Крэдыты і санкцыі

Менавіта гэтыя словы вызначаюць дзве асноўныя лініі палітыкі адносна Беларусі з абодвух бакоў — як з Захаду, так і з Усходу. У розных перакрыжаваннях і спалучэннях у розныя перыяды. Далёка не заўсёды ў адпаведнасці з устойлівым стэрэатыпам: санкцыі — з Захаду, крэдыты — з Расіі.



Узгадаем хаця б крэдыт ад МВФ у 2008 годзе, які, па ацэнках многіх экспертаў, выратаваў рэжыму Лукашэнкі. І адначасова — шэраг расійска-беларускіх газавых, нафтавых, малочных “войнаў, затрымак з пастаўкамі нафты. Усё гэта, па сутнасці, не што іншае, як элементы санкцый — эканамічных і палітычных, замаскіраваных шыльдамі ўзгаднення коштаў, разліку крытыраў і г. д.

Сваю плату за лаяльнасць (па ацэнцы Пуціна — 50 мільярдаў), за абяцанкі і падманы Крэмль палічыў занадта завышанай, і крута развярнуў рулю ў бок эканамічных санкцый, падмацаваных інфармацыйнымі залпамі. І за нейкія два-тры гады дамогся сваіх мэтаў — паставіў афіцыйны Мінск у пазіцыю амаль поўнай васальнай залежнасці. Рэжым супраціўляецца, Масква — даціскае.

Апошні крэдыт ад ЕўрАзЭС (лічы, ад Расіі, якой у антыкрызісным фондзе гэтай арганізацыі належыць кантрольны пакет) для Беларусі адносна невялікі па сваіх памерах і абстаўлены шэрагам умоў. Яго агульная сума — 3 мільярда долараў, якія да таго ж падзелены на тры траншы да 2013 года. Між тым як у прорве валютнага крызісу Лукашэнку патрэбныя (яшчэ і замала) усе тры, і адразу.

Першы транш — 800 мільёнаў долараў — у Беларусь ужо прыйшоў. Астатнія ж расійскім бокам пастаўлены пад пытанне. Пад пытанне паставіла і магчымасць выдзялення 1 мільярда крэдыту кіраўніцтва “Уралкалія, абяцанага за прэферэнцыі па куплі прадукцыі “Беларускалія (а там, глядзіш, і прыватызацыі самога прадпрыемства). І яшчэ адзін свежы ўдар — спыненне паставак у Беларусь электраэнергіі за даўгі.

Зразумела, што гэта не ёсць усяго толькі адказ на “наезд беларускага тэлебачання на прэзідэнта Расіі. Колькі іх было за гады “братэрскіх адносін! Гэта не болей чым нагода, усяго толькі маленькі эпізод са шматхадовай аперацыі Крамля па ўдушэнні рэжыму Лукашэнкі эканамічнымі сродкамі. Сродкамі эканамічных санкцый. Сітуацыя саспявае, мадэль беларускага эканамічнага цуда, якое падтрымлівалася субсідыямі з Расіі, церпіць крах. Не выпадкова, менавіта ў гэтыя дні НТВ выпусціла на экраны перадачу, якая анатаміруе гэты крах.

Палітычны сэнс, на першы погляд чыста эканамічнай канфігурацыі крэдытавання Крамлём рэжыму Лукашэнкі, робіцца абсалютна празрыстым у абрамленні ўмоў апошняга крэдыту. Галоўная з умоў — прыватызацыя беларускіх актываў на суму 7,5 мільярда долараў — па 2,5 мільярда ў год. Відавочна, што Расія высцілае сабе шлях да прыватызацыі найперш нафтавай і газавай трубы, нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, салігорскага калійнага комплексу, а таксама МАЗа ў прыдачу. А гэта ўсё — асновы беларускай эканомікі ў яе сённяшняй, цалкам адзяржаўленай форме, а з тым і аснова аднаасобнай вертыкалі ўлады А. Лукашэнкі.

Калі б расійская палітыка стварала пагрозу толькі рэжыму, гэта была б адна сітуацыя. Але драматызм расійскай палітыкі ў адносінах да Беларусі палягае ў яе гістарычна непахіснай імперскай традыцыі. Магчыма, у сучасных геапалітычных варунках Расія ўжо і не пасягае на інкарпарацыю Беларусі ў свой склад у якасці Паўночна-Заходняга краю. Але ці лепшым для нашай краіны выглядае лёс пераўтварыцца ў фармальна суверэнны дадатак Расіі? А з тым, што яшчэ трагічней, — у палубу сухапутнага авіяносца, скіраванага на Захад?

Гэта памылковы стэрэатып, што высілкі Крамля па ўтрыманні ў сваёй арбіце Беларусі ёсць не болей чым праява застарэлай імперскай псіхалагічнай траўмы ў палітычным менталітэце расійскай кіроўнай эліты. Наадварот, гэта эліта будуе сваю палітыку на чыста прагматычнай аснове. Яна разумее, што Расія як вялікая дзяржава здольная аказваць істотны ўплыў на сусветную, асабліва еўрапейскую, палітыку, немагчымая без Беларусі, гэтак жа, як і без Украіны.

Па еўрапейскіх мерках, Беларусь не такая ўжо і маленькая краіна. Яе тэрыторыя ў сукупнасці з геаграфічным становішчам, яе рэсурс — людскі, эканамічны, палітычны і ваенны — дадасць Расіі тую вагу, якая імгненна запатрабуе істотных карэктыў сваёй знешняй палітыкі ад Еўрасаюза. Замацаванне Беларусі за сабой мае для Крамля і гістарычны кантэкст геапалітычнага суперніцтва з Польшчай. Без Беларусі яшчэ больш аддаляецца ад карэннай расійскага мацерыка яе калінінградская выспа. І толькі пры ўмове сапраўднай дэмакратычнай мадэрнізацыі Расіі, ёй спатрэбіцца сапраўды дэмакратычная Беларусь у якасці сапраўды незалежнай, добрасуседскай краіны.

Ну а што Захад, з яго дыялогамі, санкцыямі і крэдытамі? Дыялогавы шлях цалкам перакрэслены А. Лукашэнкам брутальным разгромам плошчы 19 снежня мінулага года, судамі над сваімі палітычнымі апанентамі і не сціхаючымі да гэтага часу рэпрэсіямі супраць іншадумцаў.

Еўрасаюз адказаў санкцыямі. Напачатку толькі палітычнымі. Унутраныя спрэчкі пра мэтазгоднасць увядзення эканамічных санкцый цягнуліся да 20 чэрвеня.

І калі, здавалася, заціхлі, схіліўшыся да адзнакі “не, Савет па замежных справах прыняў рашэнне “так. Уводзіцца эмбарга ў дачыненні да Беларусі на зброю і матэрыялы, якія могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны. Замарожваюцца актывы трох кампаній, звязаных з рэжымам. Распаўсюд дзейнасці Еўрапейскага інвестыцыйнага банка на Беларусь абумоўліваецца станоўчымі зменамі ў галіне правоў чалавека і вяршэнства закона. Дапамога з боку ЕС перанакіроўваецца ад беларускіх цэнтральных уладаў на падтрымку грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці, рэпрэсаваным асобам, няўрадавым арганізацыям, СМІ ды студэнтам.

Зразумела, гэта пакуль што кропкавыя санкцыі, якія не закранаюць нафтаперапрацоўчага комплексу. Але ўпершыню ЕС увёў прамыя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх кампаніяў. Але — ці не ўпершыню — яны адзін да аднаго супалі з раней уведзенымі санкцыямі ЗША. І ў першыню, па сутнасці адначасова з рашэннем ЕС — 17 чэрвеня, Савет ААН па правах чалавека прыняў рэзалюцыю з асуджэннем дзеянняў уладаў Беларусі па дэстабілізацыі сітуацыі з правамі чалавека на працягу апошняга паўгода. Такім чынам, заходні фронт супраць таталітарнага беларускага рэжыму набывае пэўную маналітнасць, што яшчэ болей перакрывае магчымасці манеўра афіцыйнага Мінска.

Хаця відавочна, што поўнага адзінства сярод заходніх палітыкаў наконт мэтазгоднасці ўвядзення поўнамаштабных эканамічных санкцый яшчэ няма. Ёсць тыя, хто сумняваецца, ёсць і адкрытыя праціўнікі. Тым не менш гэтыя кропкавыя санкцыі з’яўляюцца выразным сігналам наконт верагоднасці іх пашырэння ў любы момант. Сігналам беларускай наменклатуры, атачэнню Лукашэнкі, што яны могуць страціць усё. Наменклатурны ж пераварот — найпершы жах любога аднаасобнага правадыра.

Увядзеннем санкцый Захад пераадолеў дзве свае асноўныя перасцярогі. Першую — што санкцыі могуць пагоршыць матэрыяльны стан насельніцтва. Насельніцтва ўжо ведае адказ на пытанне, хто вінаваты ў абвале, і адчувае, што лепш не будзе. Другую — што санкцыі адкінуць Беларусь цалкам пад уплыў Масквы.

Наадварот, санкцыі ёсць сігналам таксама Расіі, якая мае вялікую патрэбу ў развіцці добрых стасункаў і з Еўропай, і са Злучанымі Штатамі. Пашырэнне ж санкцый на нафтапрамысловы комплекс пазбавіць сэнсу яе пастаўкі нафты ў Беларусь, а значыць, звузіць да нельга і яе магчымасці ўплыву на Беларусь. Тым самым звужаюцца і магчымасці манеўра беларускага рэжыму на Усход.

Аналітыкі ўжо звярнулі ўвагу на тое, што ўпершыню эканамічныя ўмовы крэдыту Расіі адпавядаюць заходнім стандартам. Гэтак жа, як упершыню Расія асудзіла разгон плошчы і выказалася за вызваленне палітвязняў. Выпадковае супадзенне? Палітычная гульня з разлікам на замену дзеючага беларускага кіраўніка на больш лаяльную асобу? Змова Захаду і Расіі? Ці першыя прыкметы асэнсавання расійскімі палітычнымі гульцамі тэндэнцый сусветнага развіцця?

Паказальна, што санкцыі былі прынятыя ўжо пасля таго, як Беларусь звярнулася па крэдыт да Міжнароднага валютнага фонду, запрасіўшы ад 3,5 да 8 мільярдаў. Ці ўдасца гэты адчайны манеўр з працягнутай рукой А. Лукашэнкі? Ці хіснецца зноў Захад? У адказ пакуль што ветліва-бюракратычны халадок.

Што ж падштурхнула замежных палітыкаў да прыняцця санкцый? Падаецца, што найперш гэта вынік самога факту самадастатковасці дэмакратычных каштоўнасцей, якія сталіся арганічнай часткай заходніх палітычных сістэм, жыццятворным элементам грамадства. Парушэнне ж правоў чалавека ў Беларусі набыло такі маштаб і такія брутальныя формы, што не заўважаць іх, не рэагаваць на іх заходні палітык проста пазбаўлены магчымасці. Інакш апынецца перад пагрозай страціць давер сваіх выбарцаў.

Каментаваць