Крыніца сыравіны і скандалаў

Для Беларусі Расія — крыніца. І не толькі энергетычнай сыравіны. Але і міжнародных скандалаў і разборак рознай тэматыкі і ўзроўню. Гэта не скупая на эмоцыі бабулька-Еўропа ці прагматычныя ЗША. З апошнімі размовы ўвогуле кароткія і па справе: няма пераменаў у бок дэмакратыі — санкцыі ды заблакаваныя рахункі. Не весела, адным словам. Іншая справа — Расія...



Для Беларусі Расія — крыніца. І не толькі энергетычнай сыравіны. Але і міжнародных скандалаў і разборак рознай тэматыкі і ўзроўню. Гэта не скупая на эмоцыі бабулька-Еўропа ці прагматычныя ЗША. З апошнімі размовы ўвогуле кароткія і па справе: няма пераменаў у бок дэмакратыі — санкцыі ды заблакаваныя рахункі. Не весела, адным словам. Іншая справа — Расія...

З гэтай мілай геаграфічнай ды палітычнай суседкай нашаму кіраўніцтву няма часу сумаваць. Калі з газам ціха, то з-за малака можна паскандаліць ці з-за нафты, Саюз мытны спакою не дае... Неабсяжнае поле для фантазій і дзейнасці, карацей.

Цяпер пачаліся перамовы паміж Расіяй і Беларуссю наконт продажу кантрольнага пакета Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода і беларускай газатранзітнай сістэмы. Натуральна, у вясёленькім рэчышчы. Перамовы запланаваныя да сярэдзіны чэрвеня. І яшчэ напярэдадні кансультацый міністр энергетыкі Расіі Сяргей Шматко ветліва сказаў, што лічыць “цікавымі прапановы Беларусі па “Белтрансгазу і Мазырскаму НПЗ.

Паводле слоў міністра, Расія гатовая разгледзець прапановы Беларусі наконт перадачы пад расійскі кантроль “Белтрансгаза і Мазырскага НПЗ, але гэта мусіць вырашацца ў рамках агульнай стратэгіі Адзінай эканамічнай прасторы. Разам з тым, Сяргей Шматко не прамінуў нагадаць, што валоданне кантрольным пакетам акцый “Белтрансгаза спрэчкам Мінска і Масквы канец не пакладзе, бо ёсць праблема карпаратыўнага кіравання прадпрыемствам. Ды і Мазырскі НПЗ не такі ўжо ласы кавалак — на беларускім рынку з-за высокіх акцызаў няма эфектыўнай сістэмы рознічных продажаў.

Эксперты зазначаюць, што цяпер нафтаперапрацоўчая галіна крыху згубіла сваю прывабнасць для інвестараў: ад пачатку года беларускія НПЗ працуюць у рэжыме няпоўнай загрузкі, заводы выбралі значную частку бязмытавай расійскай нафты з прадугледжаных 6,3 мільёна тон на гэты год. А на сыравіне, якая абкладаецца стандартным мытам, працаваць эфектыўна яны не могуць. Не здольныя НПЗ забяспечыць і высокі выхад светлых нафтапрадуктаў з глыбінёй перапрацоўкі 93 працэнты. Цяпер ён дасягае 70–75 працэнтаў. З рэсурсамі на мадэрнізацыю ў такіх умовах, хутчэй за ўсё, давядзецца пачакаць.

Стасункі Расіі і Беларусі не палягаюць у плоскасці празрыстых эканамічных адносінаў куплі-продажу. Бонусы эканамічныя ды палітычныя — наша ўсё. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, натуральна, заявіў, што “Белтрансгаз Мінск гатовы прадаць, але ў якасці заахвочвання хай кошт на газ для Беларусі будзе роўны расійскаму. “Вось калі яны скажуць, што будуць па ўнутраных коштах прадаваць газ у Беларусь — на роўных умовах і па ўнутрырасійскіх коштах — мы не супраць, бярыце кантрольны пакет. Гэтак жа і па нафтаперапрацоўчых заводах. Танная нафта — добрыя ўмовы, але не бясплатна, — акрэсліў Лукашэнка ўмовы патэнцыйных здзелак.

І пачалося чарговае міждзяржаўнае шоу, дакладней, частка вялікага і агульнага пад назваю “сяброўства братніх славянскіх народаў. Бо пытанне коштаў на энергасыравіну — яблык разладу ў будаўніцтве Мытнага саюза. Праўда, не факт, што апошні. Пакуль жа афіцыйны Мінск спрабуе скарыстацца гэтым аргументам, асэнсоўваючы, што Расія не зацікаўленая, каб мяжа Мытнага саюза прайшла ўздоўж усходніх абшараў Беларусі.

 Праз два тыдні пасля першых пазітыўных ацэнак расійскі бок заняў крыху іншую пазіцыю. Віцэ-прэм’ер РФ Ігар Сечын тонка намякнуў, што тон рэалізацыі праектаў хацела б задаваць Расія. І козыры для гэтага з’явіліся. “У “Газпрама ўжо ёсць 50 працэнтаў акцый “Белтрансгаза, ён заплаціў за іх 2,5 мільярда долараў. Кошт за кантроль тут вельмі цяжка абмяркоўваць: мы і так за тыя 50 працэнтаў пераплацілі.

Далейшае вырашэнне пытання павінна быць звязана з гарманізацыяй эканамічных мадэляў краін-партнёраў, — патлумачыў віцэ-прэм’ер. Па словах віцэ-прэм’ера РФ Ігара Сечына, набыццё кантрольнага пакету “Белтрансгаза ў кошт даўгоў павінен вызначаць “Газпрам, хаця набыццё кантролю ў кампаніі, якая мае запазычанасці, і выглядае сумнеўным з эканамічнага боку. Тут, канешне, віцэ-прэм’ер трохі схітрыў: усё ж для Расіі валоданне інфраструктурай, праз якую ажыццяўляецца транзіт сыравіны ў Заходнюю Еўропу, прывабнае.

Трохі канкрэтыкі ў справу дадаў прадстаўнік “Газпрама Сяргей Купрыянаў, зазначыўшы, што супрацоўніцтва з Беларуссю магчымае толькі з умовай выканання кантрактных абавязальніцтваў і пагашэння доўгу за пастаўкі расійскага газу. “Газпрам двойчы накіроўваў у “Белтрансгаз і ўрад Беларусі патрабаванні неадкладна пагасіць назапашаную запазычанасць. Аднак мы так і не атрымалі адказу на простае пытанне: калі будзе сплачаны доўг? Лічым, што нашы беларускія калегі павінны выконваць свае кантрактныя абавязальніцтвы ў поўным аб’ёме, і толькі на гэтай базе можна будзе абмяркоўваць прапановы па далейшым развіцці супрацоўніцтва, — падкрэсліў прадстаўнік холдынгу.

Патлумачым: кантрактны кошт паставак газу ў Беларусь складае 169 долараў за тысячу кубаметраў, аднак Беларусь пакуль плаціць 150 долараў, з-за чаго нарасла запазычанасць, па дадзеных “Газпрама, у памеры каля 200 мільёнаў долараў. Расійскі бок падлічыў, калі Мінск па-ранейшаму будзе аплачваць расійскі газ па кошце 150 долараў за тысячу кубаметраў, то да канца года запазычанасць Беларусі перад Расіяй складзе 1,5 мільярда долараў.
 

Каментаваць