Кукурузная эпапея ў вёсцы Аксаміты

Гісторыя пра тое, як жыхары вёскі Аксаміты змагаліся з калгаснай кукурузай, магла б увасобіцца ў шматсерыйную кінастужку.

Мы ўжо пісалі пра тое, як каля падвор’я пенсіянеркі Антаніны Лазоўскай калгасны трактар пры заворванні пустуючага поля паламаў частку агароджы, пасадзіў кукурузу сярод трускалак другой пенсіянеркі, пераараў адзіную дарогу, якая вяла ад дому 80-гадовай пенсіянеркі Ларысы Спіцынай. А скончылася тая гісторыя вельмі цікава. Яна заслугоўвае таго, каб стаць тэмай для камедыі з 5 частак.

1-я серыя: «Кукуруза. Пачатак»

У чэрвені каля невялічкай вёскі Аксаміты мітусяцца трактары і розныя спецыялісты — узворваюць былую пашу і нізіну, дзе застойваецца вада. Пры гэтым трактары ўзворваюць адзіную дарогу, якая злучае дом на ўскрайку з вёскай, аруць зямлю побач з градкамі трускалак і цыбулі. Дарэмна жыхары вёскі спрабуюць давесці да кіраўніцтва «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» марнасць намаганняў трактарыстаў і спецыялістаў засеяць участак зямлі, з якой ніколі не ўдавалася сабраць ураджай з-за яе забалочанасці. У размове з карэспандэнтам НЧ старшыня прадпрыемства марыць пра будучы высокі ўраджай, каларыйную ежу для кароў і высокія ўдоі.

Чакаем рэкорднага ўраджаю!


2-я серыя: «Вяртанне да цывілізацыі»

Пасля нервовых перамоў і перапіскі кіраўніцтва прадпрыемства дае распараджэнне вярнуць цётцы Ларысе (Спіцынай) дарогу ў вёску, прывезці цётцы Тоні (Лазоўскай) новыя слупы для плоту замест паваленых падчас ворыва. А яшчэ запэўнівае, што не рассыпае пестыцыды ў 50 метрах ад іх платоў і што робіць усё толькі згодна з санітарнымі нормамі і правіламі суседства сельскагаспадарчых зямель з населенымі пунктамі.

За дарогу і слупы — дзякуй! А вось наконт пестыцыдаў не верым.


3-я серыя: «Ура! Кукуруза ўзышла і зазелянела»

Адной ліпеньскай ноччу калгасныя каровы ўцякаюць ад заснуўшага пастуха, драсуюць і з’ядаюць цэлую паласу найлепшых пасеваў каля самай вёскі. Бабулькі шэпчуцца, што гэтых кароў паслаў Бог як нябесную кару за несправядлівасць у адносінах да вяскоўцаў і кукурузны «канцлагер». Але, баючыся, што калгаснае кіраўніцтва палічыць іх вінаватымі ў скошванні часткі кукурузы, дакладваюць старшыні прадпрыемства наконт сапраўдных віноўнікаў здарэння.

Часткі кукурузы ўжо няма, але каровы задаволеныя.


4-я серыя: «Кукуруза і вяскоўцы чакаюць уборкі»

Жнівень — верасень. Кукуруза ўсё ж вырасла. Вяскоўцы змірыліся з высокім кукурузным плотам, абмяркоўваюць магчымы высокі ўраджай і добры высакаякасны сенаж. Паколькі стаяць ясныя і цёплыя дні, штодня чакаюць тэхніку, якая прыбярэ кукурузу ў нізіннай мясцовасці. Тэхніка не прыязджае, а выконваючага абавязкі дырэктара «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» Аляксандра Дарошчанку чамусьці звальняюць з працы.

Той-сёй цягае кукурузу дахаты. Кароваў пільнуюць, і больш кукурузу ім не даюць есці. Ура­джай нікому больш не патрэбны.

5-я серыя: «Смерць кукурузы»

Кастрычнік — лістапад. Кукуруза зніякавела, парыжэла і счарнела. У пачатку лістапада жыхары вёскі пачулі гул тэхнікі, якая зрабіла некалькі кругоў і ледзьве выехала з поля. 17 лістапада жыхары Аксамітаў пацікавіліся шматпакутным лёсам кукурузы каля вёскі.

Новы дырэктар «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» Іван Фёдаравіч Кавальчук у вуснай размове запрасіў старых людзей дапамагчы сабраць ураджай. Аграном прадпрыемства Дар’я Рудзеня бадзёра гаворыць карэспандэнту НЧ, што ўсё ідзе згодна з планам, кукурузу яшчэ скосяць і пусцяць на сенаж для кароў.

Жыхары даводзяць дырэктару, што яны ўжо старыя, не могуць збіраць пачаткі, і про­сяць пасля заворвання залужыць былую пашу ў нізіне, каб вярнуць вёсцы прыгажосць.

Былая заслужаная даярка пенсіянерка Людміла Дарашэвіч шкадуе кароў, якім наканавана есці чорную падгніўшую кукурузу. А маглі б зялёненькай паесці, каб не пільны пастух.

Канец фільма.


Цітры:

Кіраўніцтва філіяла «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» ўсё ж такі ўкапала цётцы Тоні новыя слупы. Утрамбавала частку зааранага поля пад дарогу. І нават сыпанула ў нізінку пяску. Выконваючы абавязкі дырэктара Аляксандр Дарошчанка таксама звярнуўся да ДК «Капыльскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» з запытам наконт магчымай санітарна-ахоўнай зоны паміж населенымі пунктамі і сельгасземлямі, на якіх распыляюцца хімікаты.

Чытайце таксама:

Абкружаныя кукурузай






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць