Кшыштаф Занусі: паводзіны кіраўніцтва ГрДУ непрымальныя

Сусветнавядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі з’яўляецца ганаровым прафесарам Гродзенскага ўніверсітэту.



Ганаровы прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, сусветнавядомы польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі лічыць недапушчальным пераслед акадэмічнай супольнасці ў Гародні.

На просьбу Польскага радыё пракаментаваць звальненні дацэнта Андрэя Чарнякевіча, прафесара Вячаслава Шведа, а таксама выкладчыка Ігара Кузьмініча, Кшыштаф Занусі сказаў:

Сістэма ў Беларусі — гэта выключэнне, іншай такой краіны ў Еўропе няма. Гэтыя рашэнні недапушчальныя. Гэта ніяк не ўпісваецца ў еўрапейскія стандарты.

— А ці гатовыя Вы падключыцца да акцыі салідарнасці са звольненымі выкладчыкамі?

— Я не бачу сэнсу пісаць лісты і рабіць нейкія крокі. З уласнага досведу жыцця ў падобнай сістэме я ведаю, што такія жэсты значаць не шмат. Калі ўзнікне такая неабходнасць, то я абавязкова прадпрыму пэўныя крокі. Але сёння я не бачу ў іх сэнсу. На практыцы яны нічога не зменяць. Гэта справа беларусаў, яны павінны выказвацца на гэты конт. Бо кожны павінен сам змагацца за свабоду. Няхай спачатку яны адкажуць на пытанне: які выбар яны зрабілі як народ.

Нагадаем, нагодай для звальнення гісторыкаў Андрэя Чарнякевіча і Вячаслава Шведа стала іх праца над кнігаў на гісторыі Гродна “Гродназнаўства”. Мясцовыя ўлады палічылі кнігу крамольнай. Пазней старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра публічна прызнаўся, што асабіста аддаў загад звольніць з Гарадзенскага ўніверсітэта дацэнта Андрэя Чарнякевіча.

Дзмітры Гурневіч, radyjo.net

Каментаваць