Кошты растуць, чыноўнікі мрояць

Што б ні казалі высокапастаўленыя чыноўнікі айчыннай эканоміцы, кшталту загадаў «стаяць» ці яшчэ якіх, перастала гэтая самая эканоміка іх слухацца. Кошты растуць, а тут яшчэ і ўласны «плебс» спакою не дае. Серада ўжо, бадай, сталася праклятым днём для беларускіх уладатрымцаў.



Што б ні казалі высокапастаўленыя чыноўнікі айчыннай эканоміцы, кшталту загадаў «стаяць» ці яшчэ якіх, перастала гэтая самая эканоміка іх слухацца. Кошты растуць, а тут яшчэ і ўласны «плебс» спакою не дае. Серада ўжо, бадай, сталася праклятым днём для беларускіх уладатрымцаў.

Дзявятым разам праходзіла 20 ліпеня «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» ў розных рэгіёнах Беларусі. Пра плён падобных акцый аўтар гэтых радкоў разважаць не збіраецца, аддаўшы права на гэта калегам. Толькі адзначу: зноў амбалы ў цывільным хапалі людзей. Зноў апладысменты сталіся прычынай для затрыманняў. На што нават пасол нашай усходняй саюзніцы Аляксандр Сурыкаў адрэдагаваў заўвагай, што хапаць за тое людзей — перабор беларускіх уладаў і што ў ягонай краіне апладысменты не з’яўляюцца чымсьці забароненым.

Той жа Сурыкаў чарговым разам апусціў беларускае начальства на зямлю. Гэта ўжо пра эканоміку, хоць і з палітычным адценнем. Зноўку гаворка вялася аб продажы Расіі «Белтрансгазу». Тутэйшы ўрад спіць і бачыць, як бы загнаць айчынную газатранспартную сістэму па найлепшым кошце, ды яшчэ і цэны на будучыя пастаўкі блакітнага золата абумовіць сабе на карысць.

А вось усходняя сястрыца стала ў позу, не вельмі прывабную для беларускага кіраўніцтва. То віцэ-прэм’ер расійскага ўраду, які лічыцца правай рукой Уладзіміра Пуціна, Ігар Сечын заяўляе, што і раней за 50 працэнтаў «Белтрансгазу» Расія пераплаціла, а зараз і пасол Сурыкаў кажа, што Беларусі няма чаго патрабаваць ад Расіі нават за тыя вайсковыя базы, што месцяцца на нашай тэрыторыі. Маўляў, Расійская Федэрацыя выплачвала пазыкі СССР, у тым ліку і беларускія (БССР), так што сядзіце і маўчыце.

А калі сур’ёзна, то, на думку расійскага дыпламата, 2,5 мільярда долараў, якія Беларусь магла б атрымаць за другую палову акцый «Белтрансгаза», зараз былі б ёй вельмі дарэчы: «Інфляцыя, падзенне рэальных прыбыткаў насельніцтва, хоць эканоміка, відаць, працуе… Добра грамадству? Кепска. Улада губляе свой давер у грамадстве. Што рабіць у такой сітуацыі? Эканоміка — яна інерцыйная. Пакуль набярэ вагу экспарт, колькі гадоў трэба чакаць. Таму мой пункт гледжання такі: вось гэтыя два з паловай мільярды долараў за «Белтрансгаз» былі б вельмі патрэбныя цяпер. І, на мой погляд, перамовы мусяць быць завершаны як мага хутчэй. Частку атрыманых грошай варта было б накіраваць у золатавалютныя рэзервы, а частку — у інтэрвенцыі на валютны рынак, каб прывесці беларускі рубель да адзінага курса. Няхай нават і да гэтага, які Нацбанк лічыць аб’ектыўным, — 5 тысяч рублёў за долар. І пачнецца адлік у росце прыбыткаў насельніцтва. Вось што важна для краіны зараз, і гэтыя рэсурсы маглі б такую задачу вырашыць».

Калі слухаеш расійскага пасла, такое ўражанне, што ўсё проста і ўсё ляжыць на паверхні. Дык чаму тады відавочнае не бачна беларускім чыноўнікам? Прэм’ер Беларусі кажа пра гатоўнасць прадаваць беларускія прадпрыемствы і нават называе канкрэтныя расійскія кампаніі, гатовыя хоць заўтра набыць тутэйшую ўласнасць, а расіяне тым часам наўскапыта імкнуцца абвергнуць заявы беларускіх урадаўцаў. Хто каго трымае за дурня? А беларускія чыноўнікі, тым часам, не пераста­юць мроіць пра мільярды крэдытных ці прыватызацыйных долараў…

Чарговы сюрпрыз для беларускіх аўтааматараў. Ад чацвярга падаражэла паліва — і бензін, і дызель. Прычым, дызель зноўку апярэдзіў свайго больш светлага і складанага ў вытворчасці сваяка. Так, цяпер літр АІ-95 каштуе 4650 рублёў (быў 4500), АІ-92 — 4300 (быў 4200), дызпаліва — 4650 (было 4450). Бензін Н-80 цяпер абыходзіцца ў 4200 айчынных грашовых адзінак (быў 4000). Такім чынам, ад новага года паліва падаражэла ў сярэднім у два разы. Прыўкрасна, як казаў наш славуты Уладзімір Караткевіч.

20 ліпеня споўнілася трыццаць гадоў Змітру Дашкевічу, імя якога добра вядома ў беларускіх палітычных колах. Свой юбілей лідар зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» сустрэў у карцэры Горацкай калоніі агульнага рэжыму, куды актывіста на два гады ўпяклі за быццам бы збіццё двух асоб, якія на судовым працэсе нават не паказалі сваіх твараў. Яшчэ адзін малады актывіст — сябра Руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід, якога асудзілі за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года і які дагэтуль не прызнаў сваёй віны, у карцэры правёў ужо 55 (!) дзён. А яго маці Алена 20 ліпеня аказалася ў ліку затрыманых удзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту. Проста прыклады гуманізму з боку ўладаў!

І яшчэ падзея, пра якую грамадскасці стала вядома 20 ліпеня. Прыведзены ў выкананне расстрэльны прысуд у дачыненні да 28-гадовага і 29-гадовага грамадзян Беларусі, жыхароў Гродна. Абодва шукалі літасці ў кіраўніка дзяржавы, але памілавання не дачакаліся. Не прыводзіць смяротны вырак беларускіх уладоўцаў заклікалі айчынныя і замежныя праваабаронцы. Безвынікова.

Можна па-рознаму ставіцца да забойцаў трох чалавек, але трэба і памятаць, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне ў якасці найвышэйшай меры. З гэтай прычыны Беларусь — адзіная краіна на кантыненце, якая не ёсць сябрам Савета Еўропы. Ці можам мы ганарыцца гэтым фактам? Дарэчы, помста, няхай і такім замацаваным законам дзікунскім чынам, ніколі не была лекам для грамадства. Чалавечае жыццё — дар Божы, і не чалавеку яго адымаць, няхай ён і ў судзейскай мантыі. Бо ёсць яшчэ і Суд, непадуладны чалавеку.

Каментаваць