Кожны чацвёрты

Прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, Фонду развіцця прававых тэхналогій, Цэнтру прававой трансфармацыі, іншых праваабарончых арганізацый агучылі вынікі даследавання анкет са сведчаннямі затрыманых падчас і пасля масавай акцыі 19 снежня.

(На здымку: Алена Танкачова і Ігар Сажын. Фота аўтара)



Прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, Фонду развіцця прававых тэхналогій, Цэнтру прававой трансфармацыі, іншых праваабарончых арганізацый агучылі вынікі даследавання анкет са сведчаннямі затрыманых падчас і пасля масавай акцыі 19 снежня.

(На здымку: Алена Танкачова і Ігар Сажын. Фота аўтара)


Як паведаміў сябра Місіі, член праўлення Міжнароднага «Мемарыялу» Ігар Сажын (Расія), падчас даследавання анкеты добраахвотна запоўнілі 260 затрыманых; даследчыкі паспелі апрацаваць 205. Рэспандэнтамі былі грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 61 гадоў, сярод якіх — 43 жанчыны і 162 мужчыны.

«Мы сцвярджаем, што найбольш жорстка і найбольш масава прадстаўнікі ўлады прымянялі гвалт і жорсткасць пры затрыманнях. Гвалт прымяняўся да кожнага чацвёртага затрыманага, пры гэтым акты гвалту суправаджаліся абразамі і прыніжэннямі людзей, — канстатаваў Ігар Сажын. — Асноўная частка затрыманых, паводле іх сведчанняў, не аказвала пры гэтым ніякага супраціўлення, у шэрагу выпадкаў людзі стаялі з узнятымі рукамі, чым паказвалі, што гатовыя падпарадкавацца прадстаўнікам дзяржавы. Самі ж прадстаўнікі закону ў кожным шостым выпадку пры затрыманні не мелі знакаў адрознення і нават хавалі свае твары пад маскамі».

Па словах Ігара Сажына, колькасць выпадкаў гвалту пры ўтрыманні схопленых у спецтранспарце, у месцах афармлення пратаколаў і ў судах некалькі змяншалася, але істотна павялічвалася колькасць актаў прыніжальнага і жорсткага абыходжання. «Затрыманых працяглы час утрымлівалі ў перапоўненым спецтранспарце, у прыніжальных позах — тварам долу, тварам да сцяны, заклаўшы рукі за спіну ці за галаву. Затрыманым не давалі доступу да пітной вады, па шмат гадзін адмаўлялі ў магчымасці наведаць прыбіральню, не аказвалі дапамогі людзям з цяжкімі траўмамі, — падкрэсліў Сажын. — Пры гэтым варта адзначыць, што дадзеныя спосабы прыніжэння перыядычна суправаджаліся асобнымі ўспышкамі гвалту з боку прадстаўнікоў улады».

Як адзначыла кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова, вынікі даследавання анкет затрыманых будуць прадстаўлены для рэагавання ў адпаведныя дзяржаўныя структуры ў якасці доказу неправамерных дзеянняў прадстаўнікоў дзяржавы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі з мэтай, каб «пазбегнуць  падобнага падчас аналагічных мерапрыемстваў».

Каментаваць