Космас — наш!

Першая «БелКА» нікуды не паляцела. Але ж Беларусь імкнецца стаць касмічнай дзяржавай. Раней паведамлялася, што Федэральнае касмічнае агенцтва Расіі (Раскосмас) прызначыла на 22 ліпеня раней адкладзены з-за рознагалоссяў з Казахстанам запуск ракеты «Саюз» з беларускім спадарожнікам на борце. Аднак амбіцыі па заваяванні касмічнай прасторы на гэтым не скончыліся.



Першая «БелКА» нікуды не паляцела. Але ж Беларусь імкнецца стаць касмічнай дзяржавай. Раней паведамлялася, што Федэральнае касмічнае агенцтва Расіі (Раскосмас) прызначыла на 22 ліпеня раней адкладзены з-за рознагалоссяў з Казахстанам запуск ракеты «Саюз» з беларускім спадарожнікам на борце. Аднак амбіцыі па заваяванні касмічнай прасторы на гэтым не скончыліся.

Урад РФ ухваліў канцэпцыю праграмы Саюзнай дзяржавы «Распрацоўка касмічных і наземных сродкаў забеспячэння спажыўцоў Расіі і Беларусі інфармацыяй дыстанцыйнага зандавання Зямлі» (праграма «Маніторынг-СД»). Праграма была распрацавана Федэральным касмічным агенцтвам і пададзена ўраду пасля папярэдняга ўзгаднення з зацікаўленымі органамі ўлады Расіі і Беларусі.

Праграма «Маніторынг-СД», разлічаная на 2012–2016 гады, з’яўляецца «чарговым крокам у рэалізацыі доўгатэрміновага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі па інтэграцыі іх наземных і арбітальных касмічных сродкаў, а таксама інтэлектуальных і вытворчых рэсурсаў у правядзенні даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах». Прычым праграма прадугледжвае распрацоўку новых тэхнічных і апаратна-праграмных сродкаў наземнага комплексу кіравання, прыёму, апрацоўкі і распаўсюджвання касмічнай інфармацыі, а таксама выкарыстання магчымасцяў арбітальнай групоўкі расійскіх і беларускіх касмічных апаратаў.

Вось і дзіўная «інтэграцыя ў космасе». Беларусь свой спадарожнік яшчэ нават не запусціла, а ўжо патрабуецца «доўгатэрміновае супрацоўніцтва па інтэграцыі арбітальных касмічных сродкаў».

Заўважце, 2012 год — пачатак праграмы — гэта зараз. Ніводнага беларускага спадарожніка ў космасе няма. А праграма ўжо заяўляе пра выкарыстанне цэлай арбітальнай групоўкі беларускіх касмічных апаратаў!

Хацеў бы я паўдзельнічаць у гэтай фантастычнай праграме — калі нічога няма, а фінансаванне ўжо ёсць. Здаецца, адзінае касмічнае ў такіх варунках, што можа быць, — «распіл бабла» ў касмічных маштабах з касмічнай хуткасцю.

Але ў перспектыве ў Беларусі будзе свой касмадром. А калі не свой, дык хоць ягоная частка. Шкада, праўда, што месціцца ён будзе не ў Беларусі, і яркага старту касмічнай ракеты мы жыўцом не пабачым. Але ўсё ж Беларусь будзе ўдзельнічаць у будаўніцтве касмадрома. У Венесуэле.

Пра гэта паведаміў венесуэльскі пасол Амерыка Дыяс Нуньес 4 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску. «Беларусь будзе ўдзельнічаць у будаўніцтве касмічнай базы ў штаце Арагуа, — сказаў дыпламат. — Будаўніцтва гэтай базы запланавана не для запуску ядзерных ракет, а для запуску спадарожнікаў у навуковых і даследчых мэтах. Цяпер спадарожнікі для Венесуэлы вырабляюцца ў Кітаі, але было дасягнута пагадненне, што яны будуць збірацца ў Венесуэле».

Так што не вельмі хутка, але ад Байканура мы адмовімся. Дарэчы, калі Венесуэла будзе збіраць свае спадарожнікі, чаму б не прапанаваць ім нашу тэхналогію замест кітайскай? А ў хуткім часе збіраць і сапраўдныя касмічныя арбітальныя станцыі…

Акрамя касмадрому, Беларусь, Венесуэла і Кітай рэалізуюць праект па будаўніцтве ЦЭЦ у штаце Барынас. Кошт праекта складае 900 мільёнаў долараў. «Кітай інвестуе капітал, а Беларусь перадасць сваю тэхналогію, — сказаў Дыяс Нуньес. — ЦЭЦ будзе пабудавана за тры гады, з 2012 па 2015 гады, у прамысловай зоне Санта-Інэс у Барынасе».

І больш за тое. Венесуэла гатова пастаўляць нафту ў тых аб’ёмах і на тых умовах, якія неабходны Беларусі. «Гаворка не ідзе аб тым, што гэты праект праваліўся. У Беларусі была надзвычайная сітуацыя, была неабходнасць імпартаваць нафту ў пэўнай колькасці. Венесуэла выказала гатоўнасць дапамагчы і ажыццявіла пастаўкі», — сказаў Нуньес.

Космас, нафта, ЦЭЦ, праекты... Амбіцыі і мары могуць быць якія заўгодныя. Але калі паглядзець на двухбаковыя адносіны непрадузята, то можна прыйсці да высновы, што ў апошні час эканамічнае супрацоўніцтва стала згасаць. Шырока разрэкламаваны праект пастаўкі венесуэльскай нафты ў Беларусь здзьмуўся. Паступова скарачаецца і тавараабарот. У 2010 годзе ён складаў 1,5 мільярда долараў, у 2011 годзе — 1,3 мільярда, у гэтым годзе, мяркуючы па тэндэнцыях першых месяцаў, будзе яшчэ меншым.

Наогул, у аналітыкаў ствараецца ўражанне, што спачатку беларуская кіруючая наменклатура ўбачыла ў Венесуэле залатую жылу. Але пазней энтузіязм суцішыўся: будаўнічыя аб’екты здаюцца са спазненнем, а засваенне нафтавых радовішчаў, якія прапанавалі венесуэльскія браты, абыдзецца дорага. Там патрэбныя вялікія інвестыцыі, і нават з сённяшнім коштам на нафту гэтыя праекты не акупляюцца.

А грошай дастаць няма адкуль. Трэба разлічвацца па папярэдніх крэдытах, ды братэрская Расія таксама патрабуе сваю частку. Прычым, сапраўды сваю. Федэральны арбітражны суд Маскоўскай акругі пацвердзіў рашэнне арбітражнага суда Масквы аб спагнанні па іску «Альфа-банка» з беларускага прадпрыемства «Брэстэнерга» запазычанасці па крэдытным дагаворы ў памеры прыблізна 18 мільёнаў долараў.

Крэдыт «Брэстэнерга» быў выда­дзены ў маі 2010 года на 20 мільёнаў долараў. Тэрмін вяртання павінен быў наступіць у снежні 2013 года. Аднак «Альфа-банк» датэрмінова запатрабаваў крэдыт, бо адказчык несвоечасова аплачваў працэнты па крэдыце і не выконваў графік пагашэння асноўнага доўгу. «Брэст­энерга» пратэрмінаваў пагашэнне грашовых сродкаў у сувязі з сітуацыяй на валютным рынку ў Беларусі. Памятаеце «доларавы дэфіцыт»?

Ну, нічога, выйсце можа знайсціся. Прыкладам, расійская газета «Коммерсантъ» лічыць, што Беларусь можа прытуліць прэзідэнта Сірыі Башара Асада. У апублікаваным 3 ліпеня інтэрв’ю турэцкай газеце «Cumhuriyet» Асад упершыню выразна заявіў, што гатовы пайсці з прэзідэнтаў, калі пераканаецца, што гэты крок прывядзе да ўрэгулявання ўзброенага канфлікту з апазіцыяй.

«Інфармаваная крыніца» ў расійскіх дыпламатычных колах паведаміла «Коммерсанту», што заходнія краіны, і найперш ЗША, робяць актыўныя спробы пераканаць Маскву забраць да сябе сірыйскага лідара і даць яму палітычны прытулак. Эксперт выдання, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра міжнароднай бяспекі Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносінаў РАН Уладзімір Сотнікаў заявіў, што Масква «правя­дзе перамовы з Беларуссю і, каб лішні раз не раздражняць грамадскую думку на Захадзе, угаворыць Мінск прытуліць Асада — Лукашэнка да гэтага гатовы».

А чаму не? У красавіку 2010 года прытулак у Беларусі паводле прапановы Лукашэнкі атрымаў звергнуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў. У жніўні — верасні 2011 года распаўсюджвалася інфармацыя, што Беларусь у якасці прыстанку абраў лівійскі лідар Муамар Кадафі, але не паспеў прыехаць — быў забіты ў сябе на радзіме. Зараз Асад. Можа, у яго грошыкі і на нашы амбітныя праекты знойдуцца?
 

Каментаваць