І конь не валяўся...

Трэці сацыяльны форум у Магілёве завяршыўся скандалам. Пасля выступу аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Таўстыкі залю пасяджэння дэманстратыўна пакінулі чыноўнікі аблвыканкаму. Прадпрымальнік патрабаваў прыняць закон аб малым і сярэднім бізнесе, які два гады таму быў накіраваны ў Палату прадстаўнікоў, а таксама вырашыць праблемы дробных гандляроў.

(На фота: Аляксандр Валчанін)

 



Трэці сацыяльны форум у Магілёве завяршыўся скандалам. Пасля выступу аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Таўстыкі залю пасяджэння дэманстратыўна пакінулі чыноўнікі аблвыканкаму. Прадпрымальнік патрабаваў прыняць закон аб малым і сярэднім бізнесе, які два гады таму быў накіраваны ў Палату прадстаўнікоў, а таксама вырашыць праблемы дробных гандляроў.

(На фота: Аляксандр Валчанін)

У трэцім сацыяльным форуме прынялі ўдзел 74 прадстаўнікі з 27 няўрадавых арганізацый. На працягу двух дзён абмяркоўвалася сітуацыя ў недзяржаўным сектары Беларусі, шляхі ўзаемадачыненняў з уладай. Мэтай форуму было падрыхтаваць грамадскія ініцыятывы да дыялогу з уладнай вертыкаллю, стварыць платформу для абмеркавання, паскорыць працэс рэформаў у сацыяльнай сферы, распрацаваць і ўкараніць практыку штогадовых слуханняў па сацыяльных праблемах.

Адзін з арганізатараў форуму старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Саюз Чарнобыль — Беларусь» Аляксандр Валчанін падкрэсліў у размове з карэспандэнтам «НЧ», што важна, каб улады вялі перамовы з апазіцыяй не толькі ў Адміністрацыі прэзідэнта, але і на месцах. «Мы прапанавалі выйсці да прэзідэнта з ініцыятывай пра спрашчэнне парадку рэгістрацыі грамадскіх арганізацый. У прыватнасці, дазволіць рэгістрацыю юрыдычнага адрасу не толькі ў офісных будынках, але і ў жылых памяшканнях, — паведаміў Валчанін. — Калі больш простай робіцца рэгістрацыя камерцыйных структур, то чаму не пайсці па тым жа шляху ў дачыненні да грамадскіх арганізацый, тым больш што гэтыя структуры некамерцыйныя».

Аляксандр Валчанін лічыць, што цяпер ёсць усе магчымасці, каб распачаць супольную працу з уладамі: «Пачынаецца асцярожны дыялог, але не ўсе чыноўнікі гатовыя да гэтага, нават высокага рангу, а што гаварыць пра тых, хто працуе і ў рэгіёнах — там і конь не валяўся. Сярод актывістаў апазіцыі цяпер ёсць розныя плыні: некаторыя настроеныя па прынцыпу «чым горш, тым лепш», нехта хоча дыялога. Як паказаў форум, большасць яго ўдзельнікаў выступілі за перамовы з вертыкаллю. Гавораць: «Во, Валчанін хоча дыялогу, а вы хочаце вайны?» Я паважаю пазіцыю Уладзімера Макея. Што тычыцца апошніх негатыўных выказванняў кіраўніка дзяржавы наконт апазіцыі, то думаю, што яго няправільна і няпоўна інфармуюць пра тое, што адбываецца ў краіне».

Працу Магілёўскага аблвыканкаму актывіст ацаніў пазітыўна, зазначыўшы, што перашкодаў у арганізацыі форуму не чынілася, «не спынілі ні адну машыну з удзельнікамі форума, хаця раней такія выпадкі былі спрэс». Але, калі разважаць лагічна, дык так і павінна быць. І дзіўна ўхваляць уладу за тое, што яна паводзіць сябе ў межах закона. Гэтаксама можна раздаваць мінакам на вуліцы падарункі, ухваляючы іх за тое, што яны вас не закідваюць камянямі. А маглі б...

Сярод гасцей былі начальнік упраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандр Маймусаў і кіраўнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ганна Апет. Яны віталі ўдзельнікаў форума, заявілі сваю зацікаўленасць у выніках яго працы. У прыватнасці, па словах Валчаніна, паабяцалі разгледзець пытанне рэгістрацыі абласной суполкі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.

Па выніках форума была прынята рэзалюцыя, агучаныя прапановы стварыць антыкрызісны фонд для грамадскіх аб’яднанняў сацыяльнага кірунку, падрыхтаваныя звароты з прапановамі ў Адміністрацыю прэзідэнта і парламент. У форуме ўдзельнічалі такія грамадскія арганізацыі, як «Дзеці Чарнобыля», «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва», «Кропля жыцця», прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнню партыі пенсіянераў ды іншыя.

На першых двух сацыяльных форумах, што адбыліся ў Мінску ў 2007 і 2008 гадах, разглядаліся пытанні развіцця грамадзянскай супольнасці, грамадскага дыялогу, абароны правоў ліквідатараў-чарнобыльцаў і донараў, а таксама праблемы спрашчэння рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання.

Каментаваць