Крызіс вінаваты!

Мы думалі, што праблемы Кіпра, і ўвогуле еўрапейскай эканомікі, нас непакоіць не павінны. Аднак сусветны крызіс дабраўся і да нас — на тое ён і сусветны. Хто б мог падумаць, што эканоміка Кіпра наўпрост звязаная з беларускай?



Наўпрост, канешне, не. Кіпр, наколькі вядома, не з’яўляецца пакупніком прадукцыі беларускай прамысловасці. Такім пакупніком не з’яўляецца і ўвесь рынак еўразоны. Аднак ва ўрадзе мяркуюць інакш. Прычынай рэзка росту складскіх запасаў на прамысловых прадпрыемствах РБ з’яўляецца сусветны фінансавы крызіс, заявіў намеснік міністра прамысловасці Іван Дземідовіч.

За два месяцы бягучага года складскія запасы ў прамысловасці выраслі на 33,8% і на 1 сакавіка 2013 года складалі 75,2% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. «Гэтыя запасы носяць сезонны характар. У пэўнай ступені на гэта таксама ўплывае сусветны фінансавы крызіс», — заявіў Дземідовіч. Беларуская эканоміка, тым не менш, спрабуе вырвацца з кіпцюроў гэтай пачвары.

«Мы правялі шэраг сур’ёзных сустрэч, каб былі вырашаныя гэтыя пытанні. Ужо сёння пачынаецца сезонная пастаўка тэхнікі, у першую чаргу, гэта трактары, прычапная, навясная тэхніка», — сказаў намеснік міністра, не ўдакладніўшы, што ў Мінпраме маюць намер рабіць з сусветным фінансавым крызісам.

Пэўна, на крызіс мы будзем спісваць зараз усе нашы праблемы. Прыкладам, хто вінаваты ў тым, што ўсё даражэе? Зразумела, сусветны фінансавы крызіс. Напрыклад, улады Мінска хацелі б у 2013 годзе павысіць кошт праезду ў грамадскім транспарце да 2300 рублёў (у цяперашні час — 1700 рублёў за паездку). Павышэнне плануецца ў два этапы: да 2000 рублёў, а затым да 2300 рублёў. Прычым першае павышэнне транспартнікі Мінска абяцалі ўжо ў 1-м квартале, да канца якога застаецца менш за тыдзень, але рашэнне да гэтага часу не прынята.

«Аб тэрмінах пакуль не магу нічога сказаць, усё залежыць ад таго, калі ўзгодніць і ці ўзгодніць павышэнне Мінэканомікі. Запланавана два павышэнні ў гэтым годзе», — сказаў прадстаўнік дзяржпрадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Аляксей Касінскі.

Зразумела, гэта крызіс вінаваты. Таксама крызіс вінаваты ў тым, што, паводле дадзеных Белстата, у канцы 2012 года ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяла 813 600 грамадзян ці сем’яў. За год чарга, канешне, скарацілася на 35 600 чалавек. Але гэта здарылася шмат у чым дзякуючы змене крытэрыяў пастаноўкі на ўлік і пераправеркі чаргі.

Кожны пяты са спісу (165 тысяч чалавек) стаіць у чарзе больш за 10 гадоў. Вось табе і сацыяльная дзяржава.

Вінаваты ў нашых праблемах не толькі Кіпр. Вінаватая яшчэ і Расія. Ну хто б мог падумаць, што яна не дасць нам крэдыт у два мільярды долараў? Можа, і ёй перашкодзіў эканамічны крызіс? Бо яна найперш залежная ад эканомікі Кіпра — у тым афшоры завісла шмат расійскіх грошай. Але, насамрэч, не.

Па-першае, Расія рэструктурызуе выдадзены Кіпру ў 2011 годзе крэдыт на суму 2,5 мільярда долараў, гаворыцца ў распараджэнні прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, якое апублікавана на сайце Крамля. Умовы рэструктурызацыі прадугледжваюць пралангацыю расійскага крэдыту на пяць гадоў і зніжэнне яго стаўкі з 4,5% да 2,5% гадавых. Па-другое, у Дзярждуму Расіі на ратыфікацыю ўнесена пагадненне аб урэгуляванні запазычанасці Кіргізіі перад Расіяй у суме каля паўмільярда долараў. Пры гэтым запазычанасць ад 2005 года будзе спісана адначасова і цалкам, а на рэшту доўгу не будуць налічацца працэнты. Што тычыцца доўгу па дамове ад 2009 года, то ён павінен быць спісаны роўнымі часткамі на працягу 10 гадоў, пачынаючы з 16 сакавіка 2016 года.

Раней такія спісанні даўгоў былі толькі ў дачыненні да братэрскай Беларусі. Зараз прыярытэтам стала Кіргізія. То бок, грошы ў Расіі ёсць, а жадання нам дапамагчы няма. Вось табе і «братняя Расія»!

А для тых, хто не верыць, што нас падставіў сусветны крызіс, а кажа, нібыта мы самі ва ўсім вінаватыя, мы пачынаем распрацоўваць новыя метады ўздзеяння. Ці, дакладней, вяртаемся да старых. Пленум Вярхоўнага суда Беларусі ўпершыню абмеркаваў практыку разгляду судамі пытанняў, звязаных з прымяненнем прымусовых мер бяспекі і лячэння ў крымінальным судаводстве.

«Прымусовыя меры бяспекі і лячэння — гэта мера крымінальна-прававога ўздзеяння, якая не з’яўляецца крымінальным пакараннем. Гаворка ідзе аб сістэме псіхатэрапеўтычных, медыка-прафілактычных і медыка-рэабілітацыйных, а таксама медыцынскіх мер па нагляду за тымі, хто пакутуе на псіхічнае расстройства (захворванне) і пазбаўлены магчымасці ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў або кіраваць імі. Яшчэ адна ўмова для прымянення згаданых мер — чалавек па характары здзейсненага ім і сваім псіхічным стане ўяўляе небяспеку для грамадства», — тлумачыць Вярхоўны суд.

У залежнасці ад характару захворвання і ступені небяспекі здзейсненага, суд можа ўжыць прымусовае амбулаторнае назіранне і лячэнне ва ўрача-спецыяліста, а таксама прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным, узмоцненым або строгім наглядам. Адна з мэтаў такіх мер — папярэдзіць новыя грамадска небяспечныя дзеянні.

Канешне, упор у паведамленні робіцца на тых, хто пакутуе на хранічны алкагалізм, наркаманію, таксікаманію. Але вяртанне да інструмента, які ў часы СССР актыўна ўжываўся супраць «палітычных», насцярожвае. Насцярожвае і тое, што кожны па-свойму разумее, што такое «небяспека для грамадства». Калі я не бачу ў рэальнасці таго, што паказвае БТ, — гэта расстройства псіхікі альбо, наадварот, паказчык здароўя?

Што тычыцца алкаголікаў, з імі ўсё зразумела. А вось для тых, хто ўжывае «правільныя» напоі, ёсць кепская навіна. Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі прыпыніў дзеянне сертыфікатаў адпаведнасці на малдаўскія віна вытворчасці СП «Vinia Traian» АТ.

Падставай з’явілася адмова вытворцы аплачваць інспекцыйны кантроль БелДІМ. Іншымі словамі, прыпыненне дзеяння сертыфікату адбылося не па прычыне выяўлення віна дрэннай якасці або небяспечнага для здароўя, а з-за адмовы вытворцы плаціць за правядзенне экспертызы віна, якое пастаўляецца ў краіну. Па якой прычыне СП «Vinia Traian» АТ адмовілася плаціць, пакуль не ясна. Аднак прыпыненне дзеяння сертыфікату аўтаматычна цягне за сабой забарону на рэалізацыю прадукцыі вытворцы на тэрыторыі Беларусі.

Зноў крызіс вінаваты?

Каментаваць