Краіна, дзе могуць забіць за «не тую» сексуальную арыентацыю

Гарадзенка Вікторыя сустрэлася з карэспандэнтам «Белсату», каб распавесці пра тое, як жывуць у Беларусі людзе з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй.

Вікторыя — 24-гадовая дзяўчына. Два гады таму яна скончыла гарадзенскі універсітэт імя Янкі Купалы, атрымала спецыяльнасць у галіне турызму і цяпер працуе ў прыватнай фірме. Аказваецца, Горадня мае шмат асаблівых месцаў, дзе збіраюцца гомасексуалы. Ёсць яшчэ і іншае пытанне: як да такіх людзей ставіцца сям’я, сябры, калегі?

Першую сваю дзяўчыну Вікторыя сустрэла на сайце знаёмстваў «Мой мір». «Увогуле такое практыкуецца вельмі часта сярод прадстаўнікоў нетрадыцыйных арыентацый, — адзначае суразмоўца. — Менавіта тады мая першая дзяўчына і ўвяла ў асяродак гарадзенскіх нетрадыцыялаў».

 

Дзе тусаваліся гарадзенскія гомасексуалы?

 


Для Вікторыі стала сапраўдным адкрыццём, што ў Горадні ёсць шмат месцаў, дзе могуць бавіць свой вольны час геі і лесбіянкі — гэта быў клуб-більярдная «Пушкін». Менавіта там гарадзенцы з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй знаходзілі сваё каханне або проста партнёраў. «Сярод нашай тусоўкі стасункі былі ў кожнага амаль з кожным. І гэта ўспрымаецца нармальна! Няма ніякіх крыўдаў ці рэўнасці!» — кажа Вікторыя.

Другая ўстанова, дзе ладзіліся закрытыя вечарыны, была кавярня «Тарас Бульба» (цяпер у гэтым будынку кавярня «Арыгінал), што знаходзіцца на рынку «Паўднёвы».

Нетрадыцыялы, па словах Вікі, адзін час нават хадзілі ў клуб «Эпалет», але хуткая дэградацыя забаўляльнай пляцоўкі і павялічаная канцэнтрацыя гарадзенскіх «гопнікаў» распужала такую кліентуру.

 

«Бабуля і дзядуля лічылі мяне беснаватаю»

 

«Што да сям’і, дык тут усё было нашмат складаней. Бабуля з дзядулям ледзь не адракліся ад мяне, калі я распавяла ім аб сваёй арыентацыі. Надта яны ў мяне рэлігійныя. Думалі, што ў мяне ўсяліўся дʼябал, нават выклікалі бацюшку, але той аказаўся адэкватным чалавекам, выслухаў мяне ды нават не стаў пераконваць», — расказвае Віка. А вось маці Вікторыі больш 10 год жыве ў Заходняй Еўропе, дзе пазнаёмілася і сустракаецца з андрагінам. «Але хачу Вас запэўніць, што выбар маёй мамы ніяк не паўплываў на маю арыентацыю», — робіць заўвагу Віка.

 

«Гэта асабісты выбар кожнага»

 

Агульная карціна для гомасексуалаў у Беларусі выглядае даволі песімістычна: «Большасць нас ненавідзяць! Нават прэзідэнт праз тэлебачанне прыніжае! За тое, што ты гей ці лесбіянка, можна наўпрост атрымаць па галаве! Узгадайце сітуацыю з Мішам Пішчэўскім, які памёр пасля таго, як яго гопнік збіў пад клубам. Такое можа здарыцца з кожным з нас».

На яе думку, беларусы яшчэ не гатовыя ўспрыняць людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй: «Чаму? Бо куды не глянь, а на нас бруд льецца. Ды і для грамадскасці мы выглядаем як людзі з парушэннямі ў мазгах. Я ніколі не дэманструю сваю арыентацыю, бо раней узнікалі праблемы. Напрыклад на працы адна калега даведалася пра маю схільнасць да дзяўчат і пасля гэтага поўнасцю перастала са мной кантактаваць».

Цяпер Вікторыя жыве разам з каханай, працуе і пабывала на летнім адпачынку ў Заходняй Еўропе, куды хутка перабярэцца жыць. А яшчэ заклікае беларусаў пазбавіцца комплексу нянавісці да нетрадыцыялаў: «Гэта асабісты выбар кожнага, мы ж нікому не навязваем сваёй пазіцыі і не робім нічога кепскага. Давайце жыць у міры і згодзе».


Мікалай Дзямідаў, belsat.eu

 

Каментаваць