Крывавы тыдзень Расіі

Тэрор спараджае тэрор. Развязвае рукі ахвярам для помсты і працягвае ланцуг злачынстваў. Расія другі дзесятак гадоў варыцца ў крыві этнічных канфліктаў, і канца і краю ім не відаць.



Тэрор спараджае тэрор. Развязвае рукі ахвярам для помсты і працягвае ланцуг злачынстваў. Расія другі дзесятак гадоў варыцца ў крыві этнічных канфліктаў, і канца і краю ім не відаць.

Раніцай 29 сакавіка на платформах дзвюх станцый маскоўскага метро «Лубянка» і «Парк культуры» прагрымелі выбухі. У выніку загінула 39 чалавек, траўмы атрымалі каля сотні людзей. Ужо праз некалькі гадзін сілавікі заявілі, што тэракты ўчынілі жанчыны-смертніцы. Праз дзень адбыўся яшчэ адзін тэракт у Дагестане. На гэты раз выбух у Кізляры забраў жыцці 12 чалавек, блізу 30 былі дастаўленыя ў бальніцы з пашкоджаннямі. Загаварылі пра “чачэнскі след злачынства. Хаця ні суду, ні паўнавартаснага следства праве­дзена не было. Упаўнаважаны па правах чалавека ў Чачні Нурды Нухажыеў выступіў з заявай, што падобныя абвінавачванні правакуюць пераслед па нацыянальнай прыкмеце выхадцаў з Каўказа. “Перасцярогі выхадцаў з Чачэнскай Рэспублікі небезгрунтоўныя. У іх ёсць горкі досвед, калі іх па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці ўжо разглядалі як злачынцаў і адпаведна з імі абыходзіліся, прычым беспакарана, — падкрэсліў Нухажыеў.

Улады РФ самі сабе далі адмашку на працяг канфлікту на Паўночным Каўказе. І хіба іх дзеянні не падтрымаюць людзі, перапалоханыя, поўныя злосці і прагі помсты? Уладзімір Пуцін прыйшоў да прэзідэнцтва пад шум другой Чачэнскай кампаніі, але абяцаны ім мір так і не надышоў. Нягледзячы на афіцыйную адмену вясной 2009 года контртэрарыстычнай аперацыі, у рэгіёне спакайней не стала. Не спыніліся і лакальныя тэрарыстычныя акты. Расіі прадракаюць “трэцюю чачэнскую, але наўрад ці яна б паставіць кропку ў кровапраліцці.

Змагацца з тэрорам яго ж метадамі бессэнсоўна. Гэта толькі спараджае нянавісць і штурхае людзей да адказу, які зноў жа нясе смерць. Спрабуючы заха­ваць Каўказ у сваім падпарадкаванні, Расія ад пачатку 1990-х панесла жахлівыя страты ў чалавечым вымярэнні. Страх у грамадстве сярод простых людзей развязваў рукі палітыкам, у выніку зноў гінулі мірныя людзі па розныя бакі мяжы, і, што самае кепскае, гінуць дагэтуль.


Пасля выбуху ў Мінску 3 ліпеня 2008 года беларускія ўлады атрымалі маральны карт-бланш пад маркай пошуку тэрарыстаў на прэсінг апазіцыі (тады на допыты няслаба пацягалі і старую і маладую апазіцыйную гвардыю), масавую дактыласкапію і падазрэнне кожнага. Публічныя трагедыі дазваляюць стварыць які заўгодна вобраз унутранага ці знешняга ворага і адпаведна з ім змагацца, не рызыкуючы атрымаць асуджэнне. Бо хто асудзіць уладу, якая быццам бы дбае пра бяспеку сваіх грамадзян. Не кожны будзе і дакопвацца да ісціны. Галоўнае — знайсці вінаватага, а ім можна “прызначыць любога, тым больш, калі палітычная сістэма непразрыстая.

Спачатку СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, паводле якой Каўказскае падполле адмаўлялася ад датычнасці да выбухаў. Прадстаўнік так званага “Каўказскага эмірата Шамсудзін Батукаеў заявіў, што не ведае, хто здзейсніў тэракты. Пазней у сеціве з’явіўся відэазапіс лідэра каўказскіх сепаратыстаў Доку Умарава, у якім ён заявіў, што тэракты ў маскоўскім метро былі арганізаваныя па яго асабістаму распараджэнню, і паабяцаў, што тэрарыстычныя атакі ў Расіі працягнуцца. Паводле слоў Умарава, тэрарыстычная акцыя ў метро была помстай за спецаперацыю федэральных сілаў, якая праходзіла 11 лютага 2010 года ў вёсках Аршты і Датых Сунжэнскага раёна Інгушэціі. Падчас аперацыі, па афіцыйных дадзеных, было забіта 18 баявікоў, таксама пацярпелі пяцёра мірных жыхароў, чацвёра з якіх памерлі. На момант напісання матэрыялу нічога не было вядома наконт даставернасці запісу — экспертызу яго не праводзілі.

Але цікавы і факт таго, што ў СМІ з’явіліся сведчанні відавочцаў, якія заўважылі “ненармальнасць руху цягнікоў непасрэдна перад выбухамі. Машыніст саставу, падарванага на станцыі «Парк Культуры», Дзяніс Бяляўскі распавёў, што некалькі цягнікоў той раніцай не выйшлі на лінію, што да моманту выбуху дзяжурная па станцыі загадала яму выса­джваць пасажыраў. Інфармацыя пра магчымыя тэракты была ўжо вядомай? Чаму спецслужбы не паспрабавалі прадухіліць трагедыю?


Расія, якая жыве на бочцы з порахам і не вылазіць з тэрарыстычных актаў дагэтуль не мае дзейснай сістэмы бяспекі. Толькі калі клюнуў чырвоны певень, кіраўнік МНС Расіі Сяргей Шайгу паведаміў, што цягам бліжэйшых месяцаў будзе рэалізаваны пілотны праект па забеспячэнні бяспекі ў метро. Прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў адпаведны ўказ. А няўжо да гэтага тэрактаў не было? Нечым нагадвае беларускую сітуацыю. Толькі пасля інцыдэнта на Дзень незалежнасці органы аховы правапарадку пачалі прымаць сапраўды дзейсныя меры падчас масавых акцый і мерапрыемстваў. Так, мажліва, яны і нязручныя, але ўсё ж лепш патрываць агляд на металашукальніку, чым атрымаць калецтва. Але гэты прынцып дзейсны толькі тады, калі вартаўнік не ёсць уласна злодзеем.

Тэрарызм сапраўды не мае межаў і нацыяў. Фатальны выпадак можа заспець у цягніку, тэатры, Алімпійскай вёсцы. Наўрад ці магчыма спрагназаваць і папярэдзіць дзеянні фанатыкаў і неадэкватаў усяго свету. Але ў выпадку Расіі яе кіраўніцтву, як мінімум, варта падумаць пра тое, што прымусіць жыць у суладдзі абсалютна розныя і антаганістычныя сусветы дзеля захавання тэрыторый, статусу-кво — немагчыма.
 

Каментаваць