Крымскія татары не дазволяць ператварыць нацыянальнае свята ў палітычнае шоў

«Чыноўнікам, якія агучваюць тыя ці іншыя здагадкі, неабходна ведаць адно — сцэнарый свята Хыдырлез будзе зацверджаны Меджлісам крымскататарскага народа», — падкрэсліў кіраўнік Меджліса Рэфат Чубараў, паведамляе сайт Меджліса qtmm.org.



Святкаванне Хадырлез-байрама ў 2013 годзе. Фота з сайта qtmm.org


Паводле слоў Чубарава, крымскія татары не дазволяць ператварыць нацыянальнае свята ў нейкае палітычнае шоў.
 

«Не для гэтага мы вярталіся на сваю радзіму, каб тыя людзі, якія ў дзень па некалькі разоў мяняюць сваю палітычную і іншую нейкую накіраванасць, вызначалі крымскім татарам, якія маюць сваю шматвяковую культуру, у якім фармаце і ў якім ім якасці прымаць у гэтым свяце ўдзел», — заявіў Чубараў.
 

Кіраўнік Меджліса парэкамендаваў прадстаўнікам крымскай ўлады лепш падумаць над прыняццем рашэння аб тым, «як мага хутчэй распусціць самаабарону».
 

Такім чынам лідар крымскіх татар адрэагаваў на рэкамендацыі змяніць у гэтым годзе фармат святкавання традыцыйнага свята крымскіх татар свята земляробства Хадырлез-байрама. А таксама на прапанову запрасіць на святкаванне новыя ўлады.

10 красавіка 2014 года рашэннем Меджліса зацверджаны Аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню свята Хыдырлез, які ўзначаліла член Меджліса Эмінэ Авамілева. Традыцыйна на свяце выкарыстоўвалася крымскататарская і украінская сімволіка.

Даведка:

Хыдырлез-байрам адзначаецца ў першую пятніцу мая. Гэта нацыянальнае свята крымскіх татар. Назва свята ўключае два мусульманскіх імя святых: Хыдыр і Ільяс. Свята ўяўляе сабой комплекс абрадаў і звычаяў, накіраваных на залагоджванне сіл прыроды для атрымання багатага ўраджаю і павелічэння пагалоўя жывёлы. Свята завяршаецца народнымі гуляннямі і агульным танцам «Харан».

Каментаваць