Куды рухаецца Беларусь?

Толькі не на Захад. Хто лічыць так, заўважыў у размове з расійскімі журналістамі А. Лукашэнка, той «апошні ідыёт». Але ж і не на Усход, бо як інакш разумець тую плынь беспрэцэдэнтна моцных эпітэтаў і вызначэнняў, якія ён абрынаў потым на адрас расійскага кіраўніцтва.



Падобна на тое, што за гэтай супярэчнасцю, як і за шэрагам іншых, якіх багата можна знайсці ў трохгадзінных адказах кіраўніка беларускай дзяржавы на выключна лаяльныя пытанні расійскіх сімпатызантаў, хаваецца той факт, што ён сам ужо не валодае адказам на гэта пытанне. Страціў свае ўласныя, яшчэ ўчора непахісна-цвёрдыя арыенціры. І ўжо не цалкам фарміруе сітуацыю, а вымушана рэагуе на ўсё новыя выклікі.

Палітыка лавіравання паміж Усходам і Захадам, як дакладна разлічаная палітыка — з кім, як, што, каму, і дзеля чаго, — вычарпала сябе. Дыялог з відавочнасцю буксуе. Бо новых крокаў насустрач з боку афіцыйнага Мінска няма. Захад чакае і трымае паўзу перад прыняццем далейшых рашэнняў, у прыватнасці па санкцыях. Палітычны вецер з Расіі дыхае холадам. Эканамічны яшчэ большым: новага крэдыту і зніжэння кошту на газ не абяцаецца. Здаецца, што сваю ранейшую палітычную вагу для Расіі страчваюць і аргументы наконт прызнання Беларуссю Абхазіі і Асеціі. Слабаватым ходам на знак прыхільнасці саюзнаму братэрству аказаліся і сумесныя вайсковыя вучэнні.

Разам з тым узмацняецца ціск унутраных выклікаў. Як сведчаць апошнія вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у верасні бягучага года, 88 працэнтаў апытаных заўважылі рост цэн. З іх 12,5 працэнта «адчувае сапраўдны шок ад росту цэн» і яшчэ на 30 працэнтаў ён «адбіваецца сур’ёзна і выклікае трывогу». На астатніх ён «ужо адбіваецца і выклікае занепакоенасць».

На практыцы, як сказаў мой пляменнік, што працуе на заводзе, гэта азначае занятасць на 50 працэнтаў і, адпаведна, палавінную ад былой зарплату. Гэта яшчэ не сацыяльны дынаміт, але ўжо кампанент для яго. Людзі яшчэ мараць пра вяртанне да былога ўзроўню. Але не вераць ужо ў міф пра славутую стабільнасць. Гэты краевугольны камень з-пад сацыяльна-эканамічнай мадэлі А. Лукашэнкі выбіты. Прычым адказнасць за пагаршэнне эканамічнай сітуацыі людзі ўскладаюць на прадстаўнікоў улады — на прэзідэнта амаль 48 працэнтаў, на ўладу ўвогуле — 40.

Суадносяцца з гэтымі лічбамі і спадзяванні людзей на асобу, з якой яны звязваюць магчымасці паляпшэння сітуацыі. 50,2 працэнта на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах гатовыя даць шанец іншаму чалавеку, 37 працэнтаў выказаліся б за пераабранне цяперашняга лідэра, 25 — аддалі перавагу кандыдату ад дэмакратычнай апазіцыі.

Заўважна ўзрасла і геапалітычная свядомасць беларусаў. За ўступленне ў Еўрасаюз выказалася 44 працэнты, супраць — 32.

Адбудаваная ў Беларусі сацыяльна-эканамічная мадэль аўтарытарнага тыпу яшчэ захоўвае дастатковую ўстойлівасць. Аднак ужо адчувальна нахілілася, яе пранізваюць токі напружання. Падступае момант сур’ёзнага выбару далейшага палітычнага курсу краіны. Дакладней, кардынальнай змены гэтага курсу як на заходнім, так і ўсходнім накірунках. І бачыцца, што на афіцыйным палітычным полі з’явіліся новыя пункты калі не прыняцця рашэнняў, дык хаця б уздзеяння на іх змест. Гэтыя пункты пакуль далёка не самастойныя, не аформленыя, не арганізаваныя. Хутчэй за ўсё, нават не абгавораныя ў кулуарах, яшчэ цалкам залежныя ад галоўнага на вертыкальным Алімпе. Але ж з  рэальнымі магчымасцямі ўплыву на сітуацыю знутры. Як на сваіх паверхах уладнай піраміды, так і па складаных, звілістых лініях міжпавярховай сувязі.

Не думаю, што міністр культуры Павел Латушка ставіў перад сабой палітычныя мэты, тым больш хацеў заявіць пра свае палітычныя амбіцыі, калі выклаў на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка сваю праграму, як трапна адзначылі СМІ, беларусізацыі міністэрства. Калі распавёў наконт планаў пашырэння культурных стасункаў Беларусі з краінамі Еўрасаюза з дапамогай інструментаў і пляцовак праграмы «Усходняе партнёрства». Ён вырашае лакальныя рабочыя задачы працы міністэрства. Але ў такім выразна беларускім фармаце гэтыя планы натуральна набываюць палітычнае гучанне.

Хацелася таго ці не іх аўтарам, новая канцэпцыя дзейнасці міністэрства культуры ёсць прызнанне краху яшчэ адной краевугольнай ідэі існуючай палітычнай сістэмы — безнацыянальнай культуры, безнацыянальнага патрыятызму, безнацыянальнай дзяржаўнасці ці то савецкага, ці то не зразумела якога прарасійскага тыпу. І адначасова ёсць сведчанне спробы выхаду на адбудову і развіццё сваёй нацыянальнай самабытнасці, якая і ёсць пропуск у сучасны цывілізаваны свет, у міжнародную супольнасць.

А. Лукашэнка адчувае гэтыя працэсы да перамен і імкнецца калі не спыніць іх развіццё, то хаця б падпарадкаваць сваёй волі і скіраваць у пажаданым яму накірунку. І не ведае, у якім. Крызісу няма, і крызіс ёсць, і мы ведаем, як з яго выйсці. Мы не просім у Расіі дапамогі, але чаму яна не дае крэдытаў? Захад не можа нам замяніць Расію, даць столькі, колькі давала яна, але «Усходняе партнёрства» ўхваляем. З усёй шчырай упэўненасцю: дзяржава павінна кіраваць эканомікай. І са скрухай: мы даем бізнесу ўсё больш свабоды. Дарэчы, далі ўжо столькі, што, як адзначыў адзін бізнес-аналітык з практычных структур, павярнуць назад немагчыма. Гэты працэс ужо выйшаў з-пад татальнага кантролю адміністрацыі прэзідэнта.

Калі злучыць у агульную карціну мазаіку трохгадзінных адказаў А. Лукашэнкі на пытанні расійскіх журналістаў, яго жэстаў, мімікі, паўз, то складаецца ўражанне, што ў гэтай сустрэчы ён шукаў псіхалагічнай энергетычнай падтрымкі ад прыязнай яму аўдыторыі і адначасова імкнуўся ўпэўніць і аўдыторыю, і кіроўную эліту, і насельніцтва ў сваёй непахіснасці.

Агульная сітуацыя ў краіне — памежная. Новы адкат да поўнага аўтарытарызму яшчэ магчымы. Але з той жа верагоднасцю магчымы і прарыў да дэмакратыі.

Каментаваць