Крохкі экспартны баланс

Аптымістычны настрой першага паўгоддзя, маўляў, Беларусь пераступіла крызіс, дрэйфуе ў бок панічных пошукаў новых крыніц стабільнасці. Стаўку плануецца рабіць на экспарт, хаця прыбытковы пункт скандальных разбавіцеляў Расія прыкрыла, і гэта адразу ж адчувальна адбілася на паказчыках знешняга гандлю.



Прыкрытая лавачка з бяспошлінным экспартам нафтапрадуктаў прымушае кіраўніка Беларусі публічна выступаць адвакатам самога сябе. У інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі «Мір» Аляксандр Лукашэнка спачатку апеляваў да руплівасці беларусаў, якія заслужылі невялічкі бонус ад суседніх дзяржаў. «Мы іх (беларускія НПЗ — аўт.) давялі да розуму, мы ўклалі ў гэтыя НПЗ і працягваем укладваць грошы, і глыбіня перапрацоўкі ўжо вышэй, чым на любым іншым заводзе ў Расіі. А гэта таксама грошы. Але калі яны такія дрэнныя, чаму тады ўсе расійскія кампаніі, той ж «Лукойл», гатовыя купіць гэтыя прадпрыемствы? Мы гатовыя пакет акцый прадаць, а можа быць і завод цалкам, калі нам дадуць нармальную цану. Пакуль па цане мы не дамовіліся, — распавядаў Лукашэнка.

«Вы, напэўна, чулі шмат пра гэтыя растваральнікі, разбавіцелі? Нам кажуць: так нельга, так можа толькі Расія працаваць», — перайшоў да канфліктнай тэмы Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі даводзіць, што нічога заганнага ў перапродажы нафтапрадуктаў няма, бо беларускія спецыялісты ўсяго толькі выконваюць сваю працу. «У Расіі цяжка атрымаць на ўсіх заводах чыстае дызельнае паліва, бо няма глыбіні той перапрацоўкі, як у Беларусі, таму бізнэсмэны пайшлі праз Беларусь. Аказваецца, так дрэнна, — рэзюмаваў Лукашэнка. — Ёсць яшчэ пэўныя спрэчкі, якія належыць вырашыць. Думаю, што мы цалкам справімся з гэтым».

Традыцыйна Лукашэнка ў публічнай прасторы выказваецца па балючых тэмах, незалежна пад выглядам якіх «спрэчак» гэта падаецца. Забарона на экспарт разбавіцеляў і растваральнікаў падкасіла таварны экспарт Беларусі ўсяго за адзін месяц. У жніўні экспарт знізіўся ў параўнанні з ліпенем на 426,8 мільёна долараў. Цягам гэтага года Беларусь аптымістычна нарошчвала аб’ёмы экспарту, найперш за кошт нафтапрадуктаў і растваральнікаў — плюс 92%. За восем месяцаў бягучага года таварны экспарт Беларусі склаў 32,86 мільярда долараў, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 6,24 мільярда долараў.

Нягледзячы на той факт, што прырост беларускага экспарту забяспечваўся за кошт паставак сыравіны з Расіі для нафтаперапрацоўчай галіны (а фокус ужо разгаданы і спынены), а не за кошт унутраных рэсурсаў, кіраўніцтва дзяржавы мае намер павялічваць экспартны складнік. Праўда, афіцыйна гаворыцца пра продаж сельскагаспадарчых ды прамысловых тавараў.

«Мы маем планы 2013 года, накіраваныя на экспарт. Для гэтага ў бюджэце прадугледжваюцца адпаведныя сродкі для падтрымкі экспартных крэдытаў», — сказаў прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч. На яго думку, гэта вельмі актуальна, бо не менш за 65% прамысловай прадукцыі, 20% сельскагаспадарчай Беларусь павінна прадаваць на экспарт. «У нас вельмі маленькі ўнутраны рынак і досыць вялікія магчымасці ў сферы матэрыяльнай вытворчасці і паслуг. Таму асноўныя паслугі і тавары мы павінны прадаваць на экспарт», — мяркуе Мясніковіч.

Экспартная праграма прадугледжвае штогадовае планаванне праектаў, мерапрыемстваў, кантрактаў па дасягненню прагнозных паказчыкаў экспарту. У ёй закладзены канчатковыя мэты: рост экспарту тавараў у параўнанні з 2010 годам у 2,2 разы, паслуг — у 3 разы. Па галінах, рэгіёнах, буйных вытворцах прапісаны праекты, якія будуць даваць новую экспартную прадукцыю, таксама прапісана работа па стварэнні спрыяльных умоў для выхаду на рынкі трэціх краін.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў, каментуючы зацверджаныя ўказам ад 25 верасня 2012 г. №418 важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2013 год, адзначыў, што перад урадам стаіць задача нарошчваць аб’ёмы экспарту найперш у краінах Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі. «Разлічваем, што наша пасольства ў Інданэзіі, якое закрывае Малайзію, Сінгапур, Аўстралію, актывізуецца, і там будзе прарыў па экспартных пазіцыях», — падзяліўся планамі Гур’янаў.

Прырост ВУП на 8,5% у наступным годзе ўлады таксама звязваюць найперш з экспартам. Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка тлумачыў, што акцэнт робіцца ў асноўным на тры групы тавараў — грузавыя аўтамабілі, трактары, халадзільнікі і маразільнікі. Тэмп росту экспарту па гэтых таварах плануецца каля 107–111%, паведаміў намеснік міністра.

Аляксандр Ярашэнка сказаў, што па таварах сальда ў асноўным будзе адмоўным (каля 1,9 мільярда долараў), а ад экспарту паслуг плануецца паступленне валютнай выручкі ў памеры 2,6 мільярда долараў. Паводле яго слоў, экспарт сферы паслуг павінен перакрыць адмоўную велічыню па таварных групах. Улады разлічваюць на паступленне ў эканоміку краіны каля 4,5 мільярда долараў замежных інвестыцый, прыярытэт застаецца за інвестыцыямі ў рэальны сектар, стварэннем новых вытворчасцей.

Разам з тым не першы год застаецца адкрытым пытанне інвестыцыйнага клімату ў Беларусі, што стрымлівае прыход у краіну бізнэсоўцаў. Яны не гатовыя рызыкаваць сваім капіталам у непрадказальных умовах гаспадарання. Вось, напрыклад, што з гэтай нагоды гаворыць пасол Францыі Мішэль Рэнеры: «Французскія прадпрымальнікі баяліся інвеставаць у Беларусь у мінулым годзе, калі была дэвальвацыя. Зараз жа ў Францыі вялікі крызіс еўразоны. Мне здаецца, што пакуль французскія інвестары, французскія прадпрымальнікі знаходзяцца ў працэсе чакання».

Каментаваць