Крызіс прэзідэнцтва

Кажуць, што любы лідэр мусіць падаваць прыклад сваім падначаленым. Асабліва калі сітуацыя крызісная. І кожны падае гэты прыклад, як можа. Лідэры дзяржаў з натхненнем абмяркоўваюць антыкрызісныя праграмы і грошы, якія трэба выдзеліць на падтрымку сусветнай эканомікі. І толькі Аляксандр Лукашэнка паказаў, што грошы трэба не выдзяляць — іх папросту трэба эканоміць.

 

Кажуць, што любы лідэр мусіць падаваць прыклад сваім падначаленым. Асабліва калі сітуацыя крызісная. І кожны падае гэты прыклад, як можа. Лідэры дзяржаў з натхненнем абмяркоўваюць антыкрызісныя праграмы і грошы, якія трэба выдзеліць на падтрымку сусветнай эканомікі. І толькі Аляксандр Лукашэнка паказаў, што грошы трэба не выдзяляць — іх папросту трэба эканоміць.

На тыдні беларускі прэзідэнт выправіўся правесці шэраг працоўных сустрэч, а заадно і скарыстаць недагуляную частку адпачынку ў Сербію. На гарналыжны курорт. Усе ўзвіліся: як можна, у перыяд крызісу? Але насамрэч мудрасці Аляксандра Рыгоравіча трэба пазайздросціць.

Па-першае, стала вядома, што выправіўся ён туды па асабістаму запрашэнню ўладальніка гатэля «Гранд» бізнесоўца Міядрага Косціча. Менавіта ў гэтым гатэлі спыніўся Лукашэнка і ягоная світа і сямейнікі. Больш за тое, Міядрага Косціча там называюць «цукровым каралём». Таму ўладальніку гатэлю нічога не варта забяспечыць, як кажуць, «пражыванне і харчаванне за кошт прымаючага боку».

Па-другое, нават калі Аляксандр Лукашэнка і заплаціць за нумар — нічога жудаснага. «Камсамольская праўда» ў Беларусі» высветліла, колькі каштуе нумар у гатэлі. «Раней у гатэлях рангам ніжэй за пяць зорак Аляксандр Лукашэнка не спыняўся. Але на горным курорце Капаонік, дзе прэзідэнт катаецца на лыжах у гэтым годзе, гатэляў пяцізоркавага ўзроўню папросту няма. У «Гранд» ёсць нумары за 65 еўра, за 75 і люкс за 120 еўра», — расказалі «Камсамолцы» на рэцэпцыі гатэля. «Цяперашнія сціплыя зімовыя вакацыі прэзідэнта не параўнаць з шыкоўнымі ўмовамі адпачынку 2002 года. Тады Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў пяцізоркавы гатэль «Клостэрброй» у Альпах. «Імператарскі с’ют» аўстрыйскага гатэля каштуе 550 еўра з чалавека», — піша выданне.

Гэта ж якая эканомія! Амаль у чатыры разы! А калі ж і зусім «за кошт прымаючага боку», то чаму б і не з’ездзіць? Тым больш, за «недагуляны» адпачынак любому працоўнаму павінна выплачвацца кампенсацыя. Такім чынам, прэзідэнт ратуе і бюджэт Беларусі ад крызісу.

Шкада, што не ўсе ягоныя падначаленыя падтрымліваюць прыклад свайго прэзідэнта. З аднаго боку, прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі нядаўна заяўляў, што ён ужо пяць год піша адной асадкай. Сціплы.

Чаго не скажаш пра лідэра Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка, вакол якога разгараецца аўтамабільны скандал.

На месцы прэзідэнта я б, вярнуўшыся з адпачынку, паставіў бы Козіку вымову з занясеннем.

Здаецца, беларускія чыноўнікі могуць скампенсаваць пакуль спрэчнае пытанне яшчэ большага набліжэння да Захаду і даволі хуткага ўступлення ў праграму «Усходняга партнёрства». Бо на гэтым тыдні, пакуль прэзідэнта няма, чыноўнікі стала падрываюць дыялог.

Беларускае МЗС, напрыклад, адмовіла спадарожнікаваму тэлеканалу «Белсат» у рэгістрацыі прадстаўніцтва ў Беларусі. Афіцыйнай прычынай для адмовы стала няправільнае афармленне дакументаў. «Спачатку ў нас месяц не прымалі дакументы, кажучы, што чагосьці не хапае. Потым прынялі і больш за два месяцы разглядалі, а затым адмовілі, заявілі, што неяк не так аформлены дакументы», — сказала дырэктар тэлеканала Агнешка Рамашэўска.

Праўда, МЗС у адказе напісаў, што пасля выпраўлення недахопаў дакументы можна будзе падаць яшчэ раз, але сутнасці гэта не мяняе.

Не адстаў і Мінюст. Ён адмовіў у рэгістрацыі праваабарончаму грамадскаму аб’яднанню «Наша Вясна». Прычым Мінюст ставіць пад сумнеў факт правядзення ўстаноўчага сходу арганізацыі, паколькі памяшканне офіса Аб’яднанай грамадзянскай партыі вельмі невялікае. Якім чынам Мінюст падлічыў плошчу, на якой павінны збірацца заснавальнікі, невядома. Можа, яны там на галовах сядзелі або штабялямі ляжалі, а віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі з гаўбца звісаў...

Да заснавальнікаў арганізацыі таксама прад’яўляюцца старыя прэтэнзіі: тое, што некаторыя з іх раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя правапарушэнні — удзел у несанкцыянаваных акцыях, распаўсюджанне выданняў без выхадных звестак і іншае. Нагадаем, што гэтыя прэтэнзіі былі адрынутыя яшчэ 24 чэрвеня 2007 года, калі Камітэт па правах чалавека ААН зрабіў выснову, што сваімі дзеяннямі па ліквідацыі ГА «Вясна» беларуская дзяржава парушыла пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак Міністэрства юстыцыі, а затым і Вярхоўны суд Беларусі праігнаравалі рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, і спроба зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне «Вясна» ў жніўні 2007 года не прынесла вынікаў. Так што зараз Мінюст ізноў сутыкнецца з ААН.

І на тыдні застаўся за кратамі актывіст міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Арцём Дубскі. Ён змешчаны ў следчы ізалятар у Асіповічах. Рашэнне пра змяшчэнне ў следчы ізалятар маладога чалавека звязана з тым, што ў дачыненні да яго распачата крымінальная справа па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

Арцём Дубскі — адзін з фігурантаў «справы чатырнаццаці». Ён быў прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў у студзені 2008 года. І шмат хто лічыць яго палітзняволеным.

У такіх умовах, канешне, трэба разлічваць на сябе, і нічога не застаецца, каб проста эканоміць.

Каментаваць