Краіна, у якой не было крызісу

Польшча — адзіная краіна Еўразвяза, у якой на працягу «крызісных гадоў» ВУП не падаў ніжэй плінтуса. І нават не апускаўся да нулявой пазнакі. ВУП заўсёды рос. Нават у самы крызісны 2009-ы яго рост склаў 1,6%. У гэтым годзе, на фоне паспяховых мінулых гадоў, рост чакаецца ў 1,5%, а ў наступным — больш за 2%.



Беларускія чыноўнікі могуць паціраць рукі: маўляў, у нас ВУП таксама складае 1,5% за мінулы год, а ў гэтым запланавана 8,5%. Але паміж польскім ВУП і беларускім — жахлівая розніца. Палякі лічаць ВУП не ад колькасці створанай прадукцыі, а ад колькасці прададзенай. Бо ў нас жа як — забілі склады, а ВУП расце.

Палякам гэта наогул незразумела, бо пра тое, што ВУП лічыцца колькасцю прададзенай прадукцыі, яны кажуць так, нібыта гэта само сабой вядома.

Але не толькі ВУПам адзіным жывуць палякі. Сярод 10 «новых» краін ЕС, і ў параўнанні са «старымі» краінамі ў агульным, Польшча за 10 гадоў (ад 2004-га і ўлічваючы прагноз на 2014-ы) ВУП ніводнага разу не падаў у «чырвоную зону».

ВУП Польшы

Краіна нават у часы эканамічнага крызісу, калі ні ў каго няма грошай, прыцягнула наўпроставых замежных інвестыцыяў больш за 230 мільярдаў долараў. Прычым, самі палякі кажуць: у прыцягненні інвестыцый крызіс ім нават дапамог.

«Падушка бяспекі»

Дык чаму ж у Польшчы не было крызісу? На гэта ёсць тры прычыны, і ўсе тры — істотныя.

Найперш, гэта тычыцца структуры гаспадаркі ў Польшчы, патлумачыў беларускім журналістам кіраўнік аддзела ўсходніх краін дэпартаменту прасоўвання і двухбаковага супрацоўніцтва Міністэрства эканомікі Польшчы Аляксандр Мілота. У Польшчы на 38,5 мільёна насельніцтва зарэгістравана 4 мільёны малых і сярэдніх бізнэсоўцаў, прычым 3 мільёны з іх — гэта, па нашаму кажучы, «індывідуальныя прадпрымальнікі». Менавіта малы і сярэдні бізнэс — тая «падушка бяспекі», якая не ў апошнюю чаргу ўратавала Польшчу.

Малыя прадпрыемствы — вельмі гнуткія, яны могуць правесці «перабудову на хаду», адпаведна рэагуючы на эканамічныя выклікі. Менавіта яны выступілі своеасаблівым «амартызатарам» для крызісу.

Таму малы бізнэс вельмі ў пашане ў палякаў. Ён існаваў у той ці іншай ступені нават у часы камунізму. А калі камунізм пачаў паціху канаць, то ў 1988 годзе быў прыняты закон аб свабодзе прадпрымальніцкай дзейнасці. Прычым, гэта самы лепшы закон Рэспублікі Польшча — ён дзейнічае і дагэтуль. Свабода прадпрымальніцтва амаль неабмежаваная.

Ці існуе ў Беларусі хоць адзін закон, які б без зменаў дзейнічаў 15 гадоў? У нас нават канстытуцыю за гэты час адзін раз прынялі і адзін раз перапісалі.

Як паведаміў Мілота, Міністэрства гаспадаркі Польшчы, сярод іншага, і створанае для таго, каб спрыяць у развіцці малому бізнэсу.

Зразумела, важная і буйная гаспадарка Польшчы. Але яна не такая, як у нас.

Журналісты ўзгадалі, што ў свой час беларускім «флагманам», кшталту «Гарызонту» і МАЗу, прапаноўвалі збіраць тут тэлевізары і выпускаць машыны па тэхналогіі і пад брэндам сусветна вядомых марак: Sony, Samsung, MAN, Ford ды іншыя. Але савецкая сістэма мыслення ў Беларусі пераважыла: «Як жа так? Мы страцім сваё, айчыннае!». Ад гэтых праектаў адмовіліся, і дзе цяпер «нашае, айчыннае»? Прайграе па якасці і кошце замежнаму.

Польшча ж пайшла менавіта па такім шляху. Кіраўнік Польскага агенцтва інфармацыі і замежных інвестыцыяў Славамір Майман распавёў: «У мінулым годзе, падчас крызісу 61% польскага экспарту — гэта экспарт прадукцыі, якія выпускала Польшча пад вядомымі брэндамі. І ў нас у першай палове гэтага года, нягледзячы на крызіс на Захадзе, экспарт павялічыўся амаль на 6%».

Славамір Майман

«У нас шмат палітыкаў, левых, правых, кажуць: «Краіну распрадалі! Дзе польская вытворчасць, дзе польскія брэнды, польская прадукцыя?» Калі б мы напачатку 90-х гадоў не вырашылі адчыніць дзверы замежнаму капіталу, Польшчы на сённяшнім узроўні папросту б не было. Так, мы ганарыліся тым, што мы — дзясятая краіна ў свеце па прамысловасці. Па адным паказчыку — вытворчасці чыгуна і сталі. Былі цэлыя гарады, якія працавалі толькі на аднаго кліента — на Савецкі Саюз. Лодзь ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя была цэнтрам тэкстыльнай прамысловасці для аднаго кліента — спачатку Расійскай імперыі, потым СССР. Яшчэ дзесяць гадоў таму там працы не было! І дзякуючы замежным інвестыцыям мы бяднейшы рэгіён ператварылі ў квітнеючы сад», — кажа Майман.

Зараз, як заўважылі ў агенцтве, у 2012 годзе амаль кожны другі тэлевізар альбо іншая бытавая тэхніка, прададзеная на тэрыторыі Еўрасаюза, была польскай вытворчасці.

З інвестарамі там носяцца, як з дурань з пісанай торбай — толькі прыходзьце, укладвайце грошы. Як прыйшоў інвестар — да яго адразу ж прыстаўляюць кансультанта. Ён дапаможа разабрацца з польскімі законамі, з польскай падатковай сістэмай, падкажа, што і як, і ледзьве не аблізвае гэтага інвестара.

Але самы дарагі тавар, які Польшчы ўдалося прадаць замежным інвестарам, — стабільнасць. Не славутая «беларуская стабільнасць» — «абы не было вайны». «Усе ўрады, якія ў нас былі: левыя, правыя, ліберальныя, сацыялістычныя, зялёныя, чырвоныя, блакітныя, у клетачку, — усе яны прытрымліваліся аднаго прынцыпу. Гэта прынцып ліберальнай эканамічнай палітыкі і адчыненых дзвярэй для замежных інвестыцый. Стабільнасць — гэта вельмі дэфіцытны зараз тавар ва ўсёй Еўропе. Эканамічная і палітычная стабільнасць. Такога тавару ў Еўропе няма, але ён ёсць у нас», — кажа спадар Майман.

Ну і ў дадатак, кажа Майман, у Польшчы самы нізкі ўзровень карупцыі ў рэгіёне, і ў краіне няма алігархаў. Польшча здолела пазбавіцца ад цеснай сувязі бізнэсу з карупцыяй.

Беларусь убаку

Што ж тычыцца Беларусі, то заходняя суседка на дзяржаўным узроўні ставіцца да нас прагматычна-індыферэнтна. Таваразварот з Беларуссю ў мінулым годзе склаў каля двух мільярдаў долараў. У гэтым годзе ён павялічыўся на 20%. Гэта неблагая дынаміка для Польшчы. Тым больш, што гэты таваразварот — на карысць Польшчы. То бок, Беларусь экспартуе з Польшчы больш, чым імпартуе ў яе. І, хоць Беларусь і займае трэцяе месца ў краінах Усходняй Еўропы па экспарце, узнікла ўражанне, што палякі не вельмі і спяшаюцца на дзяржаўным узроўні актывізаваць «беларускі напрамак». Да таго ж, асноўны партнёр — краіны ЕС. Нават нягледзячы на крызіс у ЕС туды ідзе львіная доля польскага экспарту.

Не спрыяе актывізацыі эканамічных адносінаў і тое, што Беларусь ніяк не можа ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю. Польшча ж, як сябра СГА, павінна гуляць па правілах гэтай арганізацыі.

Тое ж самае з інвестыцыямі. У мінулым годзе палякі інвеставалі ў Беларусь толькі 14 мільёнаў долараў. Некаторыя лічаць, што гэта добрая сума, але на самай справе яна вельмі невялікая. У агенцтве інвестыцый кажуць, што Польшча пакуль больш імкнецца прыцягваць інвестыцыі, чым інвеставаць у іншыя краіны.

У прынцыпе, адмыслоўцы Агенцтва інфармацыі і замежных інвестыцый казалі, што Польшча пакуль у самым пачатку шляху інвеставання сваіх грошай куды-небудзь. Але ўсё роўна асноўны кірунак інвестыцый ідзе туды, дзе зацікаўленыя ў польскай прадукцыі. А паколькі, напрыклад, 25% польскага экспарту ідзе ў Германію, то і інвестыцыі з боку Польшчы ідуць у краіны ЕС.

Дый ніякае міністэрства не можа загадаць польскаму бізнэсоўцу, дзе і каму прадаваць тавары.

На дзіва абыякава ў міністэрстве гандлю ставяцца да беларусаў, якія прыязджаюць на «закупы» ў Польшчы. Груба кажучы, для іх «грошы не пахнуць». Не робіцца ніякіх падлікаў, колькі беларусы пакідаюць грошай у Польшчы. Ацэнкі міністэрства гаспадаркі на гэты конт вельмі прыблізныя і, як яны кажуць, ускосныя. Але, на думку адмыслоўцаў міністэрства гаспадаркі, гэтая лічба можа дасягаць 200 мільёнаў еўра на год.

А варта было б звярнуць на гэта асаблівую ўвагу. 200 мільёнаў еўра — гэта ў 14 разоў больш за польскія інвестыцыі ў Беларусь. І гэта — дзясятая доля афіцыйнага таваразвароту з заходняй суседкай. Такі «народны» таваразварот усё ж — даволі значны калі не для Польшчы, дык для Беларусі.

Беларускія журналісты неяк былі збянтэжаныя такой малой увагай Польшчы да ўсходняй суседкі. Але калі Міністэрства гаспадаркі расчаравала, то далейшыя сустрэчы гэтае расчараванне звялі да нуля.

Мы хочам даць вам тэхніку!

У міністэрстве навакольнага асяроддзя нам зладзілі сустрэчу з фірмамі, якія займаюцца «зялёнымі» тэхналогіямі. Там нават створаны спецыяльны праект «Greenevo», які падтрымлівае рознага кшталту экалагічныя тэхналогіі і распрацоўкі. У гэтым Польшча відавочна «прасякла фішку» — за экалагічнымі тэхналогіямі будучыня. І Польшча ў гэтай будучыні павінна заняць лідзіруючае месца.

Распрацоўкі самыя розныя, ад энергазберагальных печак да сонечных панэляў, ад «экалагічнай» цэглы да перапрацоўкі саломы ў біяпаліва. Усё гэта ўжо гатовае да продажу і выкарыстання.

Шмат польскіх фірмаў жадаюць супрацоўнічаць з Беларуссю. Гэтым цікавяцца прадпрымальнікі. Але ж узнікае тое ж самае беларускае «але». Палякі даўно зразумелі тое, да чаго мы яшчэ не дапетрываем: экалагічныя тэхналогіі дастаткова дорага каштуюць зараз, тым не менш, яны прыносяць неблагі прыбытак у будучыні. Лічыць будучы прыбытак няшмат якія беларусы навучыліся.

Калі я глядзеў на ўсю гэту прыгажосць, я згадаў наш найбуйнейшы свінакомплекс, які будуецца на Валожыншчыне. І тое, як нават жыхары дамагаліся паставіць там біягазавую ўстаноўку, а не звальваць свінячыя адкіды наўпрост у кар’еры. На што ўсім казалі: «Біягазавая ўстаноўка — справа дарагая, калі дзяржава дапаможа яе паставіць, то будзем ставіць, а так у нас грошай няма». Нягледзячы на тое, што з гэтай устаноўкі комплекс мог бы сам сябе забяспечваць электрычнасцю, і яшчэ б на суседнія вёскі хапала б. І нягледзячы на тое, што акупаецца ўстаноўка ўсяго за два гады, а потым — чысты прыбытак. Не, гэта задорага зараз. І на гэтым кропка.

З беларускай псіхалогіяй — не думаць пра будучы прыбытак, а зэканоміць альбо ўрваць грошы зараз — будзе вельмі цяжка змагацца.

Каментаваць