Контрблок: пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра інтэрнэт-цэнзуру

Карыстальнікі інтэрнэту з больш чым 10-гадовым стажам, мусіць, заўважылі, як з «Дзікага Захаду» Сусветнае павуцінне павольна ператварылася ў сярэднявечную Еўропу з мноствам ізаляваных «княстваў», кожнае з якіх жыве па сваіх правілах — часам ліберальных, а часам звышжорсткіх.
Рука дзяржаўнага рэгулявання павольна, але няўхільна цягнулася да інтэрнэту, спрабуючы падпарадкаваць яго тым жа законам, якія дзейнічаюць у рэале.

У Беларусі гэты працэс адбываўся на ўзроўні блакіровак «экстрэмісцкіх» сайтаў, крамаў па продажы наркотыкаў, суполак «УКантакце», вядомых апазіцыйных СМІ. Прававая база для такіх дзеянняў увесь час пашыраецца, падставы для блакіровак множацца, як бактэрыі ў кубку Петры.

Для таго, каб уяўляць, з чым вы маеце справу, як гэта ўсё працуе, і як атрымліваць інфармацыю без аглядкі на дзяржрэгуляванне — пяць галоўных фактаў пра блакіроўкі і інтэрнэт-цэнзуру ў Беларусі.

 

1. Блакіроўкі адбываюцца на ўзроўні правайдэраў

Правайдэр, які дае насельніцтву падключэнне да інтэрнэту, з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння проста перакрывае доступ да пэўных даменных імёнаў і ip-адрасоў. Замест сайта вы бачыце «заглушку» з інфармацыяй пра тое, што доступ да рэсурсу “абмежаваны” (цікавы эўфемізм да словаў «забаронены» альбо «заблакаваны»).

 

2. За экстрэмізм блакуюць па рашэнні суда. За парушэнне закона аб СМІ — па рашэнні Мінінфарму

У выпадку анархісцкіх і іншых «экстрэмісцкіх» сайтаў блакіроўкі адбываліся на падставе рашэння суда. Чамусьці амаль заўсёды для гэтых мэтаў дзяржава выкарыстоўвае суд Цэнтральнага раёна Мінска. Той, разам з адпаведнай камісіяй, прызнае «материалы, размещенные на сайте», экстрэмісцкімі, накіроўвае сваё рашэнне ў Мінінфарм, які ажыццяўляе блакіроўку. Так было, напрыклад, з сайтам анархісцкай суполкі «Прамень». З цягам часу Мінінфарм склаў адмысловы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

За парушэнне закону аб СМІ Мінінфарм блакуе сайт у пазасудовым парадку. Так было з «Хартыяй», «Беларускім партызанам», «KYKY.org».

Есць яшчэ адзін варыянт блакіровак — у сацсетках. У гэтым выпадку Міністэрства інфармацыі накіроўвае зварот аб забароне доступу да рэсурсу з беларускіх ip-адрасоў у адміністрацыю сацсеткі. Як правіла, гэта «УКантакце», якая належыць Mail.ru group, якая, у сваю чаргу, належыць Алішэру Усманаву, сябру Пуціна. Ці варта казаць, што сацсетка ідзе на ахвотнае супрацоўніцтва з расійскімі спецслужбамі і беларускім Мінінфармам?

Толькі ў 2014 годзе ў Расіі была ўзбуджаная 591 крымінальная справа за экстрэмізм, і больш за палову такіх спраў — за выказванні і рэпосты ў сацсетках, у прыватнасці, «УКантакце».

 

3. Забаронаў будзе больш

Нават без адмысловай статыстыкі бачна, як расце наступ на непадкантрольныя інфармацыйныя плыні. Першым чынам, канешне, абрынуліся на «тэрарыстаў» (дарма што ў Беларусі іх і няма), увялі адказнасць за размяшчэнне інфармацыі аб вырабе выбуховых рэчываў. Потым пайшлі наркагандляры, «экстрэмісты» (пад якіх падпісваюць любую больш-менш радыкальную крытыку рэжыму), сайты фінансавых пірамід, потым дабраліся да «Хартыі»...

За выявы ў сацсетках, на якіх бачная частка палавых органаў, заводзяць крымінальныя справы за парнаграфію. Прававых падстаў для гэтага ўжо зараз больш чым дастаткова. У адпаведнасці з п.1 арт. 38 Закона аб СМІ, у СМІ забаронены «распаўсюд інфармацыі, накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці альбо інфармацыі, якая ўтрымлівае заклікі да такой дзейнасці, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, а таксама іншай інфармацыі, распаўсюд якой можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

 Гнуткая фраза пра «іншую інфармацыю» і «шкоду нацыянальным інтарэсам» дазваляе заблакаваць літаральна ўсе. Бо хто дакажа чыноўнікам, што той ці іншы матэрыял не нясе шкоды? Вы? Я? Праваабаронцы? Юрысты?!

А ёсць жа яшчэ «Палажэнне аб Рэспубліканскай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці»...

Таму не выключана, што з часам пачнуцца спробы блакаваць недастаткова лаяльныя сацсеткі, потым «экстрэмізмам» альбо «пагрозай грамадскай бяспецы» абвесцяць, напрыклад, сайты нетрадыцыйных рэлігійных канфесій.

Асобныя дзяржідэолагі ў сваіх артыкулах ужо называюць анімэ варожай прапагандай. Цяміце, у якім накірунку рухаемся?

 

4. Tor і VPN — самыя надзейныя інструменты абыходу блакіровак

Tor Browser — гэта браўзер, які працуе ў сетцы проксі-сервераў, якія падымаюць на сваіх камп’ютарах добраахвотнікі.

Проксі-сервер — гэта сервер, які з'яўляецца пасрэднікам для вашага выхаду ў інтэрнэт. Вока Белтэлекаму будзе бачыць толькі тое, што вы спалучаецеся з проксі-серверам, а не тое, дзе вы сёрфіце і што робіце ў сваім браўзеры.

У Tor Browser усе вашы запыты і адказы (то бок трафік) праходзяць праз тры выпадковых проксі-сервера, кожны з якіх ведае толькі пра папярэдні проксі, але не пра ўвесь маршрут трафіку. Між кожным такім вузлом трафік шыфруецца. Нездарма эмблемай Тor з’яўляецца цыбуліна.

Дарэчы, у 2016-м у Беларусі «заблакавалі» Tor. Чаму ў двукоссі? Таму што «блакіроўка» абыходзіцца ў тры клікі. Спачатку пры загрузцы Tor вы ўключаеце «Open settings» (адкрыць налады), потым ставіце галачку ля опцыі «Соединение с интернетом цензурируется» і абіраеце гэтак званы bridge (мост) obfs4. Tor працуе, як раней!


На дадзены момант, па ацэнках экспертаў, Tor у Беларусі карыстаюцца 15–20 тысяч чалавек. Галоўны мінус гэтай тэхналогіі — істотна зніжаецца хуткасць інтэрнэту.

VPN — Virtual Private Network — гэта аддалены сервер з шырокім каналам, як правіла, у краіне з больш-менш вольным інтэрнэтам. Пры выкарыстоўванні яго вы таксама выпадаеце з полю зроку правайдэра — ён бачыць толькі ваша падключэнне да VPN. А ўсе вашы наведванні сайтаў адбываюцца «ад імя» замежнага ip-адрасу.

VPN ёсць як бясплатныя (імі карыстацца не рэкамендуюць, бо многія з іх збіраюць дадзеныя карыстачоў для далейшага камерцыйнага выкарыстання), так і платныя: як правіла, 50–150 долараў на год.

 

5. Абыход блакіровак — цалкам легальны (пакуль)

За любы абыход блакіровак, выкарыстанне проксі, ананімайзераў і VPN не прадугледжана ніякай адказнасці. Можна выказаць здагадку, што яе пакуль не ўвялі па простай прычыне: адсачыць такія «злачынствы» будзе надзвычай цяжка.

На сусветным інфармацыйным рынку ананімнасць і сеціўная бяспека робяцца ўсе больш каштоўным таварам, бо дасягаюцца з кожным годам усё цяжэй. Магчыма, кожнаму з нас варта паспяшацца і інвеставаць ва ўласную прыватнасць, пакуль кошт такіх інвестыцый яшчэ зусім мізэрны: некалькі клікаў і паўгадзіны часу.

 

Чытайце таксама: 

Як адкрыць «закрытыя» сайты? 




 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць