую рыторыку літоўскіх ўладаў.

Мне цяжка аддзяліць, што першаснае ў поглядах маіх старых і новых рускамоўных знаёмых: туга па агульнаму з Расіяй савецкаму мінуламу або жаданне памятаць пра свае рускія карані? У любым выпадку сваіх дзяцей яны імкнуцца адправіць у і так перапоўненыя рускамоўныя школы. Дарэчы, у Клайпедзе такіх засталося дзве.

Аднакласніца Эла тлумачыць свае жаданне вучыць дзіця па-руску жаданнем свайго мужа, каб «сын жыў у Пецярбурзе».

Мая школьная сяброўка Таццяна старэйшых дачок таксама адправіла ў свой час у рускамоўную школу.

— Чаму не ў літоўскую? Хіба не прасцей дзецям потым адаптавацца ў Літве?

— Зараз такія методыкі выкладання літоўскай мовы, што яны будуць добра ведаць яе ў любым выпадку, а вось рускую ў літоўскіх школах амаль не выкладаюць. Я хачу, каб мае дзеці ведалі і рускую мову і рускую літаратуру.

Сама Таня добра размаўляе па-літоўску. Сусед па дому, паспяховы лекар-уролаг Гедрыюс, даволі часта прыходзіць да іх у госці. Калі трэба, ён гаворыць па-руску. Затое жонка Гедрыюса прынцыпова размаўляе толькі па-літоўску. «Да мяне стрыечная сястра з Ліепаі прыязджала. Натуральна, яна літоўскую не ведае, дык уяві, я сядзела як дурніца і перакладала», — смяецца Таня.

З Гедрыюсам іх аб’ядноўваюць агульныя палітычныя погляды. Абедзве сям’і супраць палітыкі Далі Грыбаўскайтэ. На прэзідэнцкіх выбарах уся вуліца галасавала за іншага кандыдата. Праўда, і літоўскіх палітыкаў з прарасійскага лагеру яны таксама не ўспрымаюць усур’ёз. Разыходзяцца суседзі толькі ў поглядах на вайну з Расіяй. «Ды каму тая Літва патрэбная!» — з пагардаю кажуць рускія. Гедрыюс жа схіляецца да таго, што вайна ўсё ж такі будзе.

«Вось мая радзіма! — Гедрыюс паказвае на ўласны плот, — а калі тут з’явяцца людзі са зброяй, я буду бараніць яе, і мне ўсё роўна, якіх поглядаў гэтыя людзі будуць прытрымлівацца!»

Каментаваць