Класікі за кратамі


У Івацэвіцкай калоніі вязні зладзілі літаратурна-музычную вечарыну «Мелодыю мовы славянскай я чую», прымеркаваную да 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа.
 



Сяргей Глушак справа


Вечарына адбылася яшчэ напрыканцы красавіка гэтага года. Рэдакцыя НЧ гэтую падзею ацаніла надзвычай станоўча, хай сабе і навіна пра яе дайшла са спазненнем, але на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны. Пра літаратурна-музычную вечарыну распавёў пасля свайго вызвалення былы вязень калоніі Сяргей Глушак.


Арыштанты чыталі творы аўтарства Коласа і Купалы, распавялі гледачам пра жыццёвыя этапы класікаў беларускай літаратуры: гісторыя сям’і, этапы працы і грамадскай дзейнасці, прыватнае жыццё і яго адбітак на творчасці, гады Вялікай Айчыннай вайны.


Цікавая і музычная складовая вечарыны: гучалі песні «Падае дождж» (стала вядомай у выкананні Вайцюшкевіча), «Лёгкія» (N.R.M), а завяршала дзею песня «Грай» (Ляпіс Трубяцкой) у выкананні вязняў, гэтыя ж словы былі нават асобна вылучаныя ў сцэнары мерапрыемства:


«Грай! Спявай! Дружна песні райскай волі!
Грай! Грай! Гані быкоў — вярнецца доля!»


Варта таксама адзначыць, што арганізатары вечарыны паклапаціліся не толькі пра яе змест, але і пра эстэтычнае, знешняе афармленне: удзельнікі падрыхтавалі з падручных сродкаў нацыянальныя беларускія касцюмы.

Каментаваць