Колькі грошай беларусы пакідаюць у Польшчы?

З ХІХ стагоддзя Лодзь была цэнтрам лёгкай прамысловасці для ўсёй Расійскай імперыі, а потым СССР. Развал СССР закінуў рэгіён у павальнае беспрацоўе і заняпад. Дапамаглі замежныя інвестыцыі і прадпрымальнікі.



Чатырохзоркавы гатэль з басейнам на даху зроблены ў былых цэхах ткацкай фабрыкі


Зараз Лодзь — буйны гандлёвы цэнтр Польшчы. Ткацкія фабрыкі, захаваўшы свой аўтэнтычны выгляд, ператварыліся ў іншыя аб’екты. Самы экзатычны з іх — чатырохзоркавы гатэль і вялікі гандлёвы комплекс у старых будынках. Не ведаю, як у ткацкую фабрыку ўпіхнулі басейн, але так сталася. І зараз усё нармальна функцыянуе. Сапраўды, калі захочаш выжыць — не так вывернешся.

Але на шопінг часу не было, тым больш, што нас везлі ў PTAK — самы буйны гандлёвы цэнтр лёгкай прамысловасці ў Польшчы, непадалёк ад гарадку Жгуў. Тут беларусаў любяць і чакаюць з абдымкамі.

Ласкава просім!

Як толькі мы пад’ехалі да гандлёвага цэнтра, перад нашым бусам адразу ж намаляваўся ахоўнік са стандартнымі пытаннямі: «Адкуль? Куды? Навошта?». Гэта, як потым патлумачыў прадстаўнік цэнтра падтрымкі кліентаў Роберт Бараноўскі, не ад таго, што ахове няма чаго рабіць, а жыццёвая неабходнасць. Уладары цэнтру вельмі ганарацца тым, што на іх комплексе пакупнікам бяспечна. Тым больш, што пакупнікі, як правіла, прыязджаюць з неблагімі грашыма. Таму ахова павінна адразу адсекчы ад пакупнікоў розных кішэнных злодзеяў, махляроў ды прайдзісветаў. І, дарэчы, гандлёвы цэнтр у такім звышпільным парадку ахоўваецца круглыя суткі.

Цэнтр PTAK — гэта гандлёвая пляцоўка агульнай плошчай 200 тысяч квадратных метраў. Камерцыйная плошча, то бок плошча пад крамы і шапікі, — 120 тысяч квадратных метраў. Аўтамабільная стаянка разлічана на 6 000 аўтамабіляў. Ёсць пункты абмену валюты, пошта, банкаматы, бары, кафэ і рэстараны, супермаркет. Увесь аб’ект ахоўваецца кругласутачна. На гэтай пляцоўцы размяшчаюцца 2 500 крамаў, не лічачы цэнтра Outlet праз дарогу. У асноўным гэта польская прадукцыя, хаця ёсць і іншыя вытворцы — італьянскія, французскія і кітайскія. Да замежнікаў Роберт Бараноўскі ставіцца скептычна. «Калі вы возьмеце ў рукі італьянскі тавар і польскі, адчуеце розніцу. Польскі — крыху даражэйшы, але больш якасны», — кажа Бараноўскі. На заўвагу беларусаў пра тое, што італьянцы прадаюць тавар, выраблены ў Кітаі, Бараноўскі з усмешкай адказвае: «Крыху не так. Гэта італьянцы завезлі да сябе кітайцаў, якія вырабляюць іх прадукцыю».

Адзін з найбуйнейшых польскіх гандлёвых цэнтраў з вышыні птушынага палёту. Фота з сайта PTAK

У прынцыпе PTAK — аптовы рынак. Але «опт» тут — паняцце даволі расцягнутае. Ён пачынаецца альбо з трох штук, альбо з пэўнай сумы, як правіла, каля 200 злотых — каля 70 долараў. Рынак працуе з 6 да 15 гадзінаў кожны дзень, сем дзён на тыдзень.

Асноўны кантынгент рынку, канешне, польскія пакупнікі. Але пакупнікам з замежжа надаецца вялікая ўвага. На шопінг прыязджае ад 3 да 15 рускамоўных аўтобусаў на дзень — з Беларусі, Украіны, Расіі. Таму большасць прадаўцоў разумеюць рускую мову і з задавальненнем прадаюць свае тавары. У Беларусі гандлёвы цэнтр найбольш вядомы жыхарам Гродзенскай вобласці — гэта Бараноўскі вылічыў па аўтамабільных нумарах.

У РТАК ніхто не дазволіць, каб продаж сарваўся з-за такой дробязі, як розныя мовы прадаўца і пакупніка

Па прыкладных падліках Бараноўскага, адзін аўтобус з замежнымі турыстамі за адзін прыезд пакідае каля 100 тысяч долараў. У цэлым цэнтр абслугоўвае каля шасці мільёнаў замежных пакупнікоў на год, — тых, якія прыязджаюць не толькі арганізавана, на аўтобусах, але і ў прыватным парадку.

Узгадаем, што, паводле падлікаў польскага Міністэрства гаспадаркі, беларусы пакідаюць у Польшчы каля 200 мільёнаў еўра на год. Але ж калі выказаць здагадку, што хаця б траціна рускамоўных у PTAK — беларусы, то гэтыя 200 мільёнаў нашы суайчыннікі пакідаюць толькі ў гэтым гандлёвым цэнтры. Пры такіх аб’ёмах продажаў не дзіва, што PTAK імкнецца, каб пакупнікам было добра, і яны наведваліся ў цэнтр яшчэ і яшчэ раз.

Напрыклад, для тых, хто стаміўся з дарогі, у цэнтры ёсць абсалютна бясплатныя пакоі адпачынку з бясплатнай кавай і гарбатай. Там жа можна паснедаць. Кіроўцам аўтобусаў PTAK дае бясплатныя талоны на абед і забяспечвае іх адпачынак. Бо ў PTAK разумеюць: кіроўца павінен быць у тонусе, каб давезці пакупнікоў гандлёвага цэнтра дадому. А для самых сталых і самых лепшых кліентаў PTAK можа хадайнічаць пра тое, каб ім адкрылі шматразовую бізнэс-візу і робіць адпаведныя запрашэнні.

Журналісты заўважылі, што Бараноўскі вельмі ганарыцца сваім цэнтрам, і, нібыта, хоча стварыць канкурэнцыю ўсяму Беластоку. «Беласток нам не канкурэнт», — смяецца Бараноўскі. Проста таму, што Беласток сам закупляе тавары ў PTAK, а потым прадае іх жа беларусам — як правіла, працэнтаў на 20 даражэй, чым тут.

Роберт Бараноўскі выключна ганарыцца сваім працоўным месцам і заяўляе, што Беласток ягонаму гандлёваму цэнтру — не канкурэнт

«Нескладны» склад

Але PTAK рупіцца не толькі пра пакупнікоў. Роберт Бараноўскі вядзе нас на «склад гандлёвага цэнтра», як ён гэта называе.

Склад PTAK нагадвае ж вялікую модную краму, дзе на вешалках вісяць камізэлькі, касцюмы, швэдары, сукенкі, кашулі і гэтак далей. Ёсць подыум для паказу новых мадэляў, і нават кавярня, дзе праходзяць прэзентацыі.

На складзе таксама можна штосьці набыць. Бараноўскі распавядае: склад раней задумваўся як бясплатная паслуга для прадаўцоў. Але адміністрацыя PTAK так і не здолела знайсці нейкую лазейку ў польскай падатковай сістэме, як гэта зрабіць. Не можа быць у іх бескаштоўнай арэнды пляцовак, ну хоць трэсні! Таму за «арэнду складу» фірма плаціць сімвалічныя грошы — каля 30 долараў за месяц. У любы момант вытворца можа забраць тавар са складу.

А зарабляе склад на тым, што прадае тавары фірмаў, беручы нацэнку ў 5–10% за паслугі. То бок, увесь тавар на складзе можна набыць оптам, можна раздробна. Опт танней на 30%.

Оптавы склад PTAK — гэта не кантэйнеры з таварам

Прычым, тлумачыць Бараноўскі, PTAK сур’ёзна глядзіць за цэнамі. Кошт на складзе — амаль сабекошт прадукцыі, і ён не можа быць вышэйшы за той, што прадаецца побач у асноўнай частцы рынка.

У чым плюс склада? Не толькі ў тым, што ў ім захоўваецца тавар для гандлю. Кожны продаж праз склад выкладваецца ў спецыялізаваную кампутарную сістэму ледзьве не ў той момант, калі была здзейсненая пакупка. Вытворца прадукцыі, які мае доступ да гэтай сістэмы, адразу бачыць: у яго прададзена, напрыклад, 10 сукенак чырвонага колеру пэўнай мадэлі. І ён адразу можа аддаць каманду сваім менеджэрам папоўніць склад гэтым таварам.

А яшчэ у РТАК ёсць і комплекс «РТАК аўтлет»: 140 брэндавых крамаў на гандлёвай плошчы 33 000 квадратных метраў, які прапануе новыя брэндавыя тавары з вялікімі зніжкамі. Згодна з прынцыпам працы «РТАК аўтлет» — кошты на ўсю прадстаўленую прадукцыю абавязаны быць як мінімум на 30% ніжэй коштаў гэтых жа самых тавараў у звычайных крамах і гандлёвых цэнтрах. Лішкі тавараў, спецкалекцыі прадаюцца яшчэ з большай зніжкай — ад 30 да 90%, ад ужо зніжаных на 30% коштаў.

Чаму так танна?

Італьянскую рэч у РТАК можна набыць за 15 злотых — 5 долараў. Танна ў польскім гандлёвым цэнтры не толькі таму, што РТАК кантралюе кошты. І не толькі таму, што ў «РТАК аўтлет» існуе нават дамоўленасць: некаторыя калекцыі брэндавых рэчаў спецыяльна робяцца пад зніжкі і пад распродаж (а такая дамоўленасць таксама існуе).

Як кажуць у РТАК, кошты яны толькі кантралююць, але не ўсталёўваюць. Вызначае кошты сам вытворца. Але ў «тэкстыльным» рэгіёне больш за сто тысячаў (!) вялікіх і маленькіх прадпрыемстваў-вытворцаў адзення, і адпаведна, на рынку існуе жорсткая канкурэнцыя. І, калі «заламваць» кошт — зразумела, цябе будуць абыходзіць канкурэнты.

А РТАК — толькі гандлюе. Прычым, вельмі змагаецца за кліентаў, і вельмі шануе тых замежных гасцей, якія прыязджаюць здалёк. І тут ужо вельмі важная рэпутацыя цэнтра. За пакупкамі ў РТАК едуць нават з Архангельска.

Такім чынам, усю Лодзь выратавалі не толькі замежныя інвестыцыі, як нам казалі ў Польскім агенцтве інфармацыі і інвестыцый. Палякі самі прыкладалі нямала высілкаў для свайго выжывання, а потым і росквіту. Закон аб прыватным прадпрымальніцтве, які не змяняўся ад моманту ягонага прыняцця, простыя і зразумелыя ўмовы працы і падаткаабкладання, разняволеная прыватная ініцыятыва — гэта ўсё, што патрэбна для таго, каб заквітнеў не толькі прадпрымальнік і не толькі горад — увесь рэгіён.

На жаль, гэта не разумелі і не разумеюць беларускія кіраўнікі, якія прадпрымальнікаў лічаць за «вашывых блохаў» і дойных кароваў. А прыватная ініцыятыва насамрэч — гэта рухавік прагрэсу.

Абмеркаванне:

  • charyzma
  • 2014-03-19 15:17:03
птушка ў цэнтры лепшых і самых танных адзення ў залу G 49а.

Для пастаянных кліентаў для суднаходнай грузу. madaggaskar@interia.pl

Каментаваць