Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне тых, хто адмаўляецца бараніць Курапаты

4 снежня прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся з заявай у Генеральную пракуратуру з просьбай правесці праверку і ўзбудзіць крымінальную справу супраць службовых асобаў, якія трэці год не выконваюць прадстаўленне нагляднага органа краіны ў абарону Курапатаў.



У заяве, між іншым зазначаецца, што 27 лістапада 2012 года Генеральная пракуратура накіравала Мінскаму аблвыканкаму прадстаўленне “Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гістарычна-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоваў, якія ім спрыяюць”.

Прадстаўленне было вынесена ў сувязі з тым, што падчас будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол” СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты” з іх заходняга боку шэраг новых аб’ектаў (чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку), што не маюць аніякага дачынення да каштоўнасці.

На выкананне гэтага прадстаўлення Мінаблвыканкаму быў дадзены адзін месяц. Аднак і праз 24 месяцы прадстаўленне не выканана. Пра гэта сведчыць той факт, што да гэтай пары на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў знаходзяцца аб’екты, незаконнае і самавольнае ўзвядзенне якіх стала прычынай вынясення Генпракуратурай яе прадстаўлення.

У адпаведнасці з артыкуламі 166,167 Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь заяўнікі просяць правесці адпаведную праверку і ўзбудзіць крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжаных артыкулам 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (“Бяздзейнасць службовай асобы”), альбо другога артыкула Крымінальнага кодэксу ў адносінах да службовых асобаў, якія не выканалі прадстаўленне Генпракуратуры.

На меркаванне грамадскіх актывістаў, сваімі дзеяннямі гэтыя службовыя асобы нанеслі вялікую шкоду дзяржаве і грамадству, заплямілі міжнародны імідж Рэспублікі Беларусь перад цывілізаваным светам.

Сярод падпісантаў заявы — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 85-гадовы Вацлаў Нямковіч, культуролаг Вячаслаў Арэшка, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, мовазнаўца і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Аляксандр Макаў, які восенню 2008 года затрымаў у Курапатах вандалаў, а таксама старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч.

Тэгі:  

Каментаваць