Клюшку не аддасць

Як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, беларускія лядовыя палацы пачалі банкруціцца адзін за адным. У нашых эканамічных умовах гэта азначае — стаць у чаргу за бюджэтнымі сродкамі.

Грошай на аплату электраэнергіі не хапае нават “Мінск-Арэне, што тут ужо казаць пра іншыя палацы, пабудаваныя ў абласных цэнтрах, буйных і не вельмі гарадах. Тут хакей, нават пры наяўнасці прафесійнага клуба, застаецца аматарскім, калі разумець прафесіяналізм як здольнасць клуба зарабляць на гульнёвым працэсе.

Як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, беларускія лядовыя палацы пачалі банкруціцца адзін за адным. У нашых эканамічных умовах гэта азначае — стаць у чаргу за бюджэтнымі сродкамі.

Грошай на аплату электраэнергіі не хапае нават “Мінск-Арэне, што тут ужо казаць пра іншыя палацы, пабудаваныя ў абласных цэнтрах, буйных і не вельмі гарадах. Тут хакей, нават пры наяўнасці прафесійнага клуба, застаецца аматарскім, калі разумець прафесіяналізм як здольнасць клуба зарабляць на гульнёвым працэсе.

У былым СССР акрамя бюджэтнага фінансавання (а што такое бюджэт, як не грошы, сабраныя з усіх, якімі распараджаюцца ўлады?) існавалі так званыя фонды грамадскага спажывання. Прынамсі, з набыткаў прадпрыемства частка адлічвалася на ўтрыманне дзіцячых садкоў, гурткоў самадзейнасці ды інш., што існавалі пры палацах культуры, якія ўтрымліваліся на сродкі прадпрыемства. Таму савецкі чалавек ніколі не атрымліваў столькі, колькі зарабляў. Больш зарабляў, больш плаціў падаткаў, з яго больш адлічвалі ў фонды грамадскага спажывання. А праз гэтыя фонды больш атрымоўвалі тыя, хто лічыў такі парадак разумным і натуральным — партыйныя, прафсаюзныя ды камсамольскія функцыянеры, розныя карысныя для ўлады грамадскія дзеячы і арганізацыі.

У фонды грамадскага спажывання адлічэнні рабілі ўсе, а прэферэнцыі атрымлівалі толькі тыя, каму іх лічылі патрэбным даваць. Некалі вельмі знакамітаму генеральнаму дырэктару вельмі знакамітага беларускага завода прапанавалі давесці завадскую каманду да ўзроўню вышэйшай лігі чэмпіянату СССР. Адказ быў нязменны — не хачу пладзіць дармаедаў.

Дармаеды ці не — пытанне густу. Калі планавая сацыялістычная эканоміка, заснаваная цалкам на “ручным кіраванні (ад гэтага вазьму, таму дам, таму нічога не дам) запланавана абрушылася, прадпрыемствы ў мэтах уласнага выжывання пачалі пазбаўляцца ад уласных “грамадскіх фондаў. І не толькі ад іх. Там, дзе прадпрыемствы былі “горадаўтваральнымі, яны ўтрымлівалі не толькі аб’екты ўласнага “сацкультбыта, але ўсю гарадскую інфраструктуру. Цяпло гарадскія спажыўцы атрымлівалі ад заводскай ТЭЦ, электрычнасць — ад заводскай падстанцыі, прамысловая каналізацыя была агульнай з гарадской, грамадскі транспарт падтрымліваў сваё існаванне толькі таму, што людзі ездзілі на працу на роднае прадпрыемства.

Нарэшце, утрыманне спартовых, культурных ды дзіцячых устаноў зрабілася занадта цяжкім для прадпрыемстваў у новых умовах. Амаль для ўсіх сталася непасільным утрыманне вытворчых магутнасцяў. Ад іх пазбаўляліся. Амаль усе вытворчыя памяшканні МПАВТ вылічальнай тэхнікі былі здадзены ў арэнду камерцыйным структурам, гадзіннікавы завод “Прамень здаў у арэнду ўсё, што было можна. А колькі будынкаў, тэхналагічнага абсталявання, аб’ектаў інфраструктуры пайшло на зруйнаванне, так і не знайшоўшы свайго “эфектыўнага гаспадара.

З пачаткам пераходу да рынкавай эканомікі, які прыспешвалі ўсе — прадпрыемствы, урад, спецыяльна створаныя для гэтага інстытуты (прыватызацыі, кіравання дзяржмаёмасцю, антыманапольныя і іншыя) — прадпрыемствы пачалі пазбаўляцца ад сваіх невытворчых актываў, спрабуючы іх ці прадаць, ці здаць у арэнду, ці перадаць на балансы мясцовых тэрытарыяльных органаў. Паціху справа ішла. Для паскарэння не хапала грошай. У каго яны былі, той не хацеў рабіць сумнеўных інвестыцый, а ў жадаючых звычайна грошай не было. У паветры гусцеў дух нажывы, а шляхоў да яго матэрыялізацыі ніхто не ведаў. Дакладней, адны ведалі ды не мелі, іншыя не ведалі, але мелі грошы.

Але, як часта здараецца ў гісторыі, невырашальнае рашэнне прыняў той чалавек, у якога не было ні ведаў, ні грошай. Адна толькі рашучасць усё вырашыць. Прадпрыемствы ён вырашыў “запусціць насуперак усялякай логіцы (сацыялістычнай і рынкавай) коштам знешніх (палітычна абумоўленых пазык) і мэтанакіраванага пераразмеркавання сродкаў. Бралі нашмат ахвотней, чым давалі, але былі і такія, хто даваў і ахвотна, і болей за іншых. Мусіць, за адзін толькі дым з фабрычных комінаў, які сведчыў аб перспектыўнасці беларускай мадэлі ў сэнсе яднання славянскіх эканомік, яму далі болей грошай, чым беларускі ВУП за некалькі гадоў. Калі ўлічыць, што беларускі чысты экспарт кожны год адмоўны — нашмат болей.

Спартовыя пляцоўкі, лыжаролерныя трасы, стадыёны. А паколькі “Сам любіў хакей, прыярытэты былі яму і дадзены. Не ў найпростым варыянце, калі домакіраўніцтвы абавязкова ставілі просценькія “каробкі ды залівалі лёд, а ў выглядзе палацаў. Каб народ карыстаўся і цаніў.

І нельга сказаць услед Мікалаю Озераву, што такі хакей нам не патрэбны. Бо дзіцячыя каманды “бюджэтнага класа на існаванне маюць усе правы. Тым больш, што плата за карыстанне пляцоўкамі, як кажуць амаль усе, насамрэч невысокая і большасці бацькоў даступная. Адзінае пярэчанне — гэта даступнасць забяспечваецца вельмі вялікімі бюджэтнымі выдаткамі, што ўрэшце робіць фінансаванне лядовых палацаў звычайнай “барскай прыхамаццю. Вырашыў, што павінна ўсё быць як у Еўропе і “лучше, чем в России — і баста!

Узяў аднойчы клюшку ў рукі, і нікому не аддасць. Пакуль на каньках стаяць зможа.
 

Каментаваць