Кнігарня "Логвінаў": за 10 дзён сабрана толькі 10% патрэбнай сумы

Беларуская кнігарня працягвае збор сродкаў на аплату штрафу.



Кнігавыдавец Ігар Логвінаў збірае грошы на выплату штрафу. Аднак за дзесяць дзён сабраная толькі адна дзесятая ад патрэбнай сумы. Тым часам Вярхоўны суд адхіліў скаргу прадпрымальніка на адмову ў выдачы яму ліцэнзіі. Як сёння выглядае сітуацыя з культавай беларускай кнігарняй, высвятляе Аляксандр Папко.

30 снежня Вярхоўны суд адхіліў скаргу кнігавыдаўца Ігара Логвіна. Скарга датычылася рашэння Міністэрства інфармацыі адмовіць яму ў рэгістрацыі ў якасці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі. Прыгадаем, Ігар Логвінаў падаваў дакументы на рэгістрацыю шэсць разоў, і кожны раз атрымліваў адмову. Нават калі б Вярхоўны суд задаволіў скаргу прадпрымальніка, гэта не змяніла б сітуацыі кнігарні. Штраф у 65 тысячаў долараў плаціць і так трэба — кажа дырэктар кнігарні “Логвінаў” Яўген Ціханаў.

Я. Ціханаў: Нават калі б мы перамаглі ў гэтым судзе, гэта была б толькі маральная перамога. На старое прадпрыемства мы б атрымалі рэгістрацыю распаўсюдніка. Але ад выплаты штрафу нас гэта не ўратуе.

Нявыплата штрафу ў 65 тысяч долараў пагражае кнігавыдаўцу Логвінаву нават крымінальнай справай. Калі прыйдзецца аплочваць гэты штраф невядома, бо рашэнне абскарджваецца. Аднак калі суд адхіліць скаргу, то ў кнігарні на выплату штрафу застанецца ўсяго 15 дзён — тлумачыць Яўген Ціханаў.

Я. Ціханаў: Калі мы аб’явім банкруцтва, то субсідыярная адказнасць пяройдзе на Ігара Логвінава. Магчыма, ён стане невыязным. Магчыма, у справу ўключыцца дэпартамент фінансавых расследаванняў і пачне крымінальную справу.

Дзесяць дзён таму Ігар Логвінаў аб’явіў пра збор сродкаў для выплаты штрафу, накладзенага з-за продажу кніг без рэгістрацыі. Рэквізіты рахунку, як і іншыя паведамленні пра дабрачынную акцыю былі апублікаваныя на спецыяльна створаным сайце savelohvinau.club.

За першы дзень удалося сабраць каля паўтары тысячы долараў. Аднак тыдзень пасля на рахунку назбіралася ўсяго крыху больш за 6 тысяч. Ахвяраванні ідуць, але тэмпы збору грошаў упалі — прызнае Яўген Ціханаў.

Я. Ціханаў: Кола тых, хто ведае кнігарню і гатовы ёй дапамагаць, не бясконцае. Напэўна, тыя хто ведалі кнігарню, кінуліся ахвяраваць у першы дзень. Цяпер інфармацыя працягвае распаўсюджвацца, грошы паступаюць, але ў меншых аб’ёмах.

Логвінаў — гэта ўнікальная кнігарня, якая без дзяржаўных датацыяў выдае кнігі беларускіх і лепшых сусветных аўтараў — кажа вядомы паэт Адам Глёбус. На яго думку, прадпрымальнік Ігар Логвінаў стаў ахвярай паклёпу.

А. Глёбус: З Ігарам Логвінавым, яго кнігарняй і выдавецтвам абышліся несправядліва. Пераслед інспіраваны зайздроснымі людзьмі, чые кніжкі не прадаюцца. Яны атрымліваюць датацыі ад дзяржавы, а іх кнігі стаяць у кнігарнях і не прадаюцца. І ад зайздрасці гэтыя людзі пішуць даносы. Даносы прывялі да таго, што кнігарню зачынілі. І не проста зачынілі, а яшчэ і наклалі вялікі штраф.

Адам Глёбус заклікае ўсіх, каму неабыякавая беларуская культура, падтрымаць кнігарню “Логвінаў”.

А. Глёбус: Выдавецтва “Логвінаў” без усялякіх датацыяў апублікавала дзесяць маіх кніг. Дзесяць! І гэтыя кніжкі акупіліся, прынеслі радасць маім чытачам. Адпаведна, я перажываю за закрыццё выдавецтва і закрыццё кнігарні. Таму я прыйду прапрацую ў кнігарні бясплатна, запрашу сваіх знаёмых у кнігарню. Прыходзьце, купляйце кнігі і тым самым падтрымлівайце кнігарню! Калі вы лічыце, што варта ахвяраваць грошы — ахвяруйце. Вы можаце проста зайсці ў кнігарню і паразмаўляць з пісьменнікамі і супрацоўнікамі. Мы не хаваемся. Мы ўсе прыйдзем, каб падтрымаць гэтую справу.

З мэтай збору сродкаў кнігарня “Логвінаў” не толькі адчыніла сайт, але і аб'явіла дабрачынны марафон. У кнігарні будуць праводзіцца мастацкія акцыі, за прылаўкам будуць стаяць беларускія літаратары і падпісваць кнігі.

Дабрачынны марафон пачнецца ў панядзелак, 2 лютага. А 18 гадзіне наведвальнікам кнігарні свой перформанс прадставіць адзін з самых вядомых беларускіх мадэрнісцкіх пісьменнікаў Ільля Сін.

Ахвяраванні на падтрымку беларускай кнігарні “Логвінаў” можна прынесці ў саму кнігарню па адрасе: Менск, праспект Незалежнасьці 37а. Пры сабе трэба мець пашпарт. Таксама можна выслаць сродкі на летувіскі рахунак літаратурнага дому “Логвінаў”:

LT052140030003236738
Logvino literaturos namai
Nordea Bankas, Bank code 21400
Swift code NDEALT2X

Аляксандар Папко, www.radyjo.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць