Кожны павінен бараніць свае правы

Міжнародны дзень правоў чалавека праваабаронцы адзначылі выхадам на вуліцу. Яны нагадалі беларусам пра тое, што за свае правы трэба змагацца.

Міжнародны дзень правоў чалавека праваабаронцы адзначылі выхадам на вуліцу. Яны нагадалі беларусам пра тое, што за свае правы трэба змагацца.

У Мінску 10 снежня на цэнтральным праспекце прахожым раздавалі Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека і ўлёткі супраць смяротнага пакарання. Гэта праблема, як лічаць праваабаронцы, вельмі вострая ў Беларусі. “Хочацца, каб людзі ведалі больш, што гэта за праблема і ў чым яна заключаецца. Бо насамрэч інфармацыі на гэты конт вельмі няшмат у Беларусі. І таму мы раздаём гэтыя ўлёткі, каб інфармаваць грамадзян, — паведаміла Валерыя Саўчанкава, супрацоўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта.

Яна адзначыла таксама і неабходнасць забеспячэння ў Беларусі права на свабоду мірных сходаў, на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі. “І насамрэч шмат іншых правоў. У прынцыпе ўсе правы, усе 30 артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека людзі павінны ведаць. І тое, што дзяржава павінна забяспечваць гэтыя правы. І тое, што яны могуць патрабаваць забеспячэнне гэтых правоў. На мой погляд, кожнае з іх парушаецца. Канечне, нейкія правы больш, нейкія менш. Але ўсё ж такі гэта так, — мяркуе Валерыя Саўчанкава.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека была прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН 62 гады таму. Для Беларусі, як адзначыў кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна Алесь Бяляцкі, гэты дакумент зараз з’яўляецца вельмі актуальным. Таму што большасць дэклараваных у ім правоў чалавека ў Беларусі абмежаваныя ці знаходзяцца пад уціскам з боку ўлады.

“За 16 гадоў выбудавана моцная таталітарная сістэма, якая абмяжоўвае літаральна ўсе пазіцыі і грамадскіх, і палітычных, і сацыяльных правоў, — сказаў праваабаронца. — Дастаткова ўзгадаваць хаця б абавязковыя кантракты пры паступленні на працу. І вялікія праблемы з экалагічнымі правамі. Закрытасць абмеркавання сітуацыі па пабудове АЭС гэта паказала. Таму куды не плюнь, усюды ты наткнешся на рыла беларускага чыноўніка.

У артыкуле 21 Дэкларацыі пазначана, што кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краіны. Непасрэдна альбо праз свабодна абраных прадстаўнікоў. Гэта права гарантавана і Канстытуцыяй. Але, як нагадаў Алесь Бяляцкі, на працягу апошніх 16 гадоў выбары ў Беларусі не прызнаваліся міжнароднай супольнасцю. “Мы таксама лічым, што гэтыя выбары фальсіфікаваліся. І сёлетняя выбарчая прэзідэнцкая кампанія таксама, на жаль, не адрозніваецца ў лепшы бок, — падкрэсліў ён. Па тым, як яна ідзе, на думку праваабаронцы, вынікі гэтых выбараў спрагназаваныя.

“Насамрэч кожны можа быць праваабаронцам і павінен бараніць свае правы. Таму што пад ляжачы камень вада не цячэ. І трэба змагацца за свае сацыяльныя, грамадскія, палітычныя, культурныя, экалагічныя правы, — лічыць Алесь Бяляцкі. Толькі такім чынам, як зазначыў праваабаронца, можна дабіцца павагі да правоў чалавека і дэмакратыі ў грамадстве.
 

Каментаваць