Краіну чакае чарговы расстрэл

Вярхоўны суд 14 ліпеня пакінуў без змяненняў вырак у дачыненні да жыхара Рэчыцы, 21-гадовага Сяргея Іванова. 18 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання за забойства дзяўчыны, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. Слова— за кіраўніком дзяржавы, які сваім рашэннем у стане выратаваць злачынцу. Але ці можна на гэта разлічваць?



Як лічыць кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Гары Паганяйла, пакуль у нашай краіне дзейнічае заканадаўства, якое дапускае ўжыванне пакарання ў выглядзе расстрэлу, пры наяўнасці даказанай віны абвінавачанага і, з пункту гледжання суддзі, мэтазгоднасці такога віда пакарання падобныя прысуды (смяротнае пакаранне) будуць выносіцца і надалей.

— І такія прысуды будуць у нас выконвацца, пакуль у Беларусі не будзе ўведзены мараторый на прывядзенне ў выкананне смяротных выракаў, ці смяротнае пакаранне не будзе адменена ўвогуле. Выключэнне расстрэлу як пакарання з’яўляецца ў Беларусі палітычным пытаннем.

Адзначу, што гэта не крымінальна-прававое пытанне, яно не звязана з настроямі ў грамадстве. Гэтае пытанне звязана з тым, што афіцыйны кіраўнік дзяржавы, які мог бы праявіць палітычную волю, змяніўшы сітуацыю, зусім не жадае гэтага рабіць. Улады прыводзяць розныя спасылкі кшталту вынікаў рэферэндуму ў лістападзе 1996 года, дзе выбаршчыкі, маўляў, выказаліся за захаванне ў Беларусі смяротнага пакарання. Але ўсё гэта толькі адгаворкі.

— Ці ўплываюць расстрэльныя прысуды на крымінагенную сітуацыю ў Беларусі?

— Зусім не. Як паказвае практыка, за год у нашай краіне выносяцца два-тры расстрэльныя выракі, расстрэльваюць за год двух-трох чалавек. Таму смяротнае пакаранне не ўплывае ні на грамадска-палітычную сітуацыю, ні на што іншае. Але справа ў тым, што сама наяўнасць у заканадаўстве такой меры пакарання для міжнароднай супольнасці з’яўляецца вялікім пытаннем. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў зараз праводзіць дзесяцігоддзе супраць смяротнага пакарання. Еўропа, за выключэннем Беларусі, фактычна адмовілася ад такой меры пакарання. Некаторыя краіны еўрапейскага кантынента, у заканадаўствах якіх яшчэ і захавалася такая мера пакарання, адмовіліся ад яе прымянення.

Да таго ж, непрымяненне смяротнага пакарання ці наогул яго адмена ў заканадаўстве з’яўляецца ўмоваю ўступлення ў Савет Еўропы. Гэта абавязковы стандарт, а дзеля яго прыняцця неабходны змяненні ў заканадаўстве. Дарэчы, Беларусь не адклікала сваю заяўку на ўступленне ў Савет Еўропы, але наша кіраўніцтва не жадае выконваць неабходныя ўмовы для ўступлення ў гэты палітычны клуб, і перш за ўсё не жадае выконваць гэтыя ўмовы кіраўнік дзяржавы. 

— А чаму ў Аляксандра Лукашэнкі няма такога жадання?

— Лепш бы спытацца ў яго самога, а я магу толькі меркаваць. Як правіла, у Савет Еўропы ўваходзяць краіны з пераважна дэмакратычнай формаю кіравання. У Савеце Еўропы дзейнічаюць цывілізаваныя нормы і стандарты дэмакратыі, звязаныя з выкананнем прынцыпаў вяршэнства права, падзелу ўладаў, незалежнасці суддзяў і судоў і асноўнага прынцыпу — выканання правоў і свабод грамадзян.

А наша ўлада акурат дэманструе абсалютнае нежаданне кіравацца гэтымі прынцыпамі. Наадварот, яна іх не выконвае на практыцы і нават парушае і не рэагуе на крытыку, якую выказвае Еўропа з нагоды таго, што адбываецца ў Беларусі ў плане парушэння правоў чалавека.

Кіраўнік дзяржавы вельмі канфтрантацыйна настроены ў дачыненні да заходніх краінаў, якія патрабуюць выканання міжнародных пагадненняў у галіне правоў чалавека, ён лічыць, што гэта палітычныя забабоны ды прыдзіркі да нашай ўлады. Таму маем тое, што маем. 

Каментаваць